Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Сумесная заява Высокага прадстаўніка Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі і Генеральнага сакратара Савета Еўропы з нагоды Еўрапейскага і Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання

У Еўрапейскі і Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання Савет Еўропы і Еўрапейскі саюз зноў заяўляюць аб сваiм рашучым і абсалютным непрыманні прымянення вышэйшай меры пакарання пры любых абставінах і ва ўсіх выпадках. Смяротнае пакаранне несумяшчальнае з чалавечай годнасцю. Яно ўяўляе сабой бесчалавечнае і зневажальнае абыходжанне, не мае даказанага эфекту стрымання і робіць судовыя памылкі незваротнымі і фатальнымі.

Адмена смяротнага пакарання – асаблівае дасягненне Еўропы. Усе дзяржавы-члены Еўрапейскага саюза і Савета Еўропы ўжо адмовіліся ад гэтай меры пакарання. Адмена смяротнага пакарання на заканадаўчым узроўні ці на практыцы – гэта неабходная ўмова членства ў Савеце Еўропы. Поўная забарона на прымяненне смяротнай кары пры любых абставінах прапісана ў Хартыі Еўрапейскага саюза аб асноўных правах. Аднаўленне смяротнага пакарання любой дзяржавай-членам супярэчыла б каштоўнасцям і абавязальніцтвам, якія ляжаць у падмурку абедзвюх Арганізацый. Савет Еўропы і Еўрапейскі саюз заклікаюць усе еўрапейскія дзяржавы ратыфікаваць пратаколы да Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, якія забараняюць смяротнае пакаранне. Яны настойліва заклікаюць Рэспубліку Беларусь, адзіную еўрапейскую краіну, якая яшчэ ўжывае смяротнае пакаранне, увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці рашучага кроку, які набліжае краіну да агульнаеўрапейскіх прававых стандартаў.

Савет Еўропы і Еўрапейскі cаюз зноў звяртаюцца да ўсіх краін свету, якія ўсё яшчэ ўжываюць смяротнае пакаранне, з рашучым заклікам неадкладна ўвесці мараторый на прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў у якасці першага кроку на шляху да адмены смяротнага пакарання і замяніць пазасталыя смяротныя прысуды турэмным зняволеннем. У любым выпадку ўсе гэтыя краіны, падпарадкоўваючыся міжнароднаму праву, павінны ўстрымлівацца, сярод іншага, ад прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да непаўнагадовых, асоб, якія пакутуюць на псіхічныя захворванні, асоб з парушэннем інтэлектуальнага развіцця і асоб, якія не здзейснілі асабліва цяжкіх злачынстваў (у прыватнасці, не павінна прыводзіцца ў выкананне смяротнае пакаранне ў дачыненні да асоб, якія абвінавачваюцца ў эканамічных злачынствах ці ў злачынствах, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў). Акрамя гэтага, пакаранні не павінны прыводзіцца ў выкананне, калі адпаведная інфармацыя не была перададзена самым блізкім сваякам і адвакатам асуджаных.

Савет Еўропы і Еўрапейскі саюз вітаюць сусветны рух да адмены вышэйшай меры пакарання, у выніку якога ўжо больш за дзве траціны ўсіх краін адмянілі смяротнае пакаранне заканадаўча альбо на практыцы. Неабходна выкарыстоўваць гэты глабальны імпульс, каб уцягнуць у рух тыя краіны, якія ўсё яшчэ прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды. Савет Еўропы і Еўрапейскі саюз працягнуць узаемадзеянне з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у падтрымку сусветнага руху да адмены смяротнага пакарання. Яны будуць выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі, каб змагацца з катаваннямі і іншымі сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека пры прызначэнні і ўжыванні смяротнага пакарання.

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы: