Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Пяты раунд Дыялога па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю прайшоў у Мінску

Мінск, 18/07/2018 - 14:54, UNIQUE ID: 180718_12
Press releases

Еўрапейскі саюз і Рэспубліка Беларусь правялі пяты раунд двухбаковага Дыялога па правах чалавека 17 ліпеня 2018 года ў Мінску.

Дыялог дазволіў ажыццявіць шырокі абмен меркаваннями пра сітуацыю з правамі чалавека як у Беларусі, так і ў Еўрапейскім саюзе, і надаць асаблівую ўвагу свабодам выказвання, сходаў і асацыяцый; выбарчым правам; смяротнаму пакаранню, рэформе пенітэнцыярнай сістэмы, антыдыскрымінацыйнай палітыцы, гендэрнай роўнасці і барацьбе супраць гвалту ў сям'і.

Дыскусіі былі ў роўнай ступені прысвечаны развіццю нацыянальных інстытутаў абароны правоў чалавека ў Беларусі, а таксама далейшаму ажыццяўленню Нацыянальнага плана дзеянняў у галіне правоў чалавека.

Акрамя таго, удзельнікі абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў прасоўванні правоў чалавека на міжнародных форумах, у тым ліку праз такі механізм ААН, як Універсальны перыядычны агляд. Быў разгледжаны шэраг канкрэтных выпадкаў.

Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначальваў Дзірк Шубель, кіраўнік аддзела двухбаковых адносінаў з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (EEAS). У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі EEAS і Еўрапейскай камісіі. Дэлегацыю Беларусі ўзначальваў намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Краўчанка. У яе складзе былі прадстаўнікі міністэрства замежных спраў, міністэрства юстыцыі, міністэрства ўнутраных спраў і міністэрства адукацыі. Прадстаўнікі краін Еўрапейскага саюза прысутнічалі на абмеркаваннях ў якасці назіральнікаў. Еўрапейскі саюз удзячны шэрагу арганізацый грамадзянскай супольнасці  і няўрадавых арганізацый Беларусі за актыўны ўдзел ды ўнёсак у дыскусію па грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правах на некаторых з тых сустрэч, што адбыліся ў  рамках Дыялога.

Чакаецца, што чарговая сустрэча ў рамках Дыялога па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю адбудзецца ў 2019 годзе.

Рэдакцыйныя раздзелы: