Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

ЕС і Беларусь

11/05/2016 - 14:51
EU relations with Country

Адносіны паміж ЕС і Беларуссю

Рэзюмэ

Адносіны паміж ЕС і Беларуссю заснаваныя на павазе да агульных каштоўнасцей, асабліва да правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права. Пасля вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі ў 2015 годзе адносіны паміж ЕС і Беларуссю палепшыліся. У Заключэннях Савета ад лютага 2016 года выкладзена палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі. Іх прыняцце прывяло да адмены большасці індывідуальных абмежавальных мер, пашырэння дыялогу па дзяржаўных пытаннях і павелічэнню фінансавай дапамогі, у тым ліку праз міжнародныя фінансавыя інстытуты (ЕІБ і ЕБРР). Перамовы па Прыярытэтах партнёрства паміж ЕС і Беларуссю таксама пачаліся ў 2016 годзе і былі накіраваны на ўмацаванне двухбаковых адносін і вызначэнне стратэгічных рамак для супрацоўніцтва. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў шматбаковым фармаце ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю ўступілі ў сілу 1 ліпеня 2020 года.

Аднак агульная сітуацыя з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам права ў Беларусі значна пагоршылася напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, якія ЕС абвясціў несвабоднымі і несправядлівымі. У сувязі з фальсіфікацыяй выбараў і наступнымі рэпрэсіямі супраць мірных дэманстрантаў ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да 84 фізічных асоб, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і 7 суб'ектаў гаспадарання. 12 кастрычніка Савет па замежных справах ЕС прыняў новыя Заключэнні па Беларусі. У адпаведнасці з дадзенымі Заключэннямі быў праведзены паглыблены перагляд адносін паміж ЕС і Беларуссю.

Палітычныя адносіны

Адчувальныя крокі, што прымаюцца Беларуссю для забеспячэння ўніверсальных свабод, вяршэнства закона і правоў чалавека, застаюцца фундаментальным крытэрыем для фармавання будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі.

Да кастрычніка 2020 года адносіны ЕС з Беларуссю грунтаваліся на Заключэннях Савета ад 15 лютага 2016 года. Вызваленне апошніх палітычных зняволеных з беларускіх турмаў 22 жніўня 2015 года стала станоўчым паваротным момантам і прывяло да таго, што ЕС прыняў рашэнне адмяніць большасць абмежавальных мер у лютым 2016 года, адначасова актываваўшы ключавы пакет эканамічных і іншых звязаных з супрацоўніцтвам мер.

Аднак агульная сітуацыя з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам права ў Беларусі значна пагоршылася напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, якія ЕС аб’явіў несвабоднымі і неправядлівымі. 2 кастрычніка 2020 года да існуючага спіса грамадзян Беларусі, да якіх прыменены абмежавальныя меры, былі дададзены 40 чалавек, прызнаных адказнымі за рэпрэсіі і запалохванне мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а таксама за неналежнае выкананне патрабаванняў выбарчага працэсу.

У адпаведнасці з прынцыпам паступовасці ў падыходах ЕС, Еўрапейскі саюз гатовы прыняць далейшыя абмежавальныя меры. Акрамя таго, праводзіцца паглыблены перагляд адносін паміж ЕС і Беларуссю. Далей, 6 лістапада 2020 года Савет дадаў у спіс 15 прадстаўнікоў беларускіх уладаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку, а таксама яго сына і дарадцу па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнку. На фоне працягу пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека і вяршэнствам права 17 снежня санкцыйны спіс быў пашыраны яшчэ на 36 пазіцый, уключаючы 7 юрыдычных асоб, якія падтрымліваюць рэжым і якія атрымліваюць выгаду ад яго.

Дадзеныя абмежавальныя меры (у якія таксама ўваходзіць эмбарга на пастаўкі зброі і абсталявання для ўнутраных рэпрэсій; а таксама замарозка актываў і забарона на ўезд у дачыненні да чатырох асоб, якія знаходзяцца пад санкцыямі ў сувязі з нераскрытымі справамі аб знікненнях двух апазіцыйных палітыкаў, аднаго бізнесмена і аднаго журналіста) у цяперашні час дзейнічаюць да 28 лютага 2022 года.

У гэтым кантэксце 12 кастрычніка 2020 года Савет замежных спраў ЕС прыняў новыя Заключэнні па Беларусі. У іх адзначаецца, што ЕС скароціць двухбаковае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі на цэнтральным узроўні, павялічыць сваю падтрымку беларускага народа і грамадзянскай супольнасці і перафарматуе сваю двухбаковую фінансавую дапамогу, накіраваўшы яе ў максімальнай ступені ў абыход цэнтральных уладаў да недзяржаўных, мясцовых і рэгіянальных суб'ектаў, у тым ліку праз праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. ЕС неадкладна прадаставіў дадатковыя фінансавыя рэсурсы ахвярам гвалту, арганізацыям грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ.

У Заключэннях таксама падкрэсліваецца, што ЕС гатовы істотна актывізаваць палітычнае ўзаемадзеянне, галіновае супрацоўніцтва і фінансавую дапамогу Беларусі пры ўмове выканання яе ўладамі прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека шляхам спынення рэпрэсій і злоўжыванняў, прасоўвання сур'ёзнага, вартага даверу і інклюзіўнага палітычнага працэсу, які прыводзіў бы да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ, і забеспячэння гарантый павагі правоў чалавека.

Нарэшце, ЕС заклікае беларускія ўлады да ўдзелу ў інклюзіўным нацыянальным дыялогу і гатовы падтрымаць мірны дэмакратычны пераход з дапамогай розных інструментаў, уключаючы ўсёабдымны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. У адпаведнасці з гэтымі Заключэннямі быў праведзены паглыблены перагляд адносін паміж ЕС і Беларуссю. У выніку гэтага перагляду дзеянне большасці фарматаў двухбаковага дыялогу прыпынена.

Еўрапейскі саюз вельмі сур'ёзна ставіцца да сітуацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, асабліва сітуацыі са свабодай сходаў і асацыяцый, асноватворнымі працоўнымі стандартамі, свабодай слова і сродкаў масавай інфармацыі. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне. Еўрапейскі саюз прытрымліваецца адназначнай пазіцыі ў дачыненні да смяротнага пакарання, якое парушае права на жыццё і з'яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зняважлівым для годнасці пакараннем. Неабходна замяніць пазасталыя смяротныя прысуды на больш мяккія і ўвесці мараторый у якасці першага кроку да адмены смяротнага пакарання. ЕС неаднаразова ўздымаў пытанні правоў чалавека, у тым ліку смяротнага пакарання, перад беларускімі ўладамі падчас пасяджэнняў Дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю з удзелам прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці. Дыялог адбываецца штогод з 2015 года, апошняе пасяджэнне адбылося ў чэрвені 2019 года.

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў шматбаковых фарматах Усходняга партнёрства. У 2019 года ў Беларусі адбыўся шэраг нарад на тэхнічным узроўні па пытаннях каардынацыі выкарыстання спектру, параўнальнага аналізу рынкаў тэлекамунікацый, распрацоўкі стратэгій шырокапалоснай сувязі, а таксама пасяджэнне панэлі па міграцыі і інтэграваным кіраванні межамі. У 2018 годзе ў Мінску прайшоў 10-ы раўнд нефармальных міністэрскіх дыялогаў. У адпаведнасці з Заключэннямі Савета ад кастрычніка 2020 года ЕС будзе падтрымліваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў кантэкстце шматбаковых рамак Усходняга партнёрства на непалітычным узроўні і актывізаваць супрацоўніцтва з ключавымі беларускімі недзяржаўнымі суб'ектамі.

Перамовы аб Прыярытэтах партнёрства паміж ЕС і Беларуссю пачаліся ў 2016 годзе і зараз прынынены.

У 2016 годзе была створана Каардынацыйная група ЕС-Беларусь для таго, каб служыць пляцоўкай для палітычнага дыялогу на ўзроўні высокапастаўленых службовых асоб. У адпаведнасці з палітыкай Еўрапейскага саюза па забеспячэнні супрацоўніцтва і ўключэння грамадзянскай супольнасці, у пасяджэнні Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь удзельнічаюць выбраныя прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці. Каардынацыйная група рэгулюе супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю і сочыць за далейшым развіццём адносін. Апошняе пасяджэнне Каардынацыйнай групы адбылося 17-18 снежня 2019 года. У сувязі з абмежаваннямі, абумоўленымі пандэміяй COVID-19, 23 ліпеня 2020 года адбылася спецыяльная сустрэча высокапастаўленых афіцыйных асоб ЕС і Беларусі. Пасля перагляду адносін паміж ЕС і Беларуссю пасяджэнні Каардынацыйнай групы былі прыпынены да наступнага паведамлення.

Фінансавае супрацоўніцтва

ЕС з'яўляецца найбуйнейшым донарам грантаў у Беларусі. З 2016 года фінансавыя асігнаванні ЕС для Беларусі склалі 30 мільёнаў еўра ў год у выглядзе грантаў, пры гэтым бягучы партфель складае каля 135 мільёнаў еўра, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця беларускіх грамадзян адчувальным і бачным чынам. Гэтая падтрымка фінансуецца Еўрапейскім інструментам суседства (ENI) на перыяд 2014-2020 гг.

11 снежня 2020 года Еўрапейская камісія прыняла рашэнне аб выдзяленні пакета дапамогі ў памеры 24 мільёнаў еўра, які прынясе прамую карысць беларускаму народу, у прыватнасці грамадзянскай супольнасці, моладзі, малым і сярэднім прадпрыемствам, а таксама палепшыць магчымасці аховы здароўя. Гэтая праграма з'яўляецца дадаткам да надзвычайнай дапамогі ЕС у памеры 3,7 мільёна еўра, неадкладна выдзеленай для ахвяр рэпрэсій і для незалежных СМІ пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся ў жніўні. Вядзецца падрыхтоўка да выдзялення далейшай дапамогі, на суму 6 мільёнаў еўра, для палягчэння доступу МСП да фінансавання.

Для атрымання дадатковай інфармацыі аб фінансавым супрацоўніцтве, калі ласка, зайдзіце на старонку Беларусі ў DG NEAR (Генеральным дырэктараце па палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні).

Мабільнасць і кантакты паміж Еўрапейскім саюзам і грамадзянамі Беларусі

ЕС прыхільны ўмацаванню ўзаемадзеяння з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. У апошнія гады расце падтрымка Беларусі ў сферы адукацыі, мабільнасці, працы з моладдзю і спрашчэння кантактаў паміж людзьмі.

1 ліпеня 2020 года ўступілі ў сілу Пагадненні паміж ЕС і Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія адкрылі шлях для павышэння мабільнасці грамадзян і паспрыялі ўмацаванню сувязей паміж ЕС і яго суседзямі па Усходнім партнёрстве.

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму палегчыць для беларускіх грамадзян атрыманне віз для ўезду ў Еўрапейскі саюз. Для ўсіх грамадзяе Беларусі незалежна ад мэты падарожжа і тыпу пашпарта візавы збор будзе зніжаны да 35 еўра, плата за абслугоўванне будзе зменшана да 30 еўра, а максімальны тэрмін для прыняцця консульствамі рашэння аб выдачы візы будзе скарочаны да 10 дзён. Апроч таго, для некаторых катэгорый падарожнікаў, такіх як бізнесоўцы, журналісты, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці, члены афіцыйных дэлегацый і некаторыя іншыя, збор за візу будзе цалкам скасаваны, будзе скарочаны спіс дакументаў, што патрабуюцца ў якасці доказу мэты падарожжа, і яны змогуць звяртацца па шматразовыя візы на больш працяглы тэрмін (до 5 гадоў). Уладальнікі новых біяметрычных дыпламатычных пашпартоў будуць цалкам вызвалены ад патрэбы атрымоўваць візу.

Пагадненне аб рэадмісіі ўсталёўвае на аснове ўзаемнасці працэдуры бяспечнага і ўпарадкаванага вяртання асоб, якія нерэгулярна жывуць у ЕС ці Беларусі, пры поўным захаванні іх правоў у адпаведнасці з міжнародным правам.

Дэкларацыя аб Партнёрстве ў сферы мабільнасці паміж ЕС, Беларуссю і сямю ўдзельнікамі сярод дзяржаў-членаў ЕС (Балгарыяй, Румыніяй, Літвой, Польшчай, Венгрыяй, Фінляндыяй і Латвіяй) была падпісана 13 кастрычніка 2016 года. Партнёрства ў сферы мабільнасці забяспечвае рамачную аснову для дыялогу па розных пытаннях міграцыі і разглядаецца краінамі-партнёрамі як дадатковы інструмент супрацоўніцтва і фінансавання ў рамках двухбаковых і рэгіянальных адносін. Па лініі Механізму Партнёрства ў сферы мабільнасці (MPF) у рамках AMIF (Фонд прытулку, міграцыі і інтэграцыі) і ISF (Фонд унутранай бяспекі) была аказана падтрымка шэрагу мерапрыемстваў у Беларусі, уключаючы распрацоўку Міграцыйнай палітыкі Беларусі і дзейнасць, звязаную з кіраваннем межамі і нарошчваннем патэнцыялу кіравання нерэгулярнай міграцыяй для ўмацавання супрацоўніцтва з суседнімі дзяржавамі-членамі ЕС.

Беларусь мае працоўны механізм узаемадзеяння з Еўрапейскім агенцтвам памежнай і берагавой аховы (Frontex) для аператыўнага супрацоўніцтва і бярэ ўдзел у абмене інфармацыяй праз Сетку аналізу рызык Усходняга партнёрства.

Падтрымка ЕС ажыццяўляецца з выкарыстаннем розных інструментаў, такіх як Erasmus+ (Tempus), праграма даследаванняў і супрацоўніцтва (у цяперашні час Horizon 2020), EU4youth (link is external), Праграма прафесійнай адукацыі і навучання, Еўрапейская школа для Усходняга партнёрства ў Грузіі, (link is external) Стыпендыяльная схема для маладых беларусаў. У 2014 годзе была запушчана спецыяльная праграма мабільнасці MOST (link is external) для садзейнічання мабільнасці беларускіх спецыялістаў, якія жадаюць усталяваць кантакты ў краінах ЕС.

ЕС працягвае актыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, паколькі грамадзянская супольнасць з'яўляецца краевугольным каменем грамадства, якое паспяхова функцыянуе і квітнее. 11 верасня 2018 года Еўрапейскі саюз і 17 дзяржаў-членаў ЕС, якія маюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Мінску, прынялі «Дарожную карту ўзаемадзеяння ЕС з грамадзянскай супольнасцю» на перыяд з 2018 па 2020 год.

Гандлёвыя адносіны

Еўрапейскі саюз з'яўляецца другім асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. На долю ЕС прыпадае амаль адна пятая ад агульнага аб'ёму гандлю краіны. За апошнія 10 год аб'ём двухбаковага гандлю таварамі паміж ЕС і Беларуссю вырас на 45% да амаль 11 мільярдаў у 2019 г. У беларускім экспарце ў ЕС дамінуюць выкапнёвыя віды паліва, у той час як ЕС у асноўным экспартуе ў Беларусь абсталяванне, транспартныя сродкі і хімікаты.

За апошнія два гады ЕС і Беларусь наладзілі афіцыйны Дыялог па гандлі, які праводзіцца два разы на год для рэгулярнага абмену інфармацыяй, у тым ліку па ўнутраных нормах і іншых гандлёвых пытаннях. Гэты дыялог з'яўляецца карыснай платформай для абмеркавання і ліквідацыі гандлёвых раздражняльнікаў, а таксама для пошуку шляхоў паляпшэння ўзаемнага гандлю. ЕС падтрымлівае Беларусь у працэсе ўступлення ў СГА, якое будзе спрыяць стварэнню ў краіне больш прадказальнага і стабільнага дзелавога асяроддзя, што з'яўляецца неабходнай умовай для прыцягнення інвестараў і дыверсіфікацыі беларускай эканомікі. Еўрапейскі саюз аказвае тэхнічную дапамогу для садзейнічання гэтаму працэсу з дапамогай твіннінг-інструмента TAIEX.

У апошнія гады крэдытны мандат Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) (link is external) распаўсюдзіўся на Беларусь. Фінансавая дзейнасць Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) (link is external) у Беларусі таксама была пашырана. З 2016 года ЕІБ выдзеліў 530 мільёнаў еўра на падтрымку прыватнага сектара, малых і сярэдніх прадпрыемстваў, ключавых інфраструктурных і кліматычных праектаў.

Мытны дыялог ЕС-Беларусь, распачаты ў 2016 годзе, працягваецца на штогадовай аснове і накіраваны на вызначэнне магчымасцяў для супрацоўніцтва і прадастаўлення дапамогі з мэтай спрашчэння ўмоў гандлю, забеспячэння бяспекі ланцужку паставак і барацьбы з махлярствам. У снежні 2019 года Савет ЕС прыняў перамоўныя дырэктывы для Пагаднення аб мытным супрацоўніцтве і ўзаемнай адміністрацыйнай дапамозе з Беларуссю, а ў 2020 годзе адбыўся абмен перамоўнымі тэкстамі. Чакалася, што першы раўнд перамоў адбудзецца ўвосень 2020 года. Такое пагадненне будзе накіравана на паляпшэнне прымянення мытнага заканадаўства, зніжэнне ўзроўню мытнага махлярства, асабліва кантрабанды тытунёвых вырабаў, і, як чакаецца, будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню мытных і падатковых паступленняў у ЕС.

Паскарэнне ўстойлівага развіцця і зялёнага росту

На штогадовай аснове праводзяцца галіновыя дыялогі па эканамічных і фінансавых пытаннях, а таксама па пытаннях навакольнага асяроддзя і клімату. ЕС актывізуе рэалізацыю шэрагу мер, якія будуць стымуляваць адносіны паміж ЕС і Беларуссю ў некалькіх галінах, звязаных з эканомікай, гандлем і энергетыкай. Праграма «Стымуляванне развіцця прыватнай ініцыятывы ў Беларусі» (SPRING) накіравана на падтрымку прыватных эканамічных ініцыятыў на месцах у мэтах развіцця прыватнага сектара, стымулявання намаганняў па стварэнні працоўных месцаў і садзейнічання эканамічнаму росту ў Беларусі. Падтрымка ЕС таксама ўключае ў сябе шырокамаштабную праграму дзелавога кансультавання, што рэалізуецца ЕБРР, і праект, які стымулюе распрацоўку стратэгій спрыяння занятасці і экасістэм для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу і прадпрымальніцтва на мясцовым узроўні, якія рэалізуюцца ПРААН.

Іншыя ініцыятывы ЕС, такія як Пагадненне мэраў Усход - Этап II (link is external) і Мэры за эканамічны рост, прапануюць грантавую падтрымку мясцовым органам улады, якія найбольш актыўна ўдзельнічаюць у прыняцці пілотных мер па павышэнні энергаэфектыўнасці і стварэнні працоўных месцаў, што ўзмацняе ролю мясцовых органаў улады ў эканамічным развіцці.

19 чэрвеня 2017 года Беларусь далучылася да Усходнееўрапейскага партнёрства па энергаэфектыўнасці і навакольным асяроддзі (E5P) (link is external). Гэты Мэтавы фонд, кіраваны ЕБРР, падтрымлівае крэдытаванне праектаў муніцыпальнага сектара па пытаннях энергаэфектыўнасці і навакольнага асяроддзя ва ўсіх краінах Усходняга партнёрства.

Беларусь мае адны з найлепшых паказчыкаў сярод краін Усходняга партнёрства ў рамках праграмы Horizon 2020 у галіне даследаванняў і інавацый. У рамках Працоўнай праграмы Horizon 2020 на перыяд з 2018 па 2020 гг. амаль 200 мільёнаў еўра былі выдзелены на шэраг ініцыятыў, накіраваных на павелічэнне энергаэфектыўнасці і рэсурсаэфектыўнасці ў перапрацоўчай прамысловасці (SPIRE) з асаблівым геаграфічным акцэнтам на краінах Усходняга партнёрства.

Захаванне найвышэйшых стандартаў у сферы ядзернай бяспекі з'яўляецца ключавым прыярытэтам для ЕС, асабліва ў сувязі з размяшчэннем новых аб'ектаў, якія будуюцца, так блізка да межаў ЕС. ЕС чакае ад Беларусі канструктыўнага супрацоўніцтва з адпаведнымі міжнароднымі органамі.  У 2018 годзе Еўрапейская група рэгулятараў ядзернай бяспекі (ENSREG) правяла партнёрскую праверку справаздачы Беларусі аб стрэс-тэстах Астравецкай атамнай электрастанцыі. (link is external) Эксперты ENSREG у цяперашні час праводзяць партнёрскую праверку выканання рэкамендацый, якія ўтрымліваюцца ў справаздачы за 2018 год.

З 2013 года ЕС аказвае тэхнічную дапамогу беларускаму ядзернаму рэгулюючаму органу, выкарыстоўваючы Інструмент па супрацоўніцтве ў галіне ядзернай бяспекі (INSC), на дадзены момант выдзелена больш за 11 мільёнаў еўра. Гэта супрацоўніцтва важна для атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў Астраўцы ў Беларусі.

Рэдакцыйныя раздзелы: