Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Каардынацыйная група ЕС-Беларусь правяла шостую сустрэчу

Брусэль, 13/12/2018 - 18:55, UNIQUE ID: 181213_19
Press releases

Каардынацыйная група ЕС-Беларусь правяла шостую сустрэчу.

Шостая сустрэча Каардынацыйнай групы Еўрапейскага саюза і Беларусі адбылася ў Брусэлі 12-13 снежня 2018 года. Еўрапейскі саюз зноў пацвердзіў прыхільнасць узаемадзеянню з Беларуссю ў адпаведнасці са сваёй палітыкай крытычнага ўзаемадзеяння для забеспячэння стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні для Беларусі на карысць яе грамадзян. Удзельнікі абмеркавалі нядаўнія падзеі, а таксама стан двухбаковых адносінаў, у тым ліку наступныя крокі да завяршэння перамоў пра прыярытэты партнёрства ЕС і Беларусі, якія, калі будуць завершаны, адзначаць новы этап узаемадзеяння паміж ЕС і Беларуссю і сфарміруюць аснову для далейшага супрацоўніцтва, заснаванага на агульных інтарэсах і каштоўнасцях.


Пытанні правоў чалавека і дэмакратыі былі важнай часткай дыскусій. Пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі ў рамках міжнародных форумаў і гатоўнасць ўзаемадзейнічаць з ЕС - гэта станоўчая змена, але ЕС чакае, што Беларусь цалкам рэалізуе свой Нацыянальны план па правах чалавека і палепшыць сітуацыю ў галіне свабод СМІ і сходаў. З улікам парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ЕС зноў падкрэсліў, што Беларусі неабходна правесці ўсеабдымную рэформу выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Венецыянскай камісіі. ЕС нагадаў аб сваім непрыманні смяротнага пакарання пры любых абставінах і падкрэсліў перавагі ўвядзення мараторыя ў якасці першага кроку для яго адмены. ЕС таксама паставіў на абмеркаванне некаторыя канкрэтныя выпадкі, звязаныя з забеспячэннем правоў чалавека.

Удзельнікі абмеркавалі крокі ў працяг нядаўніх галіновых дыялогаў па пытаннях навакольнага асяроддзя, мытных, эканамічных і фінансавых пытаннях, а таксама падрыхтоўку да дыялогу па пытаннях гандлю, які адбудзецца 14 снежня 2018 года. Таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў сферах мабільнасці, кантактаў паміж людзьмі, энергетыкі, даследаванняў і інавацый, адукацыі, лічбавай эканомікі і развіцця прыватнага сектара. ЕС вітаў супрацоўніцтва беларускага боку ў ажыццяўленні партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў Астравецкай АЭС у пачатку гэтага года і заклікаў да далейшай празрыстасці і супрацоўніцтва на наступных этапах працэсу, у прыватнасці, да хуткай падрыхтоўкі і наступнай партнёрскай ацэнкі экспертамі Еўрапейскай групы па наглядзе ў сферы ядзернай бяспекі (ENSREG) Нацыянальнага плана дзеянняў па выкананні рэкамендацый партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў.

Што тычыцца міграцыі і мабільнасці, удзельнікі абмеркавалі крокі ў працяг 5-га раўнда перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, які адбыўся 11 кастрычніка 2018 года. Абодва бакі выказалі надзею на хуткае завяршэнне перамоў па абодвух пагадненнях для забеспячэння далейшага развіцця кантактаў паміж людзьмі, моладзевых і дзелавых абменаў.

ЕС вітаў пашырэнне ўдзелу Беларусі ў шматбаковым фармаце Усходняга партнёрства і абмеркаваў рэалізацыю ў Беларусі "20 вынікаў да 2020 года", падрыхтоўку да 10-х угодкаў Усходняга партнёрства ў 2019 годзе, а таксама чаканні бакоў ад ініцыятывы "Усходняе партнёрства" пасля 2020 года.

ЕС таксама прадставіў свае бягучыя і планаваныя праграмы фінансавай дапамогі, аб'ём фінансавання якіх у перыяд з 2014 г. па 2018 г. перавышае 120 мільёнаў еўра. Бакі абмеркавалі тое, як розныя інструменты фінансавай дапамогі могуць быць дадаткова ўзмоцненыя і звязаныя з падтрымкай рэформ і мадэрнізацыі ў краіне, каб забяспечыць канкрэтныя вынікі для грамадзян.

Дэлегацыю ЕС узначальваў Томас Майр-Хартынг, кіраўнічы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (EEAS). У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі EEAS, Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, Генеральнага дырэктарата па палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні, іншых генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі. Дэлегацыя Беларусі працавала пад кіраўніцтвам намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанкі і ўключала ў сябе прадстаўнікоў іншых міністэрстваў і ведамстваў. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з Беларусі таксама прынялі ўдзел у некаторых частках сустрэчы.

Наступная сустрэча, як чакаецца, адбудзецца ў першай палове 2019 года ў Мінску.

Source