Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Заява Высокага прадстаўніка ЕС Федэрыкі Магерыні ад імя Еўрапейскага саюза ў сувязі з ударамі па Сірыі

Bruxelles, 14/04/2018 - 12:26, UNIQUE ID: 180414_1
Statements on behalf of the EU

Еўрапейскі cаюз зноў заяўляе, што рашуча асуджае неаднаразовае ўжыванне хімічнай зброі сірыйскім рэжымам, што пацверджана Сумесным механізмам АЗХЗ-ААН па расследаванні і пра што паведамлялася на працягу мінулых месяцаў з Усходняй Гуты і іншых рэгіёнаў Сірыі, уключаючы самыя апошнія паведамленні аб катастрафічнай хімічнай атацы ў горадзе Дума.

У гэтых абставінах ЕС быў праінфармаваны пра кропкавыя паветраныя ўдары ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі па аб'ектах хімічнай зброі ў Сірыі. Гэтыя канкрэтныя меры былі прынятыя з адзінай мэтай – прадухіліць далейшае выкарыстанне сірыйскім рэжымам хімічнай зброі і хімічных рэчываў у якасці зброі для забойства ўласнага народа.

ЕС спрыяе ўсім намаганням, накіраваным на прадухіленне выкарыстання хімічнай зброі. ЕС лічыць глыбока абуральным той факт, што міжнародная супольнасць да гэтага часу сутыкаецца з ужываннем хімічнай зброі, што пацверджана Місіяй АЗХЗ па ўстанаўленні фактаў. Даклады групы па ацэнцы дэкларацыі паказваюць, што сірыйская дэкларацыя не можа быць цалкам вызначана як дакладная і поўная ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб хімічным зброі.

Прыцягненне да адказнасці з'яўляецца абавязковай умовай. Выкарыстанне хімічнай зброі альбо хімічных рэчываў у якасці зброі з'яўляецца ваенным злачынствам і злачынствам супраць чалавечнасці. Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці за такое парушэнне міжнароднага права. У гэтай сувязі ЕС глыбока шкадуе аб тым, што ў лістападзе 2017 года не быў адноўлены мандат Сумеснага механізму АЗХЗ-ААН па расследаванні, які быў заснаваны рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН 2235 (2015) з мэтай устанаўлення вінаватых у здзяйсненні хімічных нападаў. У сувязі з гэтым выклікае глыбокае шкадаванне той факт, што Савет Бяспекі ААН да гэтага часу не здолеў прыняць рашучую рэзалюцыю аб паўторным заснаванні незалежнага механізму ўстанаўлення фактаў, каб гарантаваць прыцягненне да адказнасці вінаватых у хімічных атаках у Сірыі.

У ліпені 2017 года і ў сакавіку 2018 года ЕС увёў дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да высокапастаўленых сірыйскіх афіцыйных асоб і навукоўцаў у сувязі з іх роляй у распрацоўцы і прымяненні хімічнай зброі і заўсёды гатовы разгледзець магчымасць увядзення далейшых мер пры неабходнасці.

ЕС заклікае ўсе краіны, у прыватнасці Расію і Іран, выкарыстоўваць свой уплыў для прадухілення любога далейшага прымянення хімічнай зброі, асабліва сірыйскім рэжымам, і падтрымлівае Міжнароднае партнёрства супраць беспакаранасці за ўжыванне хімічнай зброі.

ЕС зноў заяўляе, што ў сірыйскага канфлікту не можа быць іншага рашэння, акрамя палітычнага. У нас агульная мэта – не дапусціць эскалацыі гвалту, якая магла б трансфармаваць сірыйскі крызіс у больш шырокую рэгіянальную канфрантацыю з непрадказальнымі наступствамі для Блізкага Усходу, ды і ўсяго свету. ЕС заклікае ўсе бакі канфлікту, асабліва рэжым і яго саюзнікаў, неадкладна прыступіць да рэалізацыі спынення баявых дзеянняў і забяспечыць гуманітарны доступ і медыцынскую эвакуацыю, што было аднагалосна ўзгоднена рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН 2401. ЕС паўтарае, што любое ўстойлівае вырашэнне канфлікту патрабуе сапраўднага палітычнага пераходу ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН 2254 і Жэнеўскімі камюніке 2012 года, якое было ўзгоднена сірыйскімі бакамі ў рамках жэнеўскага працэсу пад эгідай ААН.

Другая брусельская канферэнцыя па Сірыі, якая пройдзе 24-25 красавіка 2018 г. пад сустаршынствам ЕС і ААН, прадаставіць усёй міжнароднай супольнасці магчымасць аднавіць паслядоўную падтрымку палітычнага працэсу і ўзяць на сябе новыя абавязацельствы па аказанні дапамогі асноўным ахвярам гэтага канфлікту, які працягваецца, а менавіта сірыйскаму народу ўнутры і за межамі Сірыі.