Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Беларусь: Заява Высокага прадстаўніка/Намесніка старшыні Еўрапейскай камісіі Жазэпа Барэля ў сувязі з нерэгістрацыяй кандыдатаў у прэзідэнты

Брусэль, 14/07/2020 - 16:28, UNIQUE ID: 200714_25
Statements by the HR/VP

14 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясціла пра тое, што Сяргей Чэрачэнь, Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандр Лукашэнка і Святлана Ціханоўская зарэгістраваны для ўдзелу ў выбарах прэзідэнта Беларусі, што адбудуцца 9 жніўня. Аднак Віктару Бабарыку было адмоўлена ў рэгістрацыі на той падставе, што ў яго дэкларацыі аб даходах і маёмасці нібыта былі выяўлены неадпаведнасці, а Валерыю Цапкалу было адмоўлена ў рэгістрацыі з-за нібыта недастатковай колькасці сапраўдных подпісаў і непрадастаўленне інфармацыі пра валоданне акцыямі «Прыёрбанка» ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці яго жонкі. Як паведамляецца, абодва кандыдаты сабралі больш за 100 000 подпісаў у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

Адсутнасць празрыстасці ў працэсе праверкі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты, як ужо адзначалася Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) у 2010 і 2015 гадах, падрывае давер да працэсу рэгістрацыі. Больш за тое, прававыя палажэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў ствараюць непрапарцыйныя і неабгрунтаваныя бар'еры для вылучэння кандыдатаў, што супярэчыць абавязацельствам Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ ды іншым міжнародным стандартам.

Еўрапейскі саюз шкадуе пра тое, што рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ аб увядзенні істотных працэдурных і прававых гарантый, якія павышалі б інклюзіўнасць, сумленнасць і празрыстасць на ўсіх этапах выбарчага працэсу, у прыватнасці, аб увядзенні дакладных і разумных крытэрыяў і механізмаў для рэгістрацыі кандыдатаў і праверкі подпісаў, ня былі рэалізаваны. ЕС чакае ад Беларусі неадкладнага накіравання афіцыйнага запрашэння БДІПЧ АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі.

Адсяванне кандыдатаў, якое ўяўляецца адвольным, абмяжоўвае магчымасць беларускага народа выказваць сваю волю і ўжо падрывае агульную сумленнасць і дэмакратычнасьць выбараў. Адмовіўшы ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, беларускія ўлады не змаглі забяспечыць значнае і канкурэнтнае палітычнае спаборніцтва.

ЕС чакае ад Беларусі павагі да правоў грамадзян Беларусі на свабоду выказвання і мірных сходаў на працягу тыдняў, якія будуць папярэднічаць выбарам.

ЕС па-ранейшаму прыхільны ўмацаванню ўзаемадзеяння з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. Мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, але правы чалавека і дэмакратыя застануцца на першым плане сярод крытэраў, якія прымаюцца пад ўвагу Еўрапейскім саюзам пры фармаванні палітыкі ў дачыненні да краіны.

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы: