Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Еўропа, якая абараняе: Еўрапейская Камісія пачынае дыскусію аб пераходзе да саюза ў сферы абароны і бяспекі.

Европейский Союз, Евросоюз, ЕС, ЕСВС, Европейская Службы Внешних Связей, Еврокомиссия, Европейская Комиссия, Европейский Совет, Евросовет, Верховный Представитель, Высокий Представитель, Могерини, Брюссель, Заявление, Пресс-релиз, Выводы, Стратегия, санкц

Еўропа, якая абараняе: Еўрапейская Камісія пачынае дыскусію аб пераходзе да саюза ў сферы абароны і бяспекі.

7 чэрвеня Еўрапейская Камісія пачала грамадскае абмеркаванне будучага развіцця сферы абароны Еўрапейскага cаюза, у які ўваходзіць 27 краін.
У развіццё «Белай кнігі» Еўрапейскай камісіі пра будучыню Еўропы прадстаўленая 7 чэрвеня аналітычная справаздача прапануе розныя сцэнарыі таго, як пераадолець усё больш сур'ёзныя пагрозы ў сферы бяспекі і абароны, з якімі сутыкаецца Еўропа, і ўмацаваць абаронныя магчымасці Еўропы да 2025 года. Абмеркаванне стане важным укладам у вырашэнне пытання аб тым, як Саюз будзе нарошчваць абарону і бяспеку еўрапейскіх грамадзян, бо гэта з'яўляецца адным з прыярытэтаў Еўрапейскай камісіі пад старшынствам Юнкера. Аналітычны даклад дапаўняюць канкрэтныя прапановы, таксама прадстаўленыя 7 чэрвеня, па запуску Еўрапейскага абароннага фонду, які будзе спрыяць больш эфектыўнаму расходаванню краінамі-членамі ЕС сродкаў на сумесную абараназдольнасць.

Федэрыка Магерыні, Вярхоўны Прадстаўнік ЕС і Намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі, сказала: «Мы хутка рухаемся наперад наперад у пытаннях бяспекі ў Еўрапейскім саюзе, і Еўрапейская камісія дапаўняе і падтрымлівае рашэнні краін-членаў. Сённяшняя аналітычная справаздача - гэта ўклад Камісіі ў разважанні пра будучыню нашага Саюза ў гэтай галіне, якія пачаліся з патрабавання нашых грамадзян аб больш інтэграванай і эфектыўнай абароне. Еўрапейскі саюз можа падтрымаць краіны-члены ў развіцці ваеннага патэнцыялу і ў ажыццяўленні больш эфектыўных інвестыцый у абарону. Мы значна прасунуліся менш чым за год, і мы маем намер працягваць у тым жа тэмпе».

Юркі Катайнен, намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі па пытаннях занятасці, эканамічнага росту, інвестыцый і канкурэнтаздольнасці, адзначыў: «У сучасным свеце моцная НАТА і моцны ЕС маюць значна большае значэнне, чым калі-небудзь раней. Без дублявання ўжо існуючага Еўропе неабходна ўзяць на сябе адказнасць за ўласную бяспеку і абарону, каб стаць больш надзейным партнёрам для нашых саюзнікаў. Мы ведаем, куды мы рухаемся, і рашэнні прымаюцца краінамі-членамі, але настаў час вызначыцца з тым, як хутка мы хочам туды дабрацца».
Лідэры краін ЕС сустрэнуцца 9 чэрвеня ў Празе, каб абмеркаваць, як выкарыстоўваць патэнцыял Дамоваў для пашырэння супрацоўніцтва ў пытаннях абароны. Еўрапейская камісія ўносіць ўклад у гэтую дыскусію, а таксама ў агульнаеўрапейскае абмеркаванне пытанняў абароны, прапаноўваючы тры магчымыя сцэнарыі для будучыні Еўрапейскай абароны.

  • Сцэнар «Супрацоўніцтва ў галіне бяспекі і абароны» мае на ўвазе, што краіны-члены будуць прымаць рашэнні аб неабходнасці супрацоўніцтва ў галіне бяспекі і абароны на добраахвотных пачатках і ў залежнасці ад канкрэтнага выпадку, у той час як ЕС працягне дапаўняць нацыянальныя намаганні. Супрацоўніцтва ў сферы абароны ўзмоцніцца, але ўдзел ЕС у найбольш складаных аперацыях застанецца абмежаваным. Новы Еўрапейскі абаронны фонд будзе спрыяць развіццю некаторых новых сумесных магчымасцяў, аднак краіны-члены будуць па-ранейшаму ў індывідуальным парадку кантраляваць вялікую частку развіцця абароннага патэнцыялу і закупак. Супрацоўніцтва паміж ЕС і НАТА захавае цяперашні фармат і структуру.
  • Больш амбіцыйны сцэнар «Калектыўная бяспека і абарона» мае на ўвазе, што краіны-члены аб'яднаюць пэўныя фінансавыя і аперацыйныя актывы для ўмацавання салідарнасці ў пытаннях абароны. ЕС таксама будзе больш актыўна ўдзельнічаць у абароне Еўропы як унутры Саюза, так і за яго межамі. ЕС будзе адыгрываць больш значную ролю ў такіх галінах, як кібербяспека, абарона межаў і барацьба з тэрарызмам, і ўмацуе вымярэнне абароны і бяспекі ўнутранай палітыкі ЕС у такіх галінах, як энергетыка, ахова здароўя, мытня і космас. Гэта будзе дапаўняцца палітычнай воляй да дзеяння, а таксама працэсам прыняцця рашэнняў, які адаптаваны да хуткай змяны ўмоваў. ЕС і НАТА таксама пашыраць ўзаемнае супрацоўніцтва і будуць ажыццяўляць каардынацыю па ўсім спектры пытанняў.
  • Самы амбіцыйны сцэнар «Сумесная абарона і бяспека» прадугледжвае паступовую выпрацоўку агульнай абароннай палітыкі Саюза, што прывядзе да фармавання агульнай абароны на аснове Артыкула 42 Дамовы ЕС. Палажэнні Дамовы дазваляюць групе краін-членаў вывесці Еўрапейскую абарону на новы ўзровень. У адпаведнасці з гэтым сцэнарам, абарона Еўропы стане адказнасцю ЕС і НАТА, якая мае ўзаемадапаўняльны характар. ЕС зможа праводзіць высокатэхналагічныя аперацыі ў галіне бяспекі і абароны дзякуючы больш высокаму ўзроўню інтэграцыі сіл абароны краін-членаў ЕС. ЕС будзе падтрымліваць сумесныя праграмы ў галіне абароны з дапамогай Еўрапейскага абароннага фонду, а таксама створыць спецыялізаванае Еўрапейскае агенцтва па даследаваннях у галіне абароны. Гэта будзе спрыяць стварэнню сапраўднага еўрапейскага абароннага рынку, здольнага абараніць свае ключавыя стратэгічныя кампаніі ад знешняга паглынання.

Вышэйпералічаныя сцэнарыі не з'яўляюцца ўзаемавыключальнымі; яны тлумачаць тры розныя ўзроўні памкненняў у пытанні салідарнасці. Умацаванне Еўрапейскай бяспекі з'яўляецца абавязковым. Краіны-члены ЕС будуць прымаць рашэнні і вызначаць узровень памкненняў пры падтрымцы інстытутаў ЕС. Думаючы пра будучыню, яны зараз павінны вырашыць, па якім шляху яны хочуць пайсці і з якой хуткасцю, каб абараніць грамадзян Еўропы.

Дадатковая інфармацыя

Больш моцная Еўропа ў пытаннях абароны і бяспекі з'яўляецца адным з прыярытэтаў Еўрапейскай камісіі пад старшынствам Юнкера з моманту пачатку яе працы. За апошнія два гады ў галіне абароны ўдалося дасягнуць нашмат больш, чым за апошнія шэсцьдзесят гадоў. У сваіх палітычных прынцыпах, прадстаўленых у чэрвені 2014 года, Старшыня Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер адзначыў: «Я лічу, што нам трэба умацоўваць Еўропу ў тым, што тычыцца пытанняў бяспекі і абароны. Так, Еўропа - гэта, у першую чаргу, «мяккая сіла». Але нават самыя моцныя "мяккія сілы" ў доўгатэрміновай перспектыве не могуць абысціся без пэўнага інтэграванага абароннага патэнцыялу».

ЕС ужо мае ў сваім распараджэнні сродкі, каб перайсці ад цяперашняга мазаічнага двухбаковага і шматбаковага ваеннага супрацоўніцтва да больш эфектыўных форм інтэграцыі ў сферы абароны. Артыкул 42 (6) Дамовы аб Еўрапейскім саюзе прадугледжвае магчымасць для групы краін-членаў ЕС, якія прытрымліваюцца адной пазіцыі, вывесці Еўрапейскую абарону на новы ўзровень. У сваёй справаздачы 2016 года аб стане спраў у Саюзе старшыня Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер сказаў: «Я думаю, што цяпер самы час выкарыстаць гэтую магчымасць».

Анансаваны Старшынёй Еўрапейскай Камісіі Юнкера ў верасні 2016 года і падтрыманы Еўрапейскім саветам у снежні 2016 года, Еўрапейскі абаронны фонд быў запушчаны 7 чэрвеня Еўрапейскай камісіяй. Фонд будзе каардынаваць, дапаўняць і ўзмацняць нацыянальныя інвестыцыі ў абаронныя даследаванні, у распрацоўку прататыпаў і ў набыццё ваеннай тэхнікі і тэхналогій.

Рымская дэкларацыя, прынятая лідэрамі краін ЕС 25 сакавіка 2017 года, змяшчае абавязальніцтва сфармаваць Саюз 27 краін-членаў, які дапаможа стварыць больш канкурэнтаздольную і інтэграваную абаронную прамысловасць і ўмацуе агульную бяспеку і абарону ў супрацоўніцтве і ўзаемадапаўняльнасці з НАТА.
«Белая кніга» пра будучыню Еўропы, прадстаўленая 1 сакавіка 2017 года, акрэслівае асноўныя выклікі і магчымасці для Еўропы ў бліжэйшы дзесяцігоддзе. «Белая кніга» паклала пачатак працэсу прыняцця 27 краінамі-членамі ЕС рашэння аб будучыні Саюза. Еўрапейская камісія сумесна з Еўрапейскім парламентам і зацікаўленымі краінамі-членамі правядзе серыю дэбатаў аб будучыні Еўропы ў гарадах і рэгіёнах ЕС, каб садзейнічаць грамадскаму абмеркаванню гэтага пытання.

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы: