Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Заява Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля ад імя ЕС з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы

03/05/2021 - 18:33
News stories

У часы, калі незалежная і свабодная праца сродкаў масавай інфармацыі важней, чым калі-небудзь, свабода прэсы працягвае знаходзіцца пад пагрозай. Журналісты працягваюць мець справу з цяжкімі ўмовамі працы разам з ростам фінансавага і палітычнага ціску, сачэннем, адвольным пакараннем ці гвалтам за выкананне сваёй працы. Паводле дадзеных Абсерваторыі ЮНЕСКА, з 2020 года па ўсім свеце было забіта 76 журналістаў, многія іншыя цярпелі затрыманні, запалохванне і пагрозы. Асаблівы непакой выклікае гендарна матываваны гвалт, накіраваны супраць жанчын-журналістаў.

Свабода прэсы з'яўляецца асноватворнай каштоўнасцю для Еўрапейскага саюза, падмацаванай многімі нядаўнімі ініцыятывамі. Свабода СМІ і бяспека журналістаў –  ключавыя прыярытэты новага Плана дзеянняў па правах чалавека і дэмакратыі і Еўрапейскага плана дзеянняў па дэмакратыі. У 2020 годзе больш за 400 журналістаў скарысталіся падтрымкай Механізму ЕС па абароне праваабаронцаў, а ЕС зрабіў важныя крокі ў многіх рэгіёнах для падтрымкі журналістаў, незалежных СМІ, а таксама для барацьбы з дэзынфармацыяй у кантэксце пандэміі.

На працягу апошняга года ЕС неаднаразова асуджаў запалохванне і пераслед, з якімі незалежныя журналісты сутыкаюцца ў краінах па ўсім свеце. ЕС, у прыватнасці пры пасярэдніцтве свайго спецыяльнага прадстаўніка па правах чалавека, працягнуў узаемадзейнічаць з незалежнымі журналістамі, якія падвяргаліся пераследу, а таксама выступаць у абарону затрыманых журналістаў і блогераў.

Прадстаўніцтвы ЕС – гэта голас Еўрапейскага саюза на месцах. Яны старанна сачылі за судовымі разбіральніцтвамі супраць журналістаў, выступалі супраць рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў і супрацоўнікаў СМІ і пры неабходнасці выказвалі занепакоенасць нацыянальным органам улады адносна прапанаванага заканадаўства па пытаннях камунікацыі, СМІ, інфармацыі і вяшчання.

ЕС поўны рашучасці рабіць больш і ў Еўропе, і за яе межамі. Еўрапейскі саюз працягне каардынаваць намаганні з міжнароднымі арганізацыямі і ініцыятывамі і ўкараняць новыя падыходы. Адным з прыкладаў з'яўляецца прапанова Еўрапейскай камісіі адносна Акта аб лічбавых паслугах, які мае на мэце забеспячэнне падсправаздачнасці асноўных платформ, каб іх сістэмы былі больш сумленнымі, бяспечнымі і празрыстымі. Мы таксама і ў далейшым будзем прымаць меры для супрацьдзеяння дэзынфармацыі і пошуку разам з усімі партнёрамі эфектыўных сродкаў, каб падтрымаць устойлівыя бізнес-мадэлі для незалежных СМІ.

Неабходна ўсюды заахвочваць і абараняць свабоду інфармацыі і свабоду слова. У гэтым зацікаўлены ўсе. ЕС працягне выступаць супраць цэнзуры і якіх-небудзь абмежаванняў свабоды выказвання як у сетцы інтэрнэт, так і па-за яе межамі, якія парушаюць міжнароднае заканадаўства па правах чалавека. Свабода прэсы – гэта кутні камень дэмакратычнага грамадства, якое можа квітнець толькі пры ўмове, што яго грамадзяне маюць доступ да надзейнай інфармацыі і могуць рабіць усвядомлены выбар. Свабода прэсы азначае бяспеку для ўсіх.

Рэдакцыйныя раздзелы: