Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Інфармацыйная сустрэча «Супрацоўніцтва ЕС–Беларусь: Віцебская вобласць» адбылася ў Віцебску

29/11/2019 - 14:20
News stories

Вынікі апошніх гадоў і новыя магчымасці развіцця абмеркаваны на інфармацыйнай сустрэчы «Супрацоўніцтва ЕС-Беларусь: Віцебская вобласць», якая прайшла 27 кастрычніка ў Віцебскім аблвыканкаме.

Адкрываючы сустрэчу, Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель адзначыў:

«Сёння мы з калегамі з Прадстаўніцтва прадставім розныя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю. Спадзяемся, наша сустрэча закладзе фундамент для новых партнёрскіх адносін. Мы разлічваем на адкрыты абмен меркаваннямі з прадстаўнікамі ўладаў, бізнесу і арганізацый грамадзянскай супольнасці Віцебскай вобласці пра будучыя адносіны і супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы таксама звярнуўся Алег Мацкевіч, першы намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

З агляднай прэзентацыяй выступіў кіраўнік праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Берэнд дэ Гроот, а таксама кіраўнікі ключавых кірункаў праектнай дзейнасці Прадстаўніцтва.

Удзельнікамі сустрэчы былі прадстаўлены праекты, рэалізаваныя пры ўдзеле Полацкага райвыканкама, праект «Наваполацк – ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада», ініцыятыва «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі», Праграма падтрымкі сярэдняга і малога бізнесу Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, праект «БЕЛМЕД» і іншыя.

Віцебск стаў трэцім горадам, у якім на працягу года прайшлі рэгіянальныя інфармацыйныя сустрэчы па ініцыятыве Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза. У сакавіку падобнае мерапрыемства адбылося ў Брэсце, у кастрычніку вынікі супрацоўніцтва ЕС-Беларусь былі падведзеныя ў Гродне. Удзельнікамі мерапрыемства ў Віцебску сталі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, дзяржаўных арганізацый, грамадзянскай супольнасці з 14 раёнаў Віцебскай вобласці.

Рэдакцыйныя раздзелы: