Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Каардынацыйная група ЕС-Беларусь правядзе пасяджэнне ў Беларусі

24/04/2018 - 16:31
News stories

Дэлегацыя Еўрапейскага саюза наведае Мінск 25-27 красавіка 2018 года для ўдзелу ў пятым пасяджэнні Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь. Дэлегацыю Еўрапейскага саюза будзе ўзначальваць Томас Майр-Хартынг, кіруючы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў. У дэлегацыю ўвойдуць прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі, адказных за пытанні Еўрапейскай палітыкі суседства і пытанні энергетыкі, фінансаў і мытні. Беларуская дэлегацыя будзе працаваць пад кіраўніцтвам Алега Краўчанкі, намесніка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, і ўключаць у сябе прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і іншых галіновых міністэрстваў і дзяржаўных ведамстваў. У сустрэчах таксама прымуць удзел прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый і экспертнай супольнасці.

У цэнтры ўвагі на пасяджэнні будуць двухбаковыя прыярытэты партнёрства, правы чалавека і дэмакратыя, супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства, галіновыя пытанні, у тым ліку ў сферах эканомікі і фінансаў, гандлю, транспарту, мытні, мабільнасці і тэхнічнай дапамогі.

Першае пасяджэнне Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь адбылося ў Бруселі 6-7 красавіка 2016 года. Група збіраецца два разы на год для таго, каб разгледзець увесь спектр адносін ЕС-Беларусь і ўзгадніць далейшыя крокі.

Рэдакцыйныя раздзелы: