Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання: сумесная дэкларацыя Высокага прадстаўніка Еўрапейскага саюза і Генеральнага сакратара Савета Еўропы

09.10.2020

Сёння, у Сусветны і Еўрапейскі дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, Еўрапейскі саюз і Савет Еўропы зноў заяўляюць пра сваю нязгоду з ужываннем смяротнага пакарання пры любых абставінах і заклікаюць да ўсеагульнай адмены смяротнага пакарання.

Мы вітаем працяг зніжэння колькасці выпадкаў прымянення смяротнага пакарання, што пацвярджае наяўнасць агульнай тэндэнцыі да яго паўсюднай адмены. У 2019 г. другi год запар смяротныя прысуды прыводзіліся ў выкананне толькі ў 20 краінах свету. Гэта мінімальная колькасць за ўсю гісторыю, але ўсё роўна яна на 20 краін перавышае патрэбную. Таму мы карыстаемся выпадкам, каб заклікаць усіх членаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый падтрымаць Рэзалюцыю аб мараторыі на прымяненне смяротнай кары на 75-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у снежні 2020 года.

Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання прысвяціла гэты год адстойванню права на эфектыўнае юрыдычнае прадстаўніцтва. Парушэнні гэтага фундаментальнага права непрапарцыйна часта адбываюцца ў адносінах да найбольш уразлівых членаў грамадства, якія не могуць дазволіць сабе вопытных юрыстаў ці якія могуць быць не знаёмыя з прававой сістэмай. Надзвычай важна, каб сістэмы правасуддзя прадастаўлялі рэсурсы для падрыхтоўкі эфектыўнай абароны, у тым ліку, пры неабходнасці, паслугі дакладнага пісьмовага і вуснага перакладу.

Вінаватыя ў злачынствах павінны быць прыцягнуты да адказнасці і пакараныя. Аднак досвед краін, якія адмянілі смяротнае пакаранне, паказаў, што яно не стрымлівае гвалтоўных злачынстваў і не спрыяе пабудове больш бяспечнага грамадства. Наадварот, забойства як форма пакарання замацоўвае цыкл бессэнсоўнага гвалту.

Мы заклікаем тыя дзяржавы-члены Савета Еўропы, якія яшчэ не далучыліся да адпаведных пратаколаў да Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і да Другога факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраваных на адмену смяротнага пакарання, зрабіць гэта без прамаруджвання. Савет Еўропы і ЕС яшчэ раз заклікаюць Беларусь  адзіную еўрапейскую краіну, у якой да гэтага часу ажыццяўляюцца пакаранні смерцю, адмяніць смяротнае пакаранне і далучыцца да пераважнай большасці краін, якія раз і назаўжды адмовіліся ад гэтай жорсткай і бесчалавечнай практыкі. Мы таксама заклікаем тыя дзяржавы-назіральнікі ў Савеце Еўропы, якія яшчэ не адмянілі смяротнае пакаранне, садзейнічаць адкрытаму абмеркаванню перашкод, якія стаяць на іх шляху да адмены смяротнага пакарання.

Мы з нецярпеннем чакаем прыняцця Камітэтам міністраў Савета Еўропы Рэкамендацыі адносна гандлю таварамі, што выкарыстоўваюцца для катаванняў і/альбо іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасці відаў абыходжання і пакарання, уключаючы смяротнае пакаранне. Мы таксама заклікаем усе краіны далучыцца да Глабальнага альянса за гандаль без катаванняў, які з'яўляецца выдатным прыкладам глабальнага супрацоўніцтва супраць катаванняў і смяротнага пакарання, і актывізаваць намаганні па ўсталяванні агульных міжнародных стандартаў гандлю без катаванняў.


Глядзіце таксама