Беларусь: ЕС прыняў пяты пакет санкцый з-за далейшых парушэнняў правоў чалавека і інструменталізацыі мігрантаў

02.12.2021

Савет пастанавіў сёння накласці абмежавальныя меры яшчэ на 17 фізічных і 11 юрыдычных асоб у святле сітуацыі ў Беларусі.

Сённяшняе рашэнне нацэлена на вядомых прадстаўнікоў судовай улады, уключаючы Вярхоўны суд, і Камітэт дзяржаўнага кантролю, а таксама на крыніцы прапаганды, якія садзейнічаюць далейшым рэпрэсіям у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі, незалежных СМІ і журналістаў.

Дадзенае рашэнне накіравана і на высокапастаўленых чыноўнікаў палітычнага апарату рэжыму Лукашэнкі, а таксама кампаніі (такія як авіякампанія «Белавія»), тураператараў і гасцініцы, якія дапамагалі стымуляваць і арганізоўваць незаконнае перасячэнне мяжы праз Беларусь у ЕС і такім чынам удзельнічалі ў інструменталізацыі міграцыі ў палітычных мэтах.

У цэлым абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Беларусі зараз распаўсюджваюцца на 183 фізічных і 26 юрыдычных асоб. Актывы гэтых асоб падлягаюць замарожванню, а грамадзянам і кампаніям ЕС забараняецца прадастаўляць ім сродкі. Фізічныя асобы дадаткова падпадаюць пад дзеянне забароны на паездкі, якая не дазваляе ім уязджаць на тэрыторыю ЕС альбо перасякаць яе транзітам.

Высокі прадстаўнік Жазэп Барэль сказаў: «Еўрапейскі саюз не пацерпіць арганізаванай і палітычна матываванай інструменталізацыі людзей з боку рэжыму Лукашэнкі. Гэтая цынічная стратэгія эксплуатацыі ўразлівых людзей з'яўляецца агіднай спробай адцягнуць увагу ад ігнаравання рэжымам міжнароднага права, фундаментальных свабод і правоў чалавека ў Беларусі, якое працягваецца. ЕС мае адзіную пазіцыю ў дачыненні да гэтага выкліку і выкарыстоўвае ўсе наяўныя ў яго распараджэнні інструменты, каб супрацьстаяць спробам стварыць крызіс на межах ЕС. Мы па-ранейшаму салідарныя з народам Беларусі. Гэты пяты раунд санкцый – яшчэ адзін прыклад нашай рашучасці дзейнічаць у выпадку парушэння правоў чалавека».

ЕС рашуча асудзіў рэжым Лукашэнкі за наўмыснае стварэнне небяспекі для жыцця і дабрабыту людзей і распальванне крызісу на знешніх межах ЕС у спробе адцягнуць увагу ад сітуацыі ў Беларусі, дзе працягваюцца і пагаршаюцца жорсткія рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека. Савет уважліва сочыць за ўнутранай сітуацыяй у Беларусі і будзе працягваць супрацьдзейнічаць спансаванай дзяржавай нелегальнай міграцыі, якая арганізавана рэжымам Лукашэнкі.

Адпаведныя прававыя акты, у тым ліку імёны ўнесеных у спіс асоб, былі апублікаваны ў Афіцыйным часопісе.

ЕС гатовы падтрымаць мірны пераход да дэмакратыі з дапамогай розных інструментаў, у тым ліку ўсёабдымнага плану эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Мы таксама гатовы прыняць далейшыя меры, у тым ліку супраць іншых эканамічных суб'ектаў, калі сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца.

Інфармацыя для даведкі і наступныя крокі

З кастрычніка 2020 года ЕС паступова пашырае свае абмежавальныя меры ў святле сітуацыі ў Беларусі.

21 і 22 кастрычніка 2021 года Еўрапейскі савет прыняў Заключэнні, у якіх ён заявіў, што не прымае ніякіх спроб трэціх краін выкарыстаць мігрантаў як інструмент для дасягнення палітычных мэтаў, асудзіў усе гібрыдныя атакі на межах ЕС і пацвердзіў, што будзе рэагаваць адпаведным чынам. У Заключэннях падкрэсліваецца, што ЕС будзе працягваць супрацьдзейнічаць працягу гібрыднай атацы з боку беларускага рэжыму, у тым ліку шляхам прыняцця ў тэрміновым парадку далейшых абмежавальных мер у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб у адпаведнасці са сваім пакрокавым падыходам.

15 лістапада 2021 года Савет унёс змены ў санкцыйныя крытэрыі, каб дазволіць прымяненне мэтавых абмежавальных мер у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія з'яўляюцца арганізатарамі альбо ўдзельнікамі дзейнасці рэжыму Лукашэнкі, якая спрыяе незаконнаму перасячэнню знешніх межаў ЕС.


Глядзіце таксама