Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Наступныя крокі ў барацьбе супраць фэйкавых навін: Камісія стварае Экспертную групу высокага ўзроўню і пачынае кансультацыі з грамадскасцю

Bruxelles, 16/11/2017 - 15:34, UNIQUE ID: 171116_11
Press releases

13 лістапада Еўрапейская камісія пачала весці кансультацыі з грамадскасцю на тэму фэйкавых навін і дэзінфармацыі ў інтэрнэце і стварыла Экспертную групу высокага ўзроўню, якая складаецца з навукоўцаў, прадстаўнікоў анлайн-платформаў, СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Праца Экспертнай групы высокага ўзроўню, а таксама вынікі кансультацый з грамадскасцю будуць спрыяць распрацоўцы стратэгіі на ўзроўні ЕС, накіраванай на барацьбу з распаўсюджваннем фэйкавых навін. Дадзеная стратэгія будзе прадстаўлена вясной 2018 года.

Першы намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі Франс Цімерманс сказаў: "Свабода атрымання і распаўсюду інфармацыі і плюралізм сродкаў масавай інфармацыі замацаваны ў Хартыі ЕС аб ​​асноўных правах. Мы жывем у эпоху, калі паток інфармацыі і дэзінфармацыі стаў амаль бязмежным. Вось чаму мы павінны даць нашым грамадзянам інструменты для выяўлення фэйкавых навін, павышэння даверу ў інтэрнэце і кіравання інфармацыяй, якую яны атрымліваюць".

Андрус Ансіп, намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі па пытаннях адзінага лічбавага рынку, дадаў: "Нам неабходна знайсці збалансаваны падыход паміж свабодай выказвання меркаванняў, плюралізмам СМІ і правам грамадзян на доступ да разнастайнай і дакладнай інфармацыі. Усе адпаведныя ўдзельнікі, такія як анлайн-платформы альбо сродкі масавай інфармацыі, павінны адыграць пэўную ролю ў вырашэнні гэтай праблемы".

Марыя Габрыэль, камісар па пытаннях лічбавай эканомікі і лічбавага грамадства, заявіла: "У аснове маіх дзеянняў ляжыць абарона права грамадзян на якасную інфармацыю, якое з'яўляецца краевугольным каменем нашых дэмакратычных краін. Я хачу правесці адкрытае і шырокае абмеркаванне праблемы фэйкавых навін для ліквідацыі гэтай складанай з'явы і вырашэння задач, якія стаяць перад намі".

Пазіцыя грамадскасці па гэтым пытанні павінна высветліцца да лютага

Грамадзянам, сацыяльным сеткам, навінавым арганізацыям (вяшчальным кампаніям, друкаваным СМІ, інфармацыйным агенцтвам, анлайн-СМІ і фактчэкерам), даследчыкам і дзяржаўным установам прапануецца падзяліцца сваімі меркаваннямі ў рамках кансультацый з грамадскасцю да сярэдзіны лютага. У межах кансультацый будуць сабраныя думкі пра тое, якія дзеянні можна распачаць на ўзроўні ЕС, каб даць грамадзянам эфектыўныя інструменты для вызначэння надзейнай і праверанай інфармацыі і адаптацыі да выклікаў эпохі лічбавых тэхналогій.

Чакаюцца меркавання па трох асноўных пытаннях:

  1. Маштаб праблемы, г.зн. як фэйкавыя навіны ўспрымаюцца грамадзянамі і зацікаўленымі бакамі, як яны даведаюцца аб дэзінфармацыі ў інтэрнэце і ці давяраюць яны іншым СМІ
  2. Ацэнка мер, ужо прынятых платформамі, сродкамі масавай інфармацыі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці для процідзеяння распаўсюджванню фэйкавых навін у інтэрнэце, а таксама думкі аб ролях і абавязках адпаведных зацікаўленых бакоў
  3. Магчымыя будучыя дзеянні па пашырэння доступу грамадзян да дакладнай i праверанай інфармацыі і прадухіленні распаўсюджвання дэзінфармацыі ў інтэрнэце

Гэтая кансультацыя датычыцца толькі фэйкавых навін і дэзінфармацыі ў інтэрнэце, калі змест не з'яўляецца па сутнасці незаконным і, такім чынам, на яго не распаўсюджваюцца цяперашнія заканадаўчыя і самарэгулявальныя дзеянні ЕС або заканадаўчыя і самарэгулявальныя дзеянні на нацыянальным узроўні.

Экспертная група высокага ўзроўню прымае заяўкі

Камісія запрашае экспертаў падаць заяўку на ўдзел у Групе высокага ўзроўню па фэйкавых навінах з мэтай пракансультаваць Камісію наконт гэтай з'явы, вызначыць ролі і абавязкі адпаведных зацікаўленых бакоў, зразумець міжнародны маштаб, улічыць пазіцыі на дадзены момант і распрацаваць рэкамендацыі. Па магчымасці ў групу павінны ўваходзіць прадстаўнікі кожнай галіны ведаў, г.зн. навукоўцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Камісія нацэлена на збалансаваны адбор экспертаў.

Заяўкі прымаюцца да сярэдзіны снежня. Чакаецца, што Група экспертаў высокага ўзроўню пачне працу ў студзені 2018 года і будзе працаваць на працягу некалькіх месяцаў.

Агульная інфармацыя

Анлайн-платформы і іншыя інтэрнэт-сэрвісы далі людзям новыя магчымасці для ўстанаўлення сувязі, абмеркавання і збору інфармацыі. Аднак распаўсюджванне навін, якія наўмысна ўводзяць чытачоў у зман, стала вострай праблемай для нашых дэмакратычных краін і адбіваецца на ўспрыманні рэальнасці нашымі грамадзянамі.

17 і 18 лістапада 2016 году камісія правяла свой другі штогадовы калёквіум па асноўных правах на тэму «Плюралізм у СМІ і дэмакратыя». Агульнаеўрапейскае апытанне, праведзенае службай Еўрабарометр (Eurobarometer), апублікаванае 17 лістапада 2016 года, паказала, што еўрапейскія грамадзяне занепакоеныя незалежнасцю сродкаў масавай інфармацыі і што ўзровень даверу да СМІ нізкі.

Раней старшыня Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер даручыў камісару па пытаннях лічбавай эканомікі і лічбавага грамадства Марыі Габрыэль вывучыць праблемы, якія анлайн-платформы ствараюць для нашых дэмакратычных краін, распаўсюджваючы фэйкавую інфармацыю. Жан-Клод Юнкер таксама распарадзіўся ініцыяваць абмеркаванне наступнага пытання: што спатрэбіцца на ўзроўні ЕС для абароны нашых грамадзян?

У чэрвені 2017 года Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая заклікае Камісію паглыблена прааналізаваць бягучую сітуацыю і прававую базу ў дачыненні фэйкавых навін і праверыць магчымасць заканадаўчага ўмяшальніцтва з мэтай абмежаваць фэйкавы кантэнт. Камісія пацвердзіла, што гэта прыярытэтнае заданне і ўключае ініцыятыву супраць фэйкавых навін у інтэрнэце ў сваю Працоўную праграму на 2018 год.

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы: