Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Заява Вярхоўнага прадстаўніка ЕC ад імя Еўрапейскага cаюза з нагоды Міжнароднага дня карэнных народаў свету

Bruxelles, 08/08/2018 - 16:12, UNIQUE ID: 180808_8
Statements on behalf of the EU

У Міжнародны дзень карэнных народаў свету мы аддаем належнае ўкладу карэнных народаў у разнастайнасць і багацце цывілізацый і культур – у нашу агульную спадчыну. У гэты дзень мы таксама ацэньваем дасягненні ў справе прызнання і ажыццяўлення правоў карэнных народаў і вызначаем, што сусветнай супольнасці яшчэ трэба будзе зрабіць, каб правы чалавека рэалізоўваліся ва ўсім свеце без дыскрымінацыі.

Праваабаронцы, якія адстойваюць правы карэнных народаў і экалагічныя правы, у тым ліку Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб правах карэнных народаў, Вікторыя Таулі-Корпус, усё часцей сутыкаюцца з варожым стаўленнем, гвалтам і рэпрэсіямі. Мы занепакоеныя тым, што кожны тыдзень ва ўсім свеце ахвярамі забойстваў становяцца чатыры такія праваабаронцы. Чакаецца, што ўлады дзяржаў, дзе такія дзеянні маюць месца, актывізуюць працу па абароне актывістаў і гарантуюць прыцягненне вінаватых да адказнасці.

Таксама неабходна ў тэрміновым парадку вырашыць пытанне, звязанае з пачашчэннем выпадкаў захопу зямель. Кожны дзень дзе-небудзь у свеце карэнныя народы пазбаўляюцца сваіх спрадвечных зямель, тэрыторый і рэсурсаў.

Падсправаздачнасць і належнае кіраванне з'яўляюцца залогам устойлівага карыстання зямлёй, іншымі прыроднымі рэсурсамі і навакольным асяроддзем, а таксама роўнага доступу да землеўладання. Менавіта таму Еўрапейскі саюз падтрымлівае праграмы і праекты ў галіне кіравання зямельнымі рэсурсамі ў 40 краінах свету з агульным бюджэтам у 240 млн еўра. У адной толькі Калумбіі гэтыя намаганні ўжо дазволілі замацаваць за суполкамі карэнных народаў калектыўныя правы на 280 тыс. гектараў зямлі.

Еўрапейскі саюз цвёрда ўпэўнены, што павага традыцый землекарыстання карэнных народаў і іх правоў на рэсурсы – вельмі важны фактар для забеспячэння ўстойлівага развіцця і міру. У гэтым годзе мы выдзяляем 6,9 млн еўра Міжнароднаму фонду па пытаннях карыстання зямельнымі і ляснымі рэсурсамі (Land and Forest Tenure Facility), які спецыялізуецца ў пытаннях права на землекарыстанне і забеспячэння бяспекі карэнных народаў і мясцовых суполак. Яшчэ 5 млн еўра будзе накіравана на падтрымку праваабаронцаў і арганізацый, якія займаюцца пытаннямі захопу зямель, змены клімату і правоў карэнных народаў.

Мы працягнем выступаць у абарону карэнных народаў і падтрымліваць іх, каб яны маглі захаваць сваю культуру, ідэнтычнасьць і лад жыцця, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай нашай агульнай культуры, ідэнтычнасці і ладу жыцця.

Рэдакцыйныя раздзелы: