Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Сумесная дэкларацыя Саміта Усходняга партнёрства

24/11/2017 - 15:02
Навіна

Брюссель, 24 ноября 2017 года

Сумесная дэкларацыя Саміта Усходняга партнёрства

Брусэль, 24 лістапада 2017 года


Кіраўнікі дзяржаў ці ўрадаў і прадстаўнікі Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Азербайджан, Рэспублікі Беларусь, Грузіі, Рэспублікі Малдова і Украіны, прадстаўнікі Еўрапейскага саюза, кіраўнікі дзяржаў ці ўрадаў і прадстаўнікі яго дзяржаў-членаў сустрэліся ў Брусэлі 24 лістапада 2017 года. Старшыня Еўрапейскага парламента і прадстаўнікі Камітэта рэгіёнаў, Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Канферэнцыі рэгіянальных і мясцовых уладаў Усходняга партнёрства і Парламенцкай асамблеі Euronest таксама прысутнічалі на саміце.

1. Удзельнікі саміта зноў пацвярджаюць вялікае значэнне, якое яны надаюць Усходняму партнёрству як асабліваму вымярэнню Еўрапейскай палітыкі суседства. Яны зноў пацвярджаюць сваю агульную прыхільнасць гэтаму стратэгічнаму і амбіцыйнаму партнёрству, заснаванаму на агульных каштоўнасцях, узаемных інтарэсах і ўзаемаразуменні, прынцыпе сумеснага валодання і адказнасці, дыферэнцыяцыі, узаемнай падсправаздачнасці, што збліжае ўсходнееўрапейскія краіны-партнёры з Еўрапейскім саюзам. Устойлівы і эфектыўны прагрэс у сферы рэформ з'яўляецца ключом да далейшага поспеху Усходняга партнёрства.

2. Удзельнікі саміта зноў пацвярджаюць сваю прыхільнасць умацаванню дэмакратыі, вяршэнства права, правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама прынцыпам і нормам міжнароднага права, якія ляжаць у аснове Усходняга партнёрства. Еўрапейскі саюз па-ранейшаму адданы падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці, незалежнасці і суверэнітэту ўсіх сваіх партнёраў. Поўная прыхільнасць мэтам і прынцыпам, замацаваным у Статуце ААН, Хельсінкскім заключным акце 1975 года і Парыжскай хартыі АБСЕ 1990 года, таксама як іх захаванне і забеспячэнне, маюць асноватворнае значэнне для нашага агульнага бачання мірнай і непадзеленай Еўропы. Удзельнікі саміта зноў пацвярджаюць сваю прыхільнасць элементам і прынцыпам папярэдніх дэкларацый самітаў Усходняга партнёрства і падкрэсліваюць свой цвёрды намер выканаць абавязальніцтвы, узятыя на папярэдніх самітах і ў рамках двухбаковых пагадненняў.

3. У гэтым кантэксце яны падкрэсліваюць, што кансалідацыя і прасоўванне агульных каштоўнасцяў і прынцыпаў, аб прыхільнасці якім яны заявілі, з'яўляецца ключавым прыярытэтам і спрыяе ўмацаванню адносін паміж ЕС і партнёрамі. Сувязі, створаныя дзякуючы Усходняму партнёрству, робяць Еўрапейскі саюз і краіны-партнёры мацней і дазваляюць лепш спраўляцца з агульнымі праблемамі разам. Удзельнікі саміта згодныя з тым, што больш цеснае супрацоўніцтва і перспектыўны і ўсёабдымны палітычны дыялог з'яўляюцца ключавымі умовамі для пераадолення агульных выклікаў і дасягнення агульных мэт.

4. Удзельнікі падкрэсліваюць важнасць умацавання дзяржаўнай, эканамічнай і сацыяльнай устойлівасці як у краінах ЕС, так і ў краінах-партнёрах, а таксама ролю ў гэтых адносінах Усходняга партнёрства ў рэгіёне, суседнім з Еўрапейскім саюзам, што таксама адлюстравана ў Глабальнай стратэгіі Еўрапейскага саюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі і перагледжанай Еўрапейскай палітыцы суседства.

5. Усходняе партнёрства падтрымлівае намаганні па дасягненні ключавых глабальных праграмных мэт, устаноўленых Парадкам дня ААН у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, дзеля пабудовы належным чынам кіраваных, больш квітнеючых і адказных грамадстваў, і Парыжскім пагадненнем па клімаце. Удзельнікі саміта прызнаюць, што адмоўныя наступствы змяненняў клімату з'яўляюцца аднымі з найвялікшых выклікаў нашага часу і патрабуюць кансалідаваных намаганняў усіх бакоў. Яны пацвярджаюць важнасць пабудовы актыўнай грамадзянскай супольнасьці і забеспячэння гендэрнай роўнасці для вызвалення поўнага эканамічнага і сацыяльнага патэнцыялу ўсяго грамадства, паскарэння эканамічнага развіцця і ўмацавання сацыяльнай згуртаванасці.

6. Удзельнікі саміта па-ранейшаму глыбока занепакоеныя працягам парушэнняў нормаў міжнароднага права ў многіх частках рэгіёну. Удзельнікі саміта заклікаюць да аднаўлення намаганняў па садзейнічанні мірнаму ўрэгуляванню нявырашаных канфліктаў у рэгіёне на аснове прынцыпаў і норм міжнароднага права. Вырашэнне канфліктаў, умацаванне даверу і добрасуседскіх адносін маюць прынцыповае значэнне для эканамічнага і сацыяльнага развіцця і супрацоўніцтва. Удзельнікі саміта вітаюць намаганні ЕС і павелічэнне ролі ЕС ва ўрэгуляванні канфліктаў і ўмацаванні даверу ў рамках альбо ў падтрымку існуючых ўзгодненых фарматаў і працэсаў перамоў, у тым ліку праз прысутнасці на месцах, дзе гэта дарэчы.

7. Удзельнікі падкрэсліваюць, што Усходняе партнёрства мае на мэце стварэнне агульнай прасторы дэмакратыі, дабрабыту, стабільнасці і ўзмоцненага супрацоўніцтва і не накіравана супраць каго б то ні было. У тых выпадках, калі сувязі з іншымі партнёрамі патрабуюць больш шырокага ўдзелу і могуць спрыяць дасягненню мэт канкрэтнай дзейнасці і агульных мэт Усходняга партнёрства, супрацоўніцтва ў залежнасці ад кожнага канкрэтнага выпадку можа быць адкрыта для трэціх краін. Яны зноў пацвярджаюць суверэннае права кожнага партнёра вызначаць узровень амбіцый і мэты, да якіх ён імкнецца ў сваіх адносінах з Еўрапейскім саюзам.

8. Удзельнікі саміта вітаюць тое, што дасягнута Усходнім партнёрствам на сённяшні дзень, і ўзмацненне дыферэнцыяцыі ў двухбаковых адносінах паміж ЕС і кожнай з краін-партнёраў. Маштабы і глыбіня супрацоўніцтва вызначаюцца амбіцыямі і патрэбамі ЕС і партнёраў, а таксама тэмпамі і якасцю рэформ.

9. Удзельнікі саміта ўхваляюць поўнае ўступленне ў сілу Пагадненняў аб асацыяцыі і Пагадненняў аб стварэнні паглыбленых і ўсёабдымных зон свабоднага гандлю з Грузіяй, Рэспублікай Малдова і, зусім нядаўна, з Украінай на падставе рашэння кіраўнікоў дзяржаў ці ўрадаў ЕС, прынятага ў снежні 2016 года.

10. У гэтым кантэксце ўдзельнікі саміту прызнаюць еўрапейскія памкненні і еўрапейскі выбар адпаведных партнёраў, як адзначаецца ў пагадненнях аб асацыяцыі. Дамовы прадугледжваюць паскарэнне палітычнага збліжэння і эканамічнай інтэграцыі з Еўрапейскім саюзам. Удзельнікі саміта вітаюць падтрымку, што аказваецца Еўрапейскім саюзам у іх рэалізацыі. У дадзеным кантэксце пры захаванні інклюзіўнага характару УП своечасовым ўяўляецца прыцягненне партнёраў, якія заключылі пагадненні аб асацыяцыі і пагадненні аб стварэнні паглыбленых і ўсеабдымных зон свабоднага гандлю, да сумеснага абмеркавання прагрэсу, магчымасцяў і выклікаў, абумоўленых рэформамі, звязанымі з асацыяцыяй, па просьбе гэтых партнёраў і з мэтай садзейнічання поўнай рэалізацыі гэтых пагадненняў.

11. Удзельнікі саміта вітаюць падпісанне Пагаднення аб усёабдымным і пашыраным партнёрстве паміж Еўрапейскім саюзам і Арменіяй на палях саміта. Удзельнікі вітаюць значны прагрэс у бягучых перамовах паміж Еўрапейскім саюзам і Азербайджанам па новым рамачным пагадненні. Яны цэняць тое, што крытычнае ўзаемадзеянне ЕС з Беларуссю стала больш комплексным, у тым ліку ў рамках Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь, Дыялогу па правах чалавека і Дыялогу па гандлі.

12. Удзельнікі саміта вітаюць працяг падтрымкі Усходняга партнёрства з боку ЕС праз поўнае і мэтанакіраванае выкарыстанне Еўрапейскага інструмента суседства, у тым ліку праграм трансгранічнага супрацоўніцтва, ды іншых наяўных фінансавых інструментаў. Фінансавая падтрымка партнёраў Еўрапейскім саюзам будзе абумоўлена канкрэтнымі крокамі па ажыццяўленні рэформ. Заснаваны на стымулах падыход ЕС («больш за большае») будзе па-ранейшаму спрыяць тым партнёрам, якія найбольш актыўна ажыццяўляюць рэформы. План знешніх інвестыцый прадастаўляе новыя магчымасці для фінансавання, у прыватнасці, шляхам стварэння Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця, які, як чакаецца, эфектыўна мабілізуе значныя аб'ёмы інвестыцый.

13. Удзельнікі з нецярпеннем чакаюць далейшага росту дынамікі і эфектыўнасці нашага пашыранага і паглыбленага супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства з акцэнтам на дасягненні канкрэтных станоўчых вынікаў для грамадзян. Яны нагадваюць пра важнасць павышэння інфармаванасці супольнасцяў аб праграмах ЕС, якія спрыяюць дасягненню гэтай мэты.

14. Удзельнікі саміта вітаюць «20 канкрэтных задач на перыяд да 2020 года», якія забяспечваюць дасягненне канкрэтных вынікаў празрыстым і інклюзіўным чынам, а таксама садзейнічаюць умацаванню ўстойлівасці [як паказана ў Дадатку I]. Яны чакаюць актывізацыі супрацоўніцтва ў рамках перагледжанай шматбаковай структуры Усходняга партнёрства [як паказана ў Дадатку II], якая будзе больш эфектыўна падтрымліваць палітычныя мэты Партнёрства, у тым ліку супрацоўніцтва паміж партнёрамі. Яны распрацуюць больш інтэграваны, калегіяльны, міжгаліновы, арыентаваны на канкрэтныя вынікі падыход да гэтага супрацоўніцтва. Удзельнікі падкрэсліваюць ролю міністэрскіх сустрэч у прадастаўленні палітычнага кіраўніцтва для супрацоўніцтва ў розных галінах.

15. Удзельнікі саміта падкрэсліваюць, што належнае кіраванне на ўсіх узроўнях з'яўляецца ключавой умовай для забеспячэння даверу людзей да сваіх урадаў. Рэалізацыя рэформ у галіне дзяржаўнага кіравання і судовай сістэмы, а таксама барацьба з карупцыяй ляжаць у аснове ўсіх іншых стратэгій у гэтай сферы і з'яўляюцца неабходнымі для ўмацавання ўстойлівасці. Удзельнікі згодныя з тым, што ўмацаванне бяспекі людзей, якая таксама залежыць ад стварэння эфектыўных, падсправаздачных, празрыстых і дэмакратычных інстытутаў, паменшыць ўразлівасць грамадстваў. Супрацоўніцтва і падтрымка Еўрапейскім саюзам рэформ у сферы бяспекі, укараненне інтэграванага кіравання межамі, выкараненне арганізаванай злачыннасці, гандлю людзьмі і кантрабанды, вырашэнне праблем нерэгулярнай міграцыі, барацьба з гібрыднымі пагрозамі, супрацьдзеянне тэрарызму і гвалтоўнаму экстрэмізму, у тым ліку праз міжрэлігійны і міжкультурны дыялог, прадухіленне радыкалізацыі, узмацненне кібербяспекі і барацьба з кіберзлачыннасцю, узмацненне мер па прадухіленні бедстваў і рэагаванні на іх, а таксама па ўрэгуляванні крызісаў палепшыць здольнасць краін-партнёраў вытрымліваць ціск, з якім яны сутыкаюцца. Удзельнікі саміта дамовіліся пра важнасць эфектыўнага супрацоўніцтва паміж зацікаўленымі краінамі-партнёрамі і адпаведнымі структурамі ЕС у вырашэнні вышэйзгаданых праблем. Удзельнікі саміта падкрэсліваюць важнасць пашырэння, дзе гэта мэтазгодна, дыялогу па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва ў рамках Агульнай палітыкі бяспекі і абароны і вітаюць у гэтай сувязі каштоўны ўнёсак партнёраў у працу місій і аперацый ЕС.

16. Удзельнікі саміта лічаць, што эканамічнае і сацыяльнае развіццё і падтрымка працэсаў трансфармацыі ляжаць у аснове агульнага імкнення да стабільнасці і ўстойлівасці ў еўрапейскім рэгіёне. Распрацоўка ўстойлівай эканамічнай палітыкі і нарматыўных рамак, у тым ліку праз спалучэнне намаганняў Еўрапейскага саюза і міжнародных фінансавых інстытутаў, дапаможа стварыць спрыяльнае асяроддзе для развіцця канкурэнтаздольных, зялёных, лічбавых і інавацыйных эканомік, а таксама для прыцягнення інвестыцый, стварэння працоўных месцаў, садзейнічання інклюзіўнаму ўстойліваму росту і пашырэнню гандлю з ЕС і паміж краінамі-партнёрамі, у тым ліку пры актывізацыі намаганняў партнёраў па выкарыстанні ў поўнай меры існуючых зон свабоднага гандлю. У сувязі з гэтым яны вітаюць вынікі 4-га Бізнес-форума Усходняга партнёрства, які адбыўся ў кастрычніку 2017 года ў Таліне. Падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў, у тым ліку праз спрашэнне доступу да крэдытавання ў мясцовых валютах, а таксама садзейнічанне пашырэнню высакахуткаснага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт і пераход на больш нізкія тарыфы на роўмінг сярод краін-партнёраў і, магчыма, на больш познім этапе з ЕС будуць мець асаблівае значэнне. У гэтай сувязі ўдзельнікі саміта пагаджаюцца супрацоўнічаць у сферы гарманізацыі лічбавых рынкаў з мэтай распаўсюду пераваг адзінага лічбавага рынку на краіны-партнёры.

17. Улічваючы важнасць узаемазвязанасці, удзельнікі падзяляюць меркаванне аб тым, што павелічэнне эфектыўнасці і бяспекі транспартных сувязяў ствараюць новыя магчымасці для развіцця і ўмовы для больш цеснай камунікацыі і абменаў паміж Еўрапейскім саюзам і краінамі-партнёрамі і паміж самімі партнёрамі. Грунтуючыся на станоўчым досведзе Пагадненняў аб адзінай авіяцыйнай прасторы з Грузіяй і Рэспублікай Малдова, удзельнікі саміту нагадваюць пра важнасць заключэння Пагаднення аб адзінай авіяцыйнай прасторы з Украінай у самыя сьціслыя магчымыя тэрміны, а таксама выказваюцца за найхутчэйшае завяршэнне перамоў па такіх пагадненнях з Арменіяй і Азербайджанам. Яны надаюць важнае значэнне інтэрмадальнай і функцыянальнай сумяшчальнасці транспартных сувязяў, паляпшэнню сувязяў з сеткай TEN-T для ўсіх транспартных сродкаў і вітаюць падпісанне дакументаў аб узаемаразуменні на высокім узроўні паміж ЕС і краінамі-партнёрамі, у якіх вызначаны арыентыровачныя карты па апорных сетках. Удзельнікі саміта прызнаюць важнасць забеспячэння ўсіх бяспечнай, устойлівай, надзейнай і даступнай энергіяй, адзначаюць важнасць бяспекі паставак і дыверсіфікацыі крыніц, пастаўшчыкоў і маршрутаў пастаўкі энергіі ды падкрэсліваюць неабходнасць дзейнічаць у гэтых пытаннях у духу салідарнасці і інклюзіўнасці. Вітаецца актыўнае супрацоўніцтва краін-партнёраў у стварэнні Еўрапейскага энергетычнага саюза. Яны адданыя ўмацаванню энергетычнай бяспекі пры дапамозе развіцця ўзаемасувязяў і ўстойлівага выкарыстання энергетычных рэсурсаў, у тым ліку праз павышэнне энергаэфектыўнасці і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, зніжэнне залежнасці і павышэнне ўстойлівасці. Удзельнікі таксама падкрэсліваюць, найвышэйныя міжнародныя стандарты ядзернай бяспекі і абароны навакольнага асяроддзя павінны быць выкананыя належным чынам.
Удзельнікі саміта падкрэсліваюць сваю прыхільнасць пераходу да больш зялёнай, больш эфектыўнай і ўстойлівай эканомікі, а таксама актывізацыі намаганняў па адаптацыі да зменаў клімату і змякчэнні іх наступстваў, а таксама вырашэнню экалагічных праблем. Своечасовая рэалізацыя шматбаковых пагадненняў і ўсеабдымныя рэформы ў гэтых абласцях па-ранейшаму маюць ключавое значэнне.

18. Кантакты паміж людзьмі, у тым ліку праз адукацыйныя, маладзёжныя, культурныя і навуковыя абмены і мабільнасць, аб'ядноўваюць супольнасці. Удзельнікі саміта вітаюць эфектыўнае функцыянаванне бязвізавых рэжымаў для Рэспублікі Малдова, Грузіі і Украіны. Яны разлічваюць пашырыць супрацоўніцтва і дасягнуць далейшага прагрэсу ў сферы мабільнасці ў бяспечных і добра кіраваных умовах і з часам разгледзець пытанне аб пачатку дыялогу па лібералізацыі візавага рэжыму з Арменіяй пры наяўнасцi ўмоў для добра кіраванай і бяспечнай мабільнасці, у тым ліку эфектыўнай рэалізацыі пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж бакамі. Удзельнікі чакаюць больш актыўнага ўзаемадзеяння з усімі партнёрамі па мадэрнізацыі сістэм адукацыі, даследаванняў і інавацый і павышэння іх якасці і канкурэнтаздольнасці пры адначасовым захаванні правоў, якімі ўжо карыстаюцца асобы, якія належаць да нацыянальных меншасцяў, як гэта замацавана ў канвенцыях ААН і Савета Еўропы і адпаведных пратаколах, недапушчэнні дыскрымінацыі асоб, якія належаць да меншасцяў, і павазе разнастайнасці з поўным улікам досведу структур Савета Еўропы пры рэфармаванні гэтых сістем. Асаблівая ўвага будзе надавацца падтрымцы і пашырэнню магчымасцяў маладых людзей, як было падкрэслена на 3-м Моладзевым форуме Усходняга партнёрства ў чэрвені 2017 года ў Варшаве, у прыватнасці, з пункту гледжання развіцця іх навыкаў, грамадзянскага ўдзелу і салідарнасці, пашырэння акадэмічнай мабільнасці, садзейнічання іх працаўладкаванню і заахвочвання іх прадпрымальніцкіх якасцяў у рамках комплекснай моладзевай палітыкі і моладзевага пакета, прадстаўленага ЕС.

19. Удзельнікі саміта падкрэсліваюць важную ролю, якую адыгрываюць эфектыўныя сродкі масавай інфармацыі і свабода слова ў дэмакратычным, устойлівым і квітнеючым грамадстве. Яны прызнаюць неабходнасць узмацнення падтрымкі незалежных СМІ, прафесіяналізму СМІ, а таксама медыйнай пісьменнасці ва ўсім Усходнім партнёрстве. Яны таксама згаджаюцца з тым, што неабходна прадоўжыць актывізацыю намаганняў у сферы стратэгічных камунікацый і працу па павелічэнні інфармаванасці супольнасцяў аб супрацоўніцтве паміж ЕС і краінамі Усходняга партнёрства, а таксама павышаць інфармаванасць супольнасцяў аб дэзінфармацыі і выкрываць дэзінфармацыю. У сувязі з гэтым яны вітаюць унёсак 2-й Медыйнай канферэнцыі Усходняга партнёрства, якая адбылася ў верасні 2017 года ў Кіеве.

20. Удзельнікі саміта зноў пацвярджаюць важнасць для Усходняга партнёрства інклюзіўнага ўдзелу ўсіх слаёў грамадства. Яны адданыя забеспячэнню роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі і падтрымцы пашырэння магчымасцяў жанчын, як гэта прадугледжана Планам дзеянняў ЕС па гендэрнай роўнасці.

Узаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку праз Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, а таксама пашырэнне ахопу і адраснай падтрымкі арганізацый грамадзянскай супольнасці і сацыяльных партнёраў на мясцовым, базавым узроўні застаецца неад'емнай часткай гэтага партнёрства, як было адзначана на Канферэнцыі грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў кастрычніку 2017 года ў Таліне. Яны вітаюць тую ролю, якую выконваюць мясцовыя і рэгіянальныя ўлады ў рамках Канферэнцыі рэгіянальных і мясцовых уладаў краін Усходняга партнёрства (CORLEAP) у прасоўванні мэт партнёрства на ўзроўні праўлення, найбольш блізкім да людзей. Удзельнікі саміта заклікаюць да больш цеснага міжпарламенцкага супрацоўніцтва, дыялогу і садзейнічання абменам у рамках Парламенцкай асамблеі EURONEST і ў гэтым кантэксце прызнаюць важнасць стварэння яго Бюро "Спецыяльнай рабочай групы па пытаннях пагадненняў аб асацыяцыі".

21. Удзельнікі саміту чакаюць наступнага саміту Усходняга партнёрства, прызначанага на 2019 год, падчас якога яны маюць намер прааналізаваць ход работы па вырашэнні канкрэтных задач Усходняга партнёрства і даць указанні адносна далейшага ўмацавання супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства.

 

Дадатак I - "20 канкрэтных задач на перыяд да 2020 года"

Дасягненне канкрэтных вынікаў для нашых грамадзян з'яўляецца цэнтральным элементам нашай дзейнасці ў рамках Усходняга партнёрства. У адпаведнасці з чатырма прыярытэтамі, узгодненымі на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе ў 2015 годзе, былі вызначаны 20 ключавых сфер з адпаведнымі задачамі на перыяд да 2020 года. Імкненне да ўмацавання нашай агульнай устойлівасці кіравала намі пры вызначэнні канкрэтных задач.
"20 канкрэтных задач на перыяд да 2020 года" задуманы як працоўны інструмент, распрацаваны з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. З дапамогай аптымізаванай архітэктуры шматбаковага супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнёрства будзе ажыццяўляцца пільны і рэгулярны маніторынг працы па дасягненні ўзгодненых мэт. Гэта будзе рабіцца з прымяненнем арыентаванага на вынікі, комплекснага і сістэматычнага падыходу пры выкананні прынцыпаў супольнага валодання, супольнай прыхільнасці і ўзаемадапаўняльнасці двухбаковых прыярытэтаў.

Скразныя задачы

1.         Наяўнасць актыўнай грамадзянскай супольнасьці з'яўляецца неабходным умовай для фармавання дэмакратычнай тканіны грамадства, забеспячэння празрыстага дзяржаўнага кіравання, развіцця прыватнага сектара, усеабдымнага і ўстойлівага эканамічнага росту, абароны навакольнага асяроддзя, сацыяльных інавацый, мабільнасці і кантактаў паміж людзьмі. Грамадзянская супольнасць з'яўляецца незаменным партнёрам для ўрада і ёсць рухаючай сілай рэформ і пашырэння падсправаздачнасці. Рост тэхнічных экспертных ведаў і патэнцыялу кіравання арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку сацыяльных партнёраў, павысіць каштоўнасць дыялогу па праграмна-стратэгічных пытаннях і арыентаванай на вынікі сістэмы прыняцця рашэнняў у краінах-партнёрах.

2.         Забеспячэнне гендэрнай роўнасці і недапушчэнне дыскрымінацыі дазволяць краінам-партнёрам у поўнай меры выкарыстаць эканамічны і сацыяльны патэнцыял сваіх грамадстваў. Будзе забяспечана поўнамаштабная праца з супольнасцямі ў краінах-партнёрах у адпаведнасці з Планам дзеянняў ЕС па гендэрнай роўнасці на 2016-2020 гг., Канвенцыяй аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын і прынцыпамі недапушчэння дыскрымінацыі. ЕС будзе садзейнічаць прыняццю адпаведнага заканадаўства, а таксама стварэнню і ўмацаванню эфектыўных органаў па забеспячэнні роўнасці. Праграма «Жанчыны ў бізнэсе» палепшыць эканамічныя перспектывы жанчын-прадпрымальнікаў.

3.         Стварэнне больш эфектыўнай, дакладнай і адаптаванай сістэмы стратэгічных камунікацый, у тым ліку пры дапамозе Stratcom EAST, зробіць Еўрапейскі саюз больш зразумелым для жыхароў рэгіёна Усходняга суседства, а краіны-партнёры і Усходняе партнёрства – больш зразумелымі для грамадзян ЕС. Садзейнічанне плюралізму СМІ і іх незалежнасці ў краінах-партнёрах будзе і далей весці да павелічэння падсправаздачнасці, а таксама ўстойлівасці да дэзінфармацыі.

Эканамічнае развіццё і рынкавыя магчымасці

4.         Патэнцыял росту малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП) у краінах-партнёрах будзе рэалізаваны з дапамогай праграмы EU4Business, адпаведных нацыянальных праграм падтрымкі, а таксама пры дапамозе паляпшэння ўмоў для функцыянавання МСП у краінах-партнёрах. Інстытуцыяналізацыя дзяржаўна-прыватнага дыялогу, дапамога арыентаваным на кліента арганізацыям падтрымкі бізнесу і стварэнне новай рэгіянальнай сеткі эканамічнай дыпламатыі для пашырэння гандлю і заахвочвання інвестыцый у рэгіёне Усходняга суседства яшчэ больш умацуе патэнцыял устойлівага эканамічнага росту.

5.         Будуць ліквідаваныя прабелы ў даступнасці фінансаў і фінансавай інфраструктуры для эфектыўнага дасягнення ўстойлівага эканамічнага развіцця і пераўтварэнняў. Будуць падтрымлівацца намаганні па паглыбленні і пашырэнні рынкаў капіталу, у тым ліку праз пілотныя праграмы рэфармавання рынку капіталу. Будуць падтрымлівацца эфектыўныя крэдытныя рэестры і альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання для садзейнічання інвестыцыям і павелічэння экспарту. Гэтыя рэформы будуць садзейнічаць павелічэнню крэдытавання ў мясцовых валютах у цесным супрацоўніцтве з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.

6.         Стварэнне новых магчымасцяў для працаўладкавання на мясцовым і рэгіянальным узроўнях будзе падтрымлівацца шляхам рэалізацыі праграм ЕС, накіраваных на дыверсіфікацыю эканамічнай дзейнасці і скарачэнне няроўнасці, асабліва сярод маладых грамадзян. Новая ініцыятыва «Мэры за эканамічны рост» дапаможа мабілізаваць мясцовыя ўлады для рэалізацыі "разумных" стратэгій мясцовага эканамічнага развіцця. Рэалізацыя рэгіянальных праектаў развіцця, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, будзе і далей садзейнічаць дасягненню гэтых мэт.

7.         Гарманізацыя лічбавых рынкаў паміж краінамі-партнёрамі і з ЕС будзе заахвочвацца ў рамках ініцыятывы EU4Digital для ліквідацыі існуючых перашкод і бар'ераў для агульнаеўрапейскіх анлайн-сэрвісаў для грамадзян, дзяржаўных адміністрацый і прадпрыемстваў. У дадзеным кантэксце супрацоўніцтва будзе засяроджана на падтрымцы краін-партнёраў ва ўмацаванні незалежнасці нацыянальных тэлекамунікацыйных рэгулятараў, гарманізацыі размеркавання спектру частот і цэнаўтварэння ў сферы паслуг роўмінгу, рэалізацыі нацыянальных стратэгій развіцця шырокапалоснага доступу, кібербяспекі, лічбавых інавацый, функцыянальна сумяшчальных паслуг eHealth і лічбавых навыкаў і эксперыментальным укараненні трансгранічных электронных подпісаў, электроннага гандлю і лічбавых транспартных калідораў.

8.         Будзе заахвочвацца гандаль паміж ЕС і краінамі-партнёрамі, а таксама паміж краінамі-партнёрамі, у тым ліку шляхам рэалізацыі Пагадненняў аб стварэнні паглыбленых і ўсеабдымных зон свабоднага гандлю з трыма партнёрамі: Грузіяй, Рэспублікай Малдова і Украінай. Выкарыстоўваючы дыферэнцыраваны падыход, ЕС працягне сумеснае абмеркаванне з кожнай з краін-партнёраў, у тым ліку з Арменіяй, Азербайджанам і Беларуссю, прывабных і рэалістычных магчымасцяў для павелічэння аб'ёму ўзаемнага гандлю і прыцягнення інвестыцый на ўзаемавыгаднай аснове, рэфармаванай інвестыцыйнай палітыкі ў адносінах да абароны інвестыцый, а таксама правілаў міжнароднага гандлю і звязаных з гандлем міжнародных стандартаў, у тым ліку ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, і для садзейнічання мадэрнізацыі і дыверсіфікацыі эканомік.

Узмацненне інстытутаў і належнае кіраванне
 

9.         Механізмы вяршэнства права і барацьбы з карупцыяй будуць узмоцненыя шляхам садзейнічання стварэнню і далейшаму развіццю ўстойлівых структур для прадухілення карупцыі і барацьбы з ёй, павелічэння празрыстасці і барацьбы з адмываннем грошай. У дадзеным кантэксце будзе нададзена ўвага эфектыўным сістэмам дэкларавання актываў і канфліктаў інтарэсаў з лёгкадаступным базамі дадзеных, крокам па рэалізацыі адпаведных міжнародных рэкамендацый па фінансаванні палітычных партый, незалежнасці антыкарупцыйных органаў і распрацоўцы прававой базы і механізмаў для вяртання актываў і кіравання актывамі і эфектыўных інструментаў для правядзення фінансавых расследаванняў.

10.       Прынцыповае значэнне будзе надавацца рэалізацыі ключавых рэформаў у адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі ў дачыненні да незалежнасці, бесстароннасці, эфектыўнасці і падсправаздачнасці судовых органаў, уключаючы стварэнне адпаведных электронных інструментаў, напрыклад, для размеркавання спраў з адпаведнасці з аб'ектыўнымі, загадзя ўсталяванымі крытэрамі. Досвед празрыстага і заснаванага на заслугах прыёма суддзяў на працу і іх прасоўвання па службе, інфармавання аб дысцыплінарных справах, павелічэння даступнасці правасуддзя, усебаковай і эфектыўнай падрыхтоўкі судовых работнікаў, істотнага скарачэння аб'ёму назапашаных грамадзянскіх і крымінальных спраў і паляпшэння сітуацыі з выкананнем судовых рашэнняў, у адпаведнасці з узгодненым наборам паказчыкаў, будзе спрыяць умацаванню даверу грамадства да дзяржаўных інстытутаў.

11.       Правядзенне рэформ дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпамі для забеспячэння прафесійнага, дэпалітызаванага, падсправаздачнага і этычнага дзяржаўнага кіравання будзе мець ключавое значэнне. Нацыянальныя стратэгіі, якія адпавядаюць міжнародным прынцыпам, удасканаленае заканадаўства аб дзяржаўнай службе, даступнасць інфармацыі для грамадскасці, даступнасць і арыентаванасць дзяржаўных органаў на прадастаўленне паслуг, узмацненне бюджэтнага нагляду і ўдасканаленне інстытуцыйных рамак афіцыйнай статыстыкі будзе разглядацца ў якасці прыкмет прагрэсу ў гэтай галіне. Будзе вывучана магчымасць рэалізацыі праграмы ментарства (job shadowing) для дзяржаўных служачых.

12.       Больш цеснае супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і кіравання рызыкамі стыхійных бедстваў будзе садзейнічаць павелічэнню ўзроўню падрыхтаванасці партнёраў да рэагавання на крызісы і катастрофы. Дзякуючы падтрымцы, у тым ліку падтрымцы ў нарошчванні патэнцыялу барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, партнёры стануць больш устойлівымі да гібрыдных пагроз, у тым ліку па пытаннях кібербяспекі і скарачэння хімічных, біялагічных, радыёлагічных і ядзерных рызык злачыннага, выпадковага ці натуральнага паходжання. Умацаванне дыялогу па пытаннях бяспекі і практычнага супрацоўніцтва ў рамках Агульнай палітыкі бяспекі і абароны, у тым ліку пашырэнне магчымасцяў для навучання і нарошчванне патэнцыялу ў рамках Агульнай палітыкі бяспекі і абароны / Агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, будзе спрыяць павелічэнню ўнёску краін-партнёраў у еўрапейскія грамадзянскія і ваенныя місіі і аперацыі.

Узаемазвязанасць, энергаэфектыўнасць, навакольнае асяроддзе і змены клімату

13.       Дасягненне прагрэсу ў пашырэнні транс'еўрапейскай транспартнай сеткі (TEN-Е), што ўключае аўтамабільныя дарогі, чыгункі, парты і аэрапорты і ўнутраныя водныя шляхі, атрымае актыўную падтрымку следам за распрацоўкай арыентыровачнага доўгатэрміновага плана інвестыцыйных дзеянняў для завяршэння стварэння сеткі TEN-T да 2030 года. Стварэнне неабходных змычак з пашыранай базавай сеткай і ліквідацыя вузкіх месцаў у лагістычным ланцужку, у тым ліку за кошт павышэння эфектыўнасці існуючых транспартных сетак, палегчыць транспарціроўку, тым самым стымулюючы эканамічныя абмены. Устойлівасць і інтэнсіфікацыя транспартных патокаў тавараў будзе забяспечана за кошт павышэння эфектыўнасці працэдур перасячэння межаў і памяншэння адміністрацыйных, тэхнічных і іншых бар'ераў. Больш высокі ўзровень бяспекі дарожнага руху і наступныя крокі ў дачыненні да Пагадненняў аб адзінай авіяцыйнай прасторы будуць надалей узмацняць транспартную ўзаемазвязанасць.

14.       Бяспека энергазабеспячэння будзе ўзмоцнена за кошт павелічэння ўзаемазвязанасці сістэм транспарціроўкі газу і электраэнергіі паміж краінамі-партнёрамі і паміж краінамі-партнёрамі і ЕС. Ініцыятыва EU4Energy будзе садзейнічаць павелічэнню эфектыўнасці і празрыстасці на энергетычных рынках. Працягнецца падтрымка існуючага супрацоўніцтва ў рамках Энергетычнай супольнасці, што дапаможа ўсходнім партнёрам выканаць адпаведныя абавязальніцтвы. У дадзеным кантэксце дэманстрацыяй прыхільнасці супрацоўніцтву і дасягненню прагрэсу будзе з'яўляцца мадэрнізацыя ўкраінскай газатранспартнай сістэмы і сховішчаў, забеспячэнне функцыянавання стратэгічнага Паўднёвага газавага калідора і яго далейшае пашырэнне ў напрамку Цэнтральнай Азіі, пракладка злучальнага газаправода «Унгень-Кішынёў» і «Хермановице-Бильче-Волиця», умацаванне сувязяў паміж электрасеткамі Грузіі і Арменіі, а таксама стварэнне ўмоў для патэнцыйнай інтэграцыі энергетычных сістэм Украіны і Малдовы з еўрапейскай сеткай.

15.       Будуць зроблены рашучыя крокі для пераходу да ўстойлівых да змены клімату і звязаных з нізкімі ўзроўнямі выкідаў вугляроду мадэлям росту для павелічэння энергаэфектыўнасці і пашырэння выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі і скарачэння выкідаў парніковых газаў у адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем аб клімаце. Дадзеныя крокі ўключаюць у сябе рэалізацыю Планаў дзеянняў па ўстойлівай энергетыцы і клімаце ў рамках праграмы "Пагадненне мэраў", падтрымку МСП для забеспячэння ўстойлівай эфектыўнасці, забеспячэнне эфекту сінэргіі паміж EU4Business, EU4Energy і EU4Innovation, разблакаванне фінансавання для зялёных інвестыцый, садзейнічанне распрацоўцы нацыянальных стратэгій скарачэння выкідаў парніковых газаў, а таксама стварэнне нацыянальных сістэм маніторынгу выкідаў, справаздачнасці і кантролю, а таксама далейшыя меры па распрацоўцы бакамі нацыянальнай палітыкі па адаптацыі.

16.       Меры па абароне навакольнага асяроддзя, змякчэнні наступстваў змены клімату і адаптацыі да іх будуць актывізаваныя за кошт удасканалення кіравання воднымі рэсурсамі і трансгранічнага супрацоўніцтва, інтэгравання звязаных з навакольным асяроддзем і кліматам мэт у галіновую палітыку, распрацоўкі сістэмы разумнага экалагічнага кіравання і павышэння экалагічнай дасведчанасці. Будзе забяспечана падтрымка пераходу да больш зялёнай і цыклічнай эканомікі. Падрыхтоўка планаў кіравання рачнымі басейнамі, ідэнтыфікацыя экалагічных рызык для Чорнага мора, распрацоўка заканадаўства для правядзення стратэгічных экалагічных ацэнак і ацэнак ўздзеяння, паляпшэнне доступу да экалагічных дадзеных і садзейнічанне ўстойлівай эксплуатацыі жывых рэсурсаў мора будуць некаторымі з ключавых крокаў у гэтай галіне.

Мабільнасць і кантакты паміж людзьмі

17.       Развіццё супрацоўніцтва ў сферы мабільнасці будзе забяспечвацца з дапамогай пастаяннага маніторынгу выканання крытэрыяў візавай лібералізацыі Грузіяй, Рэспублікай Малдова і Украінай, разгляду – ў адпаведны час і пры наяўнасці адпаведных умоў – магчымасці для пачатку дыялогу па лібералізацыі візавага рэжыму з Арменіяй і Азербайджанам, калі пры гэтым будуць створаны ўмовы для добра кіраванай і бяспечнай мабільнасці, уключаючы эфектыўную рэалізацыю пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж бакамі, а таксама праз заключэнне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і пагадненні аб рэадмісіі з Беларуссю. Працягнецца аказанне дапамогі ў рэалізацыі існуючых партнёрстваў у сферы мабільнасці, у тым ліку з мэтай паляпшэння сістэмы кіравання міграцыяй у краінах-партнёрах. Укараненне інтэграванага кіравання межамі праз мадэрнізаваную сетку пунктаў перасячэння мяжы паміж краінамі-партнёрамі і паміж імі і дзяржавамі-членамі ЕС будзе садзейнічаць мабільнасці, адначасова паляпшаючы сітуацыю ў сферы бяспекі і спрыяючы пашырэнню гандлёвых патокаў.

18.       Будзе значна павялічаны аб'ём інвестыцый у развіццё навыкаў моладзі і сферу прадпрымальніцтва і працаўладкавання, асабліва за кошт узмацнення "Моладзевага пакета", які будзе прадстаўлены ЕС у рамках ініцыятывы EU4Youth і будзе ўключаць у сябе новую схему мабільнасці для моладзі і мэтанакіраваныя дзеянні ў рамках дарожных карт па працы з моладдзю з асаблівым акцэнтам на лідэрстве, мабільнасці і якасці фармальнай і нефармальнай адукацыі. Маладыя людзі і працоўная моладзь атрымаюць карысць ад пашырэння магчымасцяў мабільнасці па праграме Erasmus +. Удзел краін-партнёраў у праграмах Erasmus +, Creative Europe, COSME і Horizon 2020 адкрывае новыя магчымасці мабільнасці для ўніверсітэтаў, адміністрацый, прадпрыемстваў, спецыялістаў, культурных і аўдыёвізуальных аператараў, студэнтаў і маладых даследчыкаў і спрыяе развіццю культурных і творчых галін. Актывізацыя супрацоўніцтва ў рамках праграм ЕС будзе падтрымлівацца там, дзе гэта актуальна і мэтазгодна.

19.       З улікам досведу дзяржаў-членаў ЕС будзе створана Еўрапейская школа Усходняга партнёрства для прадастаўлення якаснай адукацыі навучэнцам з краін-партнёраў, пашырэння іх магчымасцяў у галіне адукацыі і працаўладкавання, садзейнічання супрацоўніцтву, міжкультурнаму ўзаемаразуменню, талерантнасці, укараненню фундаментальных каштоўнасцяў, больш глыбокага разумення Еўрапейскага саюза і яго ролі ў рэгіёне, а таксама ўдасканалення моўных навыкаў. Сетка ўніверсітэтаў у краінах-партнёрах будзе займацца пытаннямі ўдасканалення выкладання.

20.       Інтэграцыя даследчых і інавацыйных сістэм УП і ЕС будзе прасоўвацца з дапамогай новай ініцыятывы EU4Innovation, накіраванай на пашырэнне перспектыў працаўладкавання і кар'ернага росту даследчыкаў, якая фінансуе даследчую і інавацыйную дзейнасць на конкурснай аснове і садзейнічае стварэнню партнёрскіх адносін паміж даследчыкамі і вытворцамі. Дадзеная праца будзе нацэлена на забеспячэнне поўнага доступу адпаведных краін-партнёраў да ўсіх схем фінансавання Horizon 2020 для індывідуальных даследчыкаў. Рэформы нацыянальных навукова-даследчых і інавацыйных сістэм павысяць іх эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць. Інтэграцыя ў агульнаеўрапейскую сетку GEANT, якая аб'ядноўвае ўсе нацыянальныя даследчыя і адукацыйныя сеткі ў Еўропе, яшчэ больш скароціць лічбавы разрыў.

Дадатак II

 

ЕaP Summit

Саміт Усходняга партнёрства (УП)

EaP Foreign Affairs Ministerial

Сустрэча міністраў замежных спраў УП

Sector-Specific Ministerial

Сустрэчы галіновых міністраў

Informal Partnership Dialogues

Нефармальныя партнёрскія дыялогі

Political steering

Палітычная каардынацыя

Senior Officials Meeting

Сустрэчы высокага ўзроўню

Steering of Platforms and Panels

Каардынацыя платформ і панэляў

Cross-sectoral guidance

Міжгаліновая каардынацыя

Platform 1: Strengthening institutions and good governance

Платформа 1: Умацаванне інстытутаў і належнае кіраванне

Platform 2: Economic development and market opportunities

Платформа 2: Эканамічнае развіццё і магчымасці рынку

Platform 3: Connectivity, energy efficiency, environment and climate change

Платформа 3: Узаемазвязанасць, энергаэфектыўнасць, навакольнае асяроддзе, змены клімату

Platform 4: mobility and people-to-people contacts

Платформа 4: Мабільнасць і кантакты паміж людзьмі

Panels

Панэлі

Governance and Public Administration Reform

Рэформа дзяржаўнага кіравання

Structural reforms, Financial sector, architecture, agriculture and SMEs

Структурныя рэформы, фінансавы сектар, архітэктура, сельская гаспадарка і МСП

Energy

Энергетыка

Education, Culture and Youth

Адукацыя, культура і моладзь

Rule of Law

Вяршэнства права

Trade

Гандаль

Delivery of results

Забеспячэнне вынікаў

Transport

Транспарт

Research and innovation

Даследаванні ды інавацыі

Security, CDSP and civil protection

Бяспека, агульная палітыка ў сферы бяспекі і абароны, абарона грамадзянскага насельніцтва

Harmonisation of digital markets

Гарманізацыя лічбавых рынкаў

Environment and climate change

Навакольнае асяроддзе і змяненні клімату

Migration, mobility and IBM

Міграцыя, мабільнасць і інтэграванае кіраванне межамі

Engagement of Civil Society

Задзейнічанне грамадзянскай супольнасці

EWGs

Экспертныя працоўныя групы

Expert discussions

Экспертныя абмеркаванні

Для забеспячэння эфектыўнасці новай аптымізаванай архітэктуры Усходняга партнёрства і ўзгодненасці ў дзеяннях, у адпаведнасці са стратэгічным напрамкам, зададзеным на саміце, і палітычнымі ўказаннямі, агучанымі на міністэрскіх сустрэчах, платформы рэарганізаваныя ў міжгаліновыя форумы згодна з чатырма ключавымі напрамкамі супрацоўніцтва, прынятымі на Саміце УП у Рызе ў 2015 годзе. Яны будуць служыць злучальным звяном паміж пасяджэннямі панэляў (дзе будзе праходзіць паглыбленае абмеркаванне) і сустрэчамі высокага ўзроўню (якія будуць ажыццяўляць агульнае кіраўніцтва, забяспечваць сінэргію і кантраляваць агульны працэс). Платформы будуць задаваць праграмны накірунак для працы панэляў і рабіць справаздачу перад удзельнікамі сустрэч высокага ўзроўню. Дадзеная архітэктура УП будзе ўведзеная ў дзеянне праз інклюзіўную і арыентаваную на вынікі працэдуру. ЕС і краіны-партнёры ўзгодняць план працы і метадалогію, арыентаваныя на вырашэнне задач, у прыватнасці, "20 канкрэтных задач на перыяд да 2020 года". Грамадзянская супольнасць, у тым ліку, дзе гэта мэтазгодна, сацыяльныя партнёры і дзелавыя колы, будзе ў поўнай меры ўдзельнічаць у абноўленай працэдуры і вырашэнні гэтых задач.

Languages: