Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Каардынацыйная група ЕС-Беларусь правяла трэці раўнд сустрэч

У Мінску 3-4 красавіка 2017 года адбылося пасяджэнне Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь. Папярэднія сустрэчы ў такім фармаце адбыліся ў красавіку і лістападзе 2016 года. Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначальваў Томас Маер-Хартынг, выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў.  У дэлегацыю ўваходзілі прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі, адказных за пытанні Еўрапейскай палітыкі суседства, гандлю, энергетыкі, а таксама ўнутраных спраў. Беларуская дэлегацыя працавала пад кіраўніцтвам Алега Краўчанкі, намесніка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, і ўключала ў сябе прадстаўнікоў іншых галіновых міністэрстваў. У сустрэчах таксама бралі ўдзел беларускія эксперты і няўрадавыя арганізацыі.

Дэлегацыю ЕС прымалі міністр замежных спраў Уладзімір Макей і Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

У кантэксце падзей апошняга часу дэлегацыя Еўрапейскага саюза падкрэсліла, што нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці праяўляць стрыманасць, дзеянні ўладаў, у тым ліку прэвентыўныя арышты напярэдадні і вялікая колькасць арыштаў і затрыманняў мірных дэманстрантаў у дзень 25-га сакавіка, былі безразборлівымі і неналежнымі і што такія абмежаванні свабоды выказванняў і сходаў супярэчаць заяўленай Беларуссю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязальніцтвам.

На ўсіх сустрэчах дэлегацыя Еўрапейскага саюза зазначала, что канкрэтныя і незваротныя крокі з боку Беларусі да забеспячэння ўніверсальных фундаментальных свабод, у тым ліку свабод выказвання, сходаў і СМІ, а таксама вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку скасаванне смяротнага пакарання, застануцца ключавымі пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі і адносін ЕС з гэтай краінай.  

Падчас абмеркавання на сустрэчах тэмы будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы еўрапейскі бок падкрэсліў неабходнасць поўнай празрыстасці і супрацоўніцтва па пытаннях ядзернай бяспекі.

Падчас пасяджэння Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь асобная сесія была прысвечаная правам чалавека і палітычным свабодам. У дадатак, быў абмеркаваны шырокі спектр асабліва важных для грамадзянскай супольнасці пытанняў, у тым ліку пытанняў мабільнасці, кантактаў паміж людзьмі, гандлю, энергетыкі, мытнай дзейнасці, транспарту, навакольнага асяроддзя, навуковых даследаванняў, адукацыі, санітарных і фітасанітарных стандартаў, сельскай гаспадаркі і сацыяльнай абароны. Бакі абмяняліся поглядамі на падзеі ў рэгіёне.

Дэлегацыя Еўрапейскага саюза таксама прадставіла сваю прапанову па Прыярытэтах партнёрства  ЕС і Беларусі з акцэнтам на належнае кіраванне, умацаванне інстытутаў і вяршэнства права, мабільнасць і кантакты паміж людзьмі ў адпаведнасці з прыярытэтамі, узгодненымі усімі партнёрамі на Рыжскім саміце Усходняга партнёрства ў 2015 годзе.

У адпаведнасці з прынятай у ЕС палітыкай супрацоўніцтва і задзейнічання грамадзянскай супольнасці дэлегацыя Еўрапейскага саюза таксама заклікала ўлады да шырокіх кансультацый з усімі зацікаўленымі бакамі і правяла асобныя сустрэчы з беларускімі праваабаронцамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных рухаў. Еўрапейскі саюз зноў пацвердзіў сваю прыхільнасць мэце забеспячэння стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні Беларусі на карысць яе народа і будзе і надалей працаваць разам з усімі зацікаўленымі бакамі для дасягнення гэтай важнай мэты.  

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы: