Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

У Мінску завяршыўся фінансаваны ЕС твінінг-праект з Нацыянальным банкам Беларусі

11/07/2019 - 16:29
News stories

Заключная канферэнцыя фінансаванага ЕС твінінг-праекта «Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь» адбылася 10 ліпеня ў Мінску.

Праект з агульным бюджэтам у 1,15 млн еўра ажыццяўляўся кансорцыумам цэнтральных банкаў Германіі, Польшчы і Літвы са студзеня 2018 года па чэрвень 2019 года. Акрамя таго, прадстаўнікі цэнтральных банкаў Аўстрыі, Румыніі, Славакіі, Фінляндыі, Эстоніі і Францыі падзяліліся сваім вопытам з беларускімі калегамі.

Выступаючы на ​​канферэнцыі, Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын выказала задавальненне праектам – першым такога кшталту ў Беларусі. «Эксперты з краін-членаў ЕС больш за год разам з беларускімі калегамі працавалі над удасканаленнем сваіх прафесійных навыкаў, укараненнем лепшых практык краін ЕС і адаптацыяй іх да мясцовых умоў і патрэб», – сказала яна. «Я спадзяюся, што ў хуткім часе беларускі народ убачыць станоўчыя вынікі праекта ў сваім штодзённым жыцці: зніжэнне інфляцыі, умацаванне стабільнасці беларускага рубля, узмацненне банкаўскага нагляду, павелічэнне надзейнасці плацёжнай сістэмы і г.д.»

Пасол Андрэа Віктарын адзначыла, што іншыя беларускія дзяржаўныя органы праявілі цікавасць да рэалізацыі твінінг-праектаў, а менавіта: Нацыянальнае кадастравае агенцтва, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўны памежны камітэт, Дзяржаўны мытны камітэт і Нацыянальны статыстычны камітэт.

Намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц, які кіраваў праектам з беларускага боку, падкрэсліў яго карысць для забеспячэння фінансавай стабільнасці, банкаўскага нагляду, абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, развіцця плацёжных сістэм і інфармацыйных тэхналогій, кіравання фінансавымі рызыкамі і камунікацыйнай палітыкі.

У рамках праекта быў распрацаваны законапраект, які рэгулюе плацёжныя сістэмы і паслугі з улікам еўрапейскай практыкі.