Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Беларусь: заява прэс-сакратара па замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі з нагоды прысуду, вынесенага Віктару Бабарыку, і іншых палітычных судовых працэсаў

Brussels, 06/07/2021 - 15:07, UNIQUE ID: 210706_6
Statements by the Spokesperson

Віктар Бабарыка сёння быў асуджаны да 14 гадоў турмы. Ён утрымліваўся пад вартай з 18 чэрвеня 2020 гады толькі таму, што спрабаваў рэалізаваць сваё палітычнае права ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года ў якасці кандыдата.

Гэты прысуд з'яўляецца адным з не менш за 125 несправядлівых і адвольных прысудаў, нядаўна вынесеных беларускімі судамі па выніках палітычна матываваных судовых працэсаў, якія часта праводзяцца за зачыненымі дзвярыма і без выканання належных працэдур.

Сёння ў Беларусі больш за 530 палітзняволеных, сотні дакументаваных выпадкаў катаванняў, пастаянныя рэпрэсіі супраць усіх элементаў грамадства з мэтай прымусіць замаўчаць усіх нязгодных і жорсткае абыходжанне з людзьмі ў следчых ізалятарах. Рэжым Лукашэнкі відавочным чынам парушае міжнародныя правы чалавека, якія ён абавязаўся адстойваць. Гэта было зусім нядаўна пацверджана таксама спецыяльным дакладчыкам ААН па Беларусі.

ЕС патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення спадара Бабарыкі, а таксама ўсіх палітычных зняволеных, затрыманых журналістаў і асоб, якія знаходзяцца за кратамі за рэалізацыю сваіх фундаментальных правоў. Рэжым павінен спыніць рэпрэсіі і несправядлівасць і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

ЕС будзе працягваць патрабаваць падсправаздачнасці за жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. ЕС таксама працягвае заклікаць да ўсёабдымнага і сапраўднага палітычнага дыялогу з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, пры садзейнічанні АБСЕ, які вёў бы да новых, свабодных і справядлівых выбараў.

За сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека даводзіцца плаціць. З кастрычніка мінулага года ЕС паступова ўводзіць абмежавальныя меры ў адказ на пастаяннае запалохванне і гвалтоўныя рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў. У адпаведнасці са сваім паступовым падыходам ЕС гатовы разгледзець далейшыя меры.