Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Заява Высокага прадстаўніка ЕС Федэрыкі Магерыні ад імя Еўрапейскага саюза з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы (3 мая 2018 г.)

Брусэль, 02/05/2018 - 12:11, UNIQUE ID: 180502_6
Statements on behalf of the EU

Сёлета Сусветны дзень свабоды прэсы адзначаецца ў цяжкіх для журналістыкі ўмовах. Свабода выказвання і свабода смі ва ўсім свеце знаходзяцца пад пагрозай.

Атакі на сродкі інфармацыі і журналістаў – гэта замах на дэмакратыю, на свабоду ўсіх нас. Мы аддаем даніну павагі памяці ўсіх журналістаў у Еўропе і ў свеце, якія загінулі пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў. Мы заклікаем усе дзяржавы асуджаць гвалт у дачыненні да журналістаў, прымаць меры для павышэння бяспекі журналістаў, надаючы асаблівую ўвагу жанчынам-журналістам, і прыцягваць да адказнасці выканаўцаў і заказчыкаў такіх гвалтоўных дзеянняў.

У адпаведнасці з Хартыяй ЕС аб ​​асноўных правах Еўрапейскі саюз заснаваны на такіх каштоўнасцях, як дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства права і свабодныя, плюралістычныя сродкі інфармацыі. Свабода прэсы выконвае вырашальную ролю ў забеспячэнні належнага дзяржаўнага кіравання, празрыстасці і падсправаздачнасці. Незалежная журналістыка мае выключна важнае значэнне для забеспячэння падсправаздачнасці дзяржаў за іх дзеянні і для маніторынгу дэмакратычных працэсаў. Свабодныя, разнастайныя незалежныя сродкі інфармацыі, даступныя як у сетцы Інтэрнэт, так і па-за ёй, з'яўляюцца апорамі плюралістычнага, адкрытага грамадства і нясуць асноўную адказнасць за прадастаўленне грамадскасці праверанай і дакладнай навінавай інфармацыі.

Захаванне свабоды выказвання – гэта неад'емная частка палітыкі ЕС і праграм спрыяння развіццю. Заканадаўства ЕС, яго палітыка і інструменты былі распрацаваны такім чынам, каб умацоўваць свабоду сродкаў інфармацыі ўнутры Саюза і садзейнічаць распаўсюджванню празрыстай, дакладнай i разнастайнай інфармацыі ў сетцы Інтэрнэт. ЕС працягне фінансаваць праекты ў трэціх краінах, накіраваныя на павышэнне якасці журналістыкі, забеспячэнне доступу да публічнай інфармацыі і захаванне свабоды выказвання меркаванняў.

Мы будзем паслядоўна асуджаць гвалт у дачыненні да журналістаў і ў рамках двухбаковых кантактаў з трэцімі краінамі і на шматбаковых і рэгіянальных форумах выступаць супраць любых заканадаўчых актаў, норм і палітычнага ціску, якія абмяжоўваюць свабоду выказвання меркаванняў. Мы будзем прадпрымаць канкрэтныя меры, каб прадухіляць атакі на журналістаў і блогераў і рэагаваць на іх, у тым ліку праз аказанне надзвычайнай дапамогі, каб ахаваць праваабаронцаў, якія падвяргаюцца высокай рызыцы, часам шляхам перасялення на новае месца.

Сёння мы зноў заяўляем аб рашучасці ЕС абараняць і заахвочваць свабоду перакананняў і свабоду выказвання як правоў, якімі кожны чалавек можа карыстацца паўсюдна, на аснове прынцыпаў роўнасці, недыскрымінацыі і ўніверсальнасці, з дапамогай любых сродкаў масавай інфармацыі, унутры нашых межаў і па-за імі.

Рэдакцыйныя раздзелы: