Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Справаздачы ЕС па правах чалавека і дэмакратыі ў свеце: справаздача па Беларусi за 2018 год

22/05/2019 - 15:01
News stories

Беларусь

1. Агляд сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй. У 2018 годзе сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася. Большасць абмежавальных законаў, якія ўплываюць на забеспячэнне фундаментальных свабод, не было зменена. Дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый была дэкрыміналізавана, але замест гэтага ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях было ўведзена пакаранне за такую ​​дзейнасць у выглядзе штрафаў. Працэс рэгістрацыі заставаўся надзвычай складаным. Свабода асацыяцыі таксама заставалася моцна абмежаванай з-за недастатковай даступнасці фінансаў у сувязі з патрабаваннем рэгістрацыі замежнага фінансавання. Незалежны інстытут па правах чалавека не быў створаны. Для рэалізацыі Нацыянальнага плана дзеянняў у галіне правоў чалавека, прынятага ў 2016 годзе, не было зроблена ніякіх сур'ёзных крокаў: улады засяродзіліся на канкрэтных галінах практычнай рэалізацыі, не прыкладаючы намаганняў для вырашэння асноўных праблем. Смяротнае пакаранне ўсё яшчэ прымянялася ў 2018 годе, былі вынесены два новыя прысуды і прыведзены ў выкананне чатыры. Адначасова беларускія ўлады прынялі ўдзел у публічных дыскусіях пра смяротнае пакаранне. Прадстаўніцтва ЕС падтрымала мерапрыемства, арганізаванае кампаніяй «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» ў кастрычніку 2018 года. Мясцовыя выбары ў лютым 2018 года не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў надзейнасці, інклюзіўнасці і празрыстасці. Праца экспертнай групы, створанай па даручэнні Прэзідэнта для вывучэння рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, была прыпынена, і ў 2018 годзе не было зроблена ніякіх крокаў па ўнясенні паправак у Выбарчы кодэкс. Галоўнай праблемай па-ранейшаму з'яўляецца значная колькасць затрыманняў і штрафаў у дачыненні да актывістаў апазіцыі, праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных актывістаў[1]. Некалькі гучных спраў, такіх як так званая справа БелТА супраць журналістаў некалькіх незалежных СМІ і абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП, выклікалі негатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасці[2].

2. Дзеянні ЕС – ключавыя напрамкі: ЕС працягваў ажыццяўляць палітыку крытычнага ўзаемадзеяння[3] з Беларуссю, што выявілася ў паступовых кроках у напрамку да больш глыбокага супрацоўніцтва з краінай. ЕС і Беларусь падышлі бліжэй да завяршэння працы над сумеснымі Прыярытэтамі партнёрства, якія будуць вызначаць супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю, у тым ліку ў галіне правоў чалавека.

У 2018 годзе Еўрапейскі парламент апублікаваў дзве рэзалюцыі па Беларусі (у красавіку і кастрычніку). Асноўная ўвага была ўдзелена пагаршэнню становішча з асноўнымі свабодамі, асабліва свабодай СМІ ў Беларусі. 7-8 лістапада 2018 года Кангрэс ЕНП у Хельсінкі прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой асноўны акцэнт быў зроблены на пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека.

3. Двухбаковае палітычнае ўзаемадзеянне ЕС. У 2018 годзе беларускія ўлады сталі больш актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні пытанняў правоў чалавека ў рэгулярных фарматах, такіх як Дыялог па правах чалавека (апошняе пасяджэнне адбылося ў Мінску 17 ліпеня 2018 года) і Каардынацыйная група (апошняе пасяджэнне адбылося ў Бруселі 12-13 снежня 2018 года).

Акрамя таго, дзяржавы-члены ЕС актыўна прасоўвалі парадак дня ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека з дапамогай шматлікіх праектаў. Напрыклад, Нідэрланды ўнеслі свой уклад праз Фонд па рэгіянальным партнёрстве (МАТРА) у сферах, звязаных з пашырэннем удзелу грамадзян, змяненнем стаўлення грамадства да правоў чалавека, актывізацыяй грамадзянскай актыўнасці і нарошчваннем патэнцыялу няўрадавых арганізацый для ўплыву на працэсы пераўтварэнняў.

Пры ўдзеле Шведскага інстытута імя Рауля Валенберга быў ажыццёўлены праект па інтэграванні парадку дня правоў чалавека ў дзейнасць вышэйшых навучальных устаноў, а ў рамках праекта «Кожны мае права ведаць свае правы» пры падтрымцы Літвы была праведзена серыя лекцый і выстаў у розных гарадах Беларусі.

Дзяржавы-члены ЕС арганізавалі шэраг навучальных паездак, у тым ліку навучальную паездку ў Нідэрланды па прававой медыяцыі для беларускіх юрыстаў, а таксама навучальныя паездкі і семінары ў Германіі па пытаннях арганізацыі пенітэнцыярнай сістэмы і абароны правоў зняволеных, пытаннях заканатворчасці (з парламентарыямі), аказання натарыяльных паслуг і абароны дадзеных, ролі адвакатаў, перагляду грамадзянскіх спраў і абароны інтэлектуальнай уласнасці.

Паведамлялася аб некалькіх выпадках дыскрымінацыі па прыкмеце сексуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, у тым ліку запалохвання, гамафобных выказванняў, распальвання нянавісці і гвалту ў дачыненні да ЛГБТ-асоб. Са станоўчага боку трэба адзначыць, што ў сакавіку 2018 года была зарэгістравана няўрадавая арганізацыя ЛГБТІК пад назвай «Outloud/Makeout».

4. Фінансавы ўдзел ЕС: ЕС падвоіў сваю фінансавую дапамогу Беларусі. У агульнай складанасці больш за 120 мільёнаў еўра было выдзелена Беларусі ў перыяд з 2014 па 2018 год (53-77 мільёнаў еўра папярэдне запланавана выдзеліць у 2019-2020 гадах па лініі Еўрапейскага інструмента суседства). Фінансавае супрацоўніцтва заснавана на чатырох прыярытэтах Усходняга партнёрства. Беларусь задзейнічана ў шматбаковым трэку Усходняга партнёрства і ўдзельнічае ў праектах, разлічаных на некалькі краін. У цяперашні час Беларусь мае права на крэдытаванне ЕІБ і больш актыўна ўзаемадзейнічае з ЕБРР.

Беларусь таксама атрымлівае падтрымку па лініі Еўрапейскага інструмента садзейнічання дэмакратыі і правам чалавека (3 мільёны еўра на 2018-2020 гады) і Падтрымкі грамадзянскай супольнасці (5 мільёнаў еўра на 2018-2020 гады).

Акрамя таго, ЕС фінансуе праект, накіраваны на забеспячэнне свабоды асацыяцыі і сходаў і правядзенне семінараў па адмене смяротнага пакарання ў Беларусі. Гэты праект рэалізуецца ў 2018-2020 гадах і прадугледжвае арганізацыю інфармацыйных кампаній і іншых звязаных з гэтым мерапрыемстваў. Акрамя таго, 11 верасня 2018 года Прадстаўніцтва ЕС і размешчаныя ў Мінску дыпламатычныя місіі 17 краін-членаў ЕС прынялі «Дарожную карту ўзаемадзеяння ЕС з грамадзянскай супольнасцю» на 2018-2020 гады[4].

5. Шматбаковы кантэкст. У чэрвені 2018 года ЕС зноў прапанаваў рэзалюцыю адносна Беларусі па пункце 4 і заклікаў да падаўжэння мандата спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека[5]. ЕС працягваў заахвочваць супрацоўніцтва Беларусі з новым спецыяльным дакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прызначаным у кастрычніку 2018 года. Улады сталі больш актыўна абмяркоўваць пытанні правоў чалавека на міжнародных форумах. У прыватнасці, у кастрычніку 2018 года Беларусь прадставіла Савету па правах чалавека пяты ўрадавы даклад пра рэалізацыю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) пасля 21-гадовага перапынку, а ў красавіку пятая перыядычная справаздача па Беларусі была разгледжана ў Камітэце ААН супраць катаванняў. Беларусь таксама пагадзілася з заснаваннем новай пасады дарадцы па правах чалавека УВКПЧ, які працуе ў краіне з лета.

 

[1] Хоць колькасць палітычна матываваных спраў скарацілася ў параўнанні з 2017 годам, няма ніякіх сістэмных зменаў, якія б сведчылі аб адыходзе ўладаў ад прымусовых метадаў.

[2] Абмежавальнае заканадаўства аб замежным фінансаванні (Дэкрэт Прэзідэнта №5) і крымінальная адказнасць за атрыманне замежнай фінансавання застаюцца ў сіле. Гэтая праблема шчыльна звязана з абвінаваўчым прысудам, вынесеным лідэрам незалежнага прафсаюза РЭП Г. Фядынічу і І. Комліку, якія былі асуджаны на 4 гадоў абмежавання волі па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

[3] У сваіх Высновах адносна Беларусі, прынятых у лютым 2016 года, Савет ЕС пацвердзіў сваю цвёрдую прыхільнасць ўзмацненню ўзаемадзеяння ЕС з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю і заявіў, што «адчувальныя крокі, якая прадпрымаюцца Беларуссю для захавання ўніверсальных свабод, вяршэнства закона і абароны правоў чалавека застануцца ключавым фактарам пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі».

[4] Дарожная карта стала асновай для арганізацыі конкурсу праектных прапаноў, які Прадстаўніцтва ЕС плануе запусціць у студзені 2019 года і ў рамках якога арганізацыям грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца Беларуссю, будзе выдзелена ў агульнай складанасці 3,9 мільёна еўра.

[5] Беларускія ўлады па-ранейшаму не прызнаюць мандат спецыяльнага дакладчыка ААН, называючы яго «палітызаваным».

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы: