Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Заява Высокага прадстаўніка ЕС Федэрыкі Магерыні ад імя Еўрапейскага саюза адносна Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль

Bruxelles, 23/03/2018 - 10:56, UNIQUE ID: 180323_12
Statements by the HR/VP

Праз чатыры гады пасля незаконнай анексіі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль Расійскай Федэрацыяй Еўрапейскі саюз па-ранейшаму цвёрда адданы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Еўрапейскі саюз зноў заяўляе, што не прызнае і працягвае асуджаць гэта парушэнне міжнароднага права. Яно па-ранейшаму з'яўляецца прамым выклікам міжнароднай бяспецы з сур'ёзнымі наступствамі для міжнароднага правапарадку, які ахоўвае адзінства і суверэнітэт усіх дзяржаў.

Еўрапейскі саюз застаецца прыхільны поўнай рэалізацыі сваёй палітыкі непрызнання, у тым ліку з дапамогай абмежавальных мер. ЕС зноў заклікае ўсе дзяржавы-члены ААН разгледзець магчымасць прыняцця аналагічных мер па непрызнанні ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 68/262. Еўрапейскі саюз не прызнае правядзенне Расійскай Федэрацыяй выбараў на Крымскім паўвостраве.

Мілітарызацыя, якая адбываецца на паўвостраве, працягвае ўплываць на сітуацыю ў галіне бяспекі ў рэгіёне Чорнага мора. У парушэнне міжнароднага гуманітарнага права жыхароў Крыма вымушаюць прымаць расійскае грамадзянства і праходзіць службу ва ўзброеных сілах Расійскай Федэрацыі.

Еўрапейскі саюз асуджае будаўніцтва Керчанскага моста без згоды Украіны і абмежаванні, якія гэта ўжо наклала на свабоду транзітнага перамяшчэння.

Пасля незаконнай анексіі Расійскай Федэрацыяй сітуацыя з правамі чалавека на Крымскім паўвостраве пагоршылася. Жыхары паўвострава сутыкаюцца з сістэматычнымі абмежаваннямі асноўных свабод, такіх як свабода выказвання меркавання, свабода рэлігіі альбо пераканання, свабода асацыяцыі, а таксама права на мірныя сходы.

Правы крымскіх татараў былі сур'ёзна парушаны закрыццём крымска-татарскіх СМІ, забаронай дзейнасці Меджліса, органа самакіравання крымскіх татараў, і пераследам яго лідэраў і членаў абшчыны. Крымскім татарам, украінцам і ўсім этнічным і рэлігійным суполкам на паўвостраве павінна быць гарантаваная магчымасць падтрымліваць і развіваць сваю культуру, традыцыі, адукацыю і ідэнтычнасць.

ЕС зноў заклікае да неадкладнага вызваленьня Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанка, Мікалая Сямены і ўсіх, хто быў затрыманы і асуджаны ў парушэнне міжнароднага права. Журналісты, праваабаронцы і адвакаты павінны мець магчымасць працаваць незалежна і без неабгрунтаванага ўмяшальніцтва.

ЕС заклікае ў поўнай меры выконваць міжнародныя стандарты ў сферы правоў чалавека на паўвостраве. Усе справы аб парушэннях і злоўжываннях у сферы правоў чалавека, якія знаходзяцца на разглядзе, такія як справы аб гвалтоўных знікненнях, катаваннях і забойствах, павінны быць старанным чынам расследаваныя. Па-ранейшаму застаецца надзвычай важным, каб для міжнародных праваабаронцаў быў забяспечаны поўны, свабодны і бесперашкодны доступ да ўсёй тэрыторыі Украіны, уключаючы Крым і Севастопаль. ЕС нагадвае пра рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН 72/190 ад 19 снежня 2017 года і заклікае да яе поўнага выканання, уключаючы абавязацельствы Расійскай Федэрацыі ў рамках дзеючага міжнароднага гуманітарнага права.

____________________________

Дадзеная заява зроблена з нагоды чацвёртай гадавіны незаконнай анексіі Крыма і Севастопаля Расійскай Федэрацыяй (18 сакавіка 2018 г.).

Рэдакцыйныя раздзелы: