Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Міфы пра Усходняе партнёрства

20/11/2017 - 09:00
Factsheets

5-ы Саміт Усходняга партнёрства ў Бруселі Міфы пра Усходняе партнёрства

МІФ №1

Удзел ва Усходнім партнёрстве вядзе да членства ў ЕС

НА САМОЙ СПРАВЕ: Ініцыятыва "Усходняе партнёрства" – гэта не працэс уступлення ў ЕС. Яе мэта – стварыць агульную прастору дэмакратыі, дабрабыту, стабільнасьці і шчыльнага супрацоўніцтва. Ініцыятыва Усходняга партнёрства – гэта інклюзіўная платформа, у рамках якой краіны-члены Еўрапейскага саюза, Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Рэспубліка Малдова і Украіна супрацоўнічаюць па наступных напрамках: 1) эканамічнае развіццё і магчымасці рынку; 2) умацаванне інстытутаў і належнае кіраванне; 3) узаемазвязанасць, энергаэфектыўнасць, навакольнае асяроддзе і змяненне клімату; і 4) мабільнасць і кантакты паміж людзьмі. Кожная краіна сама выбірае, наколькі шчыльнымі павінны стаць яе адносіны з Еўрапейскім саюзам і чаго яна хоча дасягнуць у рамках гэтага супрацоўніцтва.

 

МІФ №2

Усходняе партнёрства створана ЕС, каб правакаваць Расію

НА САМОЙ СПРАВЕ: Ініцыятыва "Усходняе партнёрства" не скіравана супраць якой-небудзь краіны. Гэта ўзаемавыгадная і канструктыўная для краін рэгіёну платформа, якая дапамагае ім пабудаваць больш шчыльныя адносіны з ЕС – зразумела, калі краіны самі гэтага хочуць. ЕС не патрабуе ад сваіх партнёраў рабіць выбар: альбо ЕС, альбо супрацоўніцтва з іншымі краінамі. Мы выступаем за добрасуседскія адносіны. Усходняе партнёрства не з'яўляецца перашкодай для розных памкненняў і амбіцый любой краіны, якая далучылася да яго.

 

МІФ №3

Усходняе партнёрства прыводзіць да дэстабілізацыі або змене рэжыму

НА САМОЙ СПРАВЕ: Мэта праграмы пераўтварэнняў Усходняга партнёрства – пазітыўныя змены ў жыцці грамадзян Еўрапейскага саюза і краін Усходняга партнёрства. Адзін з ключавых спосабаў дасягнення гэтага – гэта ўкараненне і заахвочванне дэмакратычных прынцыпаў і кіравання. ЕС не навязвае ніякія канкрэтныя дзеянні альбо праграмы сваім краінам-партнёрам. Галоўная мэта супрацоўніцтва заключаецца ў стварэнні агульнай прасторы дэмакратыі, дабрабыту і стабільнасці ў адпаведнасці з памкненнямі кожнай асобнай дзяржавы.

 

МІФ №4

Праграма "Усходняе партнёрства" навязваецца партнёрам насуперак іх волі

НА САМОЙ СПРАВЕ: Усходняе партнёрства – гэта сумесная ініцыятыва Еўрапейскага саюза і шасці краін-партнёраў. Яна не была ім навязана, дзяржавы самі выбіраюць, наколькі шчыльна супрацоўнічаць з ЕС. ЕС не навязвае партнёрам ні праграмы рэформ, ні каштоўнасныя ўстаноўкі. Наадварот: краіны-партнёры самі вырашаюць, што хочуць падцягнуць свой узровень да стандартаў ЕС. Гэта робіцца, напрыклад, шляхам выбудоўвання празрыстых і падсправаздачных структур кіравання і прывядзення галіновых стандартаў у адпаведнасць з нормамі ЕС, што адкрывае доступ да шырокіх магчымасцяў ва ўзаемным гандлі.

 

МІФ №5

Грошы ЕС «губляюцца» з-за карупцыі

НА САМОЙ СПРАВЕ: Сродкі ЕС – заўсёды прадмет самага строгага кантролю і справаздачнасці. Больш за тое, у звычайным жыцці карупцыя найбольш негатыўна ўплывае на звычайных людзей. Менавіта таму адзін з галоўных прыярытэтаў ЕС у краінах-партнёрах – барацьба з карупцыяй. Рэформа судовай сістэмы, канстытуцыйныя і выбарчыя рэформы, агульнае паляпшэнне бізнес-клімату і рэформы дзяржаўнага кіравання, – у падтрымцы ўсіх гэтых рэформ, накіраваных на стварэнне справядлівай сістэмы, са «стрымліваннем і процівагамі», зацікаўлены грамадзяне як ЕС, так і краін-партнёраў.

 

МІФ №6

Усходняе партнёрства адкрыла дзверы для масавай міграцыі ў Еўрапейскі Саюз

НА САМОЙ СПРАВЕ: Еўрапейскі саюз мае пагадненні з Грузіяй, Рэспублікай Малдова і Украінай, якія дазваляюць грамадзянам гэтых краін, якія атрымалі біяметрычныя пашпарты, падарожнічаць па Шэнгенскай зоне без візы не больш за 90 дзён на працягу 180-дзённага перыяду. Яны могуць прыязджаць як турысты, наведаць сваякоў ці сяброў ці ў дзелавых мэтах, але не для таго, каб уладкавацца на працу. З Арменіяй і Азербайджанам заключаны пагадненні аб спрошчаным візавым рэжыме, у адпаведнасці з якімі візы па-ранейшаму патрабуюцца, але грамадзяне гэтых краін цяпер сутыкаюцца з меншымі адміністрацыйнымі перашкодамі пры паездцы ў Шэнгенскую зону. Разам з гэтымі дамовамі былі заключаны пагадненні аб рэадмісіі, якія ўсталёўваюць працэдуры вяртання нелегальных мігрантаў на радзіму, у тым ліку асоб, якія займаюцца злачыннай дзейнасцю. У адносінах да людзей, якія перасякаюць знешнія межы ЕС, сістэматычна праводзяцца адпаведныя праверкі па базе дадзеных для таго, каб пераканацца, што яны не ўяўляюць сабой пагрозу грамадскаму парадку, унутранай бяспецы альбо грамадскаму здароўю. Да гэтых баз адносіцца Шэнгенская інфармацыйная сістэма і база дадзеных Інтэрпола аб выкрадзеных і згубленых праязных дакументах. Таксама існуе праект Frontex Еўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы, закліканы ўзмацніць ахову межаў шасці краін-партнёраў. Акрамя таго, ЕС праводзіць спецыялізаваныя трэнінгі для адпаведных органаў краін-партнёраў, каб дапамагчы ім палепшыць бяспеку і абараніць уразлівым людзей (напрыклад, бежанцаў і ахвяраў гандлю людзьмі), прадухіліць трансгранічную злачыннасць і паменшыць карупцыю.

 

МІФ №7

Свабодны гандаль стварае нявыгадныя ўмовы на рынку ЕС для прадукцыі, што вырабляецца ў краінах-партнёрах, і напаўняе яго таннай працоўнай сілай

НА САМОЙ СПРАВЕ: Гандлёвыя адносіны паміж ЕС і краінамі-партнёрамі ўзаемавыгадныя. З аднаго боку, краіны Усходняга партнёрства – гэта новыя рынкі і спажыўцы для еўрапейскіх прадпрыемстваў. З іншага, пагадненні аб паглыбленых і ўсёабдымных зонах свабоднага гандлю з Грузіяй, Малдовай і Украінай прадастаўляюць іх грамадзянам вялікі выбар якасных і бяспечных прадуктаў. Да таго ж, павышэнне стандартаў абароны правоў спажыўцоў робіць гэтыя тавары больш даступнымі ў цэнавых адносінах. Экспарт ЕС у шэсць краін-партнёраў амаль падвоіўся, павялічыўшыся з 16,3 мільярда еўра ў 2004 годзе да 30 млрд еўра ў 2016 годзе. Паказчыкі за першыя восем месяцаў 2017 года таксама можна назваць шматабяцальнымі – яны сведчаць пра відавочны рост двухбаковага гандлю ва ўсіх шасці дзяржавах. Мытны кантроль на знешніх межах ЕС азначае, што імпартаваныя тавары павінны ўсё роўна адпавядаць стандартам і патрабаванням ЕС. Еўрапейскі саюз таксама можа прыняць захады, калі якое-небудзь прадпрыемства, размешчанае ў ЕС, паскардзілася на шкоду, нанесеную несправядлівымі практыкамі, такімі як дэмпінг альбо субсідаванне.  

 

МІФ №8

У рамках Усходняга партнёрства ЕС супрацоўнічае з лідэрамі, якія не паважаюць дэмакратыю і правы чалавека

НА САМОЙ СПРАВЕ: Еўрапейскі саюз быў заснаваны на прынцыпах дэмакратыі і павагі да правоў чалавека. ЕС – прыхільнік і абаронца гэтых каштоўнасцяў як унутры Еўрапейскага саюза, так і за яго межамі. Карысць Усходняга партнёрства заключаецца ў тым, што яно прапануе платформу для дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза і шасці краін-партнёраў, на базе якой яны абменьваюцца вопытам і карыснымі напрацоўкамі. Паляпшэнне якасці кіравання, што ўключае ў сябе ўмацаванне інстытутаў і стварэнне здаровай сістэмы кіравання, з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў Усходняга партнёрства. Але і па-за рамкамі Усходняга партнёрства, якое ўяўляе сабой рознабаковае супрацоўніцтва, Еўрапейскі саюз з гатоўнасцю наладжвае моцныя двухбаковыя адносіны з кожнай з асобных краін. І з кожнай з іх з году ў год вядзе персанальны дыялог, у якім падымае пытанні, звязаныя з дэмакратыяй і правамі чалавека.

 

МІФ №9

Калі краіна ўдзельнічае ва Усходнім партнёрстве, то яна не можа быць членам Еўразійскага эканамічнага саюза

НА САМОЙ СПРАВЕ: Удзел у ініцыятыве Усходняга партнёрства не выключае членства ў Еўразійскім эканамічнай саюзе. Арменія і Беларусь, напрыклад, удзельнічаюць у абодвух праектах. ЕС з'яўляецца прыхільнікам рэгіянальнай інтэграцыі, у якой бы частцы свету яна не адбывалася. Але яго падтрымка заснавана на свабодным выбары краін-удзельніц і на павазе міжнароднага права, у тым ліку на павазе межаў. Што ж тычыцца супрацоўніцтва самога Еўрапейскага саюза з Еўразійскім эканамічным саюзам, то пры жаданні краін-членаў ЕС ўзаемадзеянне магчыма, адначасова з выкананнем Мінскіх пагадненняў.

 

МІФ №10

Грамадзяне ЕС не атрымліваюць ніякай выгады ад Усходняга партнёрства

НА САМОЙ СПРАВЕ: Стабільныя, бяспечныя і квітнеючыя краіны па суседству з намі вельмі важныя для стабільнасці, бяспекі і дабрабыту ЕC. Гэта прыносіць непасрэдную карысць грамадзянам краін ЕС. Стварэнне агульнай прасторы, якая валодае гэтымі якасцямі, і з'яўляецца мэтай Усходняга партнёрства. Акрамя таго, Усходняе партнёрства адкрывае бізнесу з абодвух бакоў доступ да новых рынкаў і спажыўцоў. Асабліва гэтаму спрыяла падпісанне Пагадненняў аб асацыяцыі, якія прадугледжваюць стварэнне Паглыбленых і ўсёабдымных зон свабоднага гандлю. Гэтыя пагадненні абараняюць геаграфічную назву месца паходжання тавара і інтэлектуальную ўласнасць грамадзян, прадпрыемстваў і рэгіёнаў ЕС. Іншымі перавагамі Усходняга партнёрства і блізкіх адносінаў з нашымі ўсходнімі суседзямі з'яўляюцца рост турызму і магчымасцяў для абмену, асабліва для моладзі (напрыклад, праграма Erasmus+, Моладзевы форум Усходняга партнёрства). Еўрапейскі саюз таксама падтрымлівае незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў краінах Усходняга партнёрства, паколькі наяўнасць аб'ектыўных і свабодных СМІ мае вырашальнае значэнне для дэмакратыі. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе стабільнасці ў краінах, суседніх з ЕС.