Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Супрацоўніцтва ЕС-Беларусь: Магілёўская вобласць

04/02/2020 - 10:19
Навіны

29 студзеня ў Магілёве адбылася інфармацыйная сустрэча «Супрацоўніцтва ЕС-Беларусь: Магілёўская вобласць». Галоўныя тэмы – рэгіянальнае развіццё, ахова навакольнага асяроддзя, прасоўванне малога бізнесу і турызму, здароўе і сацыяльная інтэграцыя, новыя магчымасці для моладзі. Удзельнікі – прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, грамадзянскай супольнасці, органаў мясцовага кіравання, дзяржустаноў, журналісты, усяго больш за 130 чалавек.

Kharitonchik and Schuebel in Mahiliou

Адкрываючы сустрэчу, Дзмітрый Харытончык, Старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, выказаў надзею, што падзея надасць імпульс для развіцця новых кантактаў і ідэй: «За апошнія некалькі гадоў у Магілёўскай вобласці ўдалося рэалізаваць – або ў дадзены момант знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі – праекты на суму больш за 2 млн еўра. Вобласць працягвае актыўна развіваць міжнароднае супрацоўніцтва, як эканамічнае, так і ў сацыяльным плане».

У прывітальным слове Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Дзірк Шубель адзначыў: «Мы прыехалі ў Магілёў вялікай камандай, сярод нас – пасол Рэспублікі Польшча Артур Міхальскі, пасол Румыніі Віарэл Машану, пасол Эстонскай Рэспублікі Мерыке Какаеў, супрацоўнікі Прадстаўніцтва, – і, вядома, мы нацэлены на актыўную сур’ёзную працу. Зроблена ўжо нямала, і сёння вельмі важна абмеркаваць, як мы можам пашырыць наша супрацоўніцтва».

На сустрэчы прагучала восем прэзентацый, якія дапамаглі аўдыторыі зразумець маштаб удзелу Магілёўскай вобласці ў рэалізацыі праектаў, якія фінансуюцца Еўрапейскім саюзам, па самых розных напрамках. Быў зроблены агляд вынікаў ініцыятывы «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі» ў рэгіёне і Беларусі ў цэлым. Удзельнікамі гэтай еўрапейскай ініцыятывы ў вобласці ўжо сталі Магілёў, Бабруйск, Быхаў, Краснаполле, Клічаў, Мсціслаў, Асіповічы, Слаўгарад і Чавусы. Гэтыя населеныя пункты прынялі абавязацельствы па правядзенні на мясцовым узроўні мерапрыемстваў па зніжэнні выкідаў СО2 на 30% да 2030 года.

На сустрэчы былі прадстаўлены магчымасці кансультацый для малога бізнесу, працаўладкавання ў сельскай мясцовасці Магілёўскай вобласці, удзелу грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі экалагічнай палітыкі. Таксама была прадстаўлена ініцыятыва «Мэры за эканамічны рост», некаторыя вынікі праекта БЕЛМЕД, з падрабязным аглядам праектнай дзейнасці за апошнія некалькі гадоў выступіў намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Андрэй Верхаводкін.

Магілёў стаў чацвёртым горадам, у якім прайшла рэгіянальная інфармацыйная сустрэча па ініцыятыве Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. У 2019 годзе вынікі супрацоўніцтва ЕС – Беларусь былі падведзены ў Брэсце, Гродне і Віцебску. Наступная інфармацыйная сустрэча «Супрацоўніцтва ЕС-Беларусь» плануецца ў Гомелі.

Рэдакцыйныя раздзелы: