An official website of the European Union. See all European Institutions
An official website of the European Union. See all European Institutions
Узятае на сябе ЕС абавязальніцтва выдзеліць дадатковыя сродкі Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця ў памеры 6 мільёнаў еўра на 4 гады надае новы імпульс праграме "Кансультацыі для малога бізнесу" (ASB) ЕБРР у Беларусі.
Больш за 200 мясцовых малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП) змогуць скарыстацца экспертнымі рэкамендацыямі і ноў-хаў, прапанаванымі праграмай. Асаблівая ўвага будзе засяроджана на ахопе кампаній за межамі сталіцы і абласных цэнтраў Беларусі.
Чакаецца таксама, што новыя сродкі дазволяць ЕБРР працаваць з адабранымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі для садзейнічання іх рэструктурызацыі і магчымай прыватызацыі.
Падтрымка ЕС, якая ажыццяўляецца ў рамках ініцыятывы EU4Business *, атрымала поўнае ўхваленне беларускіх уладаў.
Пасол ЕС у Рэспубліцы Беларусь Андрэа Віктарын заявіла: "Сёння ЕС з радасцю паведамляе аб выдзяленні 6 мільёнаў еўра на падтрымку малога бізнесу ў Беларусі. ЕС з'яўляецца адным з найбуйнейшых акцыянераў ЕБРР, і мы абапіраемся галоўным чынам на нашых партнёраў з Банка ў рэалізацыі абноўленай праграмы "Кансультацыі для малога бізнесу "у Беларусі, распаўсюджваючы яе дзеянне на новыя вобласці і раёны Беларусі".
Міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі, які прымаў у сваім міністэрстве цырымонію падпісання пагаднення, сказаў: «Урад Беларусі падтрымлівае намаганні ЕБРР па развіцці прыватнага сектара Беларусі пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Кансультатыўная праграма адыграла важную ролю ў развіцці шэрагу малых і сярэдніх кампаній, што дазволіла ім павысіць сваю эфектыўнасць і ў некаторых выпадках дапамагло трансфармавацца ў перадавікоў прыватнага сектара».
Прэзідэнт ЕБРР Сума Чакрабарці заявіў: «Мы хацелі б падзякаваць ЕС за прадастаўленне гэтых рэсурсаў. Дзякуючы гэтаму будзе аказана падтрымка многім беларускім прыватным прадпрыемствам, якія іграюць усё больш важную ролю ў мясцовай эканоміцы".
Новая праграма «Кансультацыі для малога бізнесу» будзе абапірацца на шырокі вопыт ЕБРР ў пытаннях прадастаўлення кансультацыйных паслуг у Беларусі (праз мясцовых кансультантаў альбо міжнародных галіновых экспертаў) і фінансавання з моманту пачатку рэалізацыі праграмы ў 2012 годзе. За перыяд з 2012 па 2016 год у рамках праграмы аказана падтрымка больш за 250 суб'ектам МСП ў Рэспубліцы Беларусь, што дапамагло гэтым прадпрыемствам стварыць звыш 1500 новых працоўных месцаў і павялічыць выручку ў сярэднім на 63%.
З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвеставаў амаль 1,9 мільярда еўра ў 90 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.
* Ініцыятыва «EU4Business» накіравана на развіццё прыватнага сектара праз прадастаўленне МСП дапамогі ў набыцці новых навыкаў, павышэнні сваёй канкурэнтаздольнасці, атрыманні доступу да фінансавання і павелічэнні аб'ёму экспарту на новыя рынкі, уключаючы ЕС. Ініцыятыва адносіцца да ўсіх краін Усходняга партнёрства: Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. У рамках ініцыятывы таксама аказваецца падтрымка ўрадам у пытаннях правядзення рэформ, накіраваных на паляпшэнне дзелавога клімату.