Беларусь у Штогадовай справаздачы ЕС аб правах чалавека і дэмакратыі ў свеце за 2020 год
1. Агляд сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй. Сітуацыя ў Беларусі радыкальна пагоршылася ў 2020 годзе, што прывяло да глыбокага крызісу ў галіне правоў чалавека. Акты дзяржаўнага гвалту, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і катаванні ўжываліся ў масавым маштабе пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Меў месца сур'ёзны рэгрэс у галіне палітычных і грамадзянскіх свабод, пра што сведчаць тысячы палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных спраў. Больш за 33 тысяч мірных дэманстрантаў былі адвольна затрыманыя ў сувязі з мірнымі пратэстамі. Да канца 2020 года налічвалася больш за 160 палітзняволеных, і іх колькасць пастаянна расце. Маюцца сотні паведамленняў аб гвалтоўных знікненнях, катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасці відах абыходжання і пакарання падчас утрымання ў аддзелах міліцыі і зняволенні.
Сістэмныя недахопы дыскрэдытавалі сістэму правасуддзя і вяршэнства права, якая сістэматычна парушала нацыянальнае і міжнароднае права. Праваахоўныя і судовыя органы карысталіся і злоўжывалі працэсуальнымі, адміністрацыйнымі і крымінальнымі нормамі для рэпрэсій супраць іншадумства. Улады не правялі незалежных расследаванняў шматлікіх парушэнняў правоў чалавека. У цэлым улады не выконваюць міжнародныя стандарты ў дачыненні да справядлівасці судовых разглядаў і належных прававых працэдур і груба парушаюць права на юрыдычную абарону і прадстаўніцтва. Ствараюцца сур'ёзныя перашкоды для дзейнасці грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў. Любая палітычная актыўнасць была крыміналізавана і стала небяспечнай. Незалежныя СМІ пастаянна падвяргаліся нападкам. Бягучы крызіс у галіне правоў чалавека караніцца ў сістэмных праблемах, якія доўгі час заставаліся нявырашанымі. Смяротнае пакаранне захоўваецца, а ў 2020 годзе было вынесена тры новыя прысуды.
2. Дзеянні ЕС – ключавыя напрамкі/двухбаковае ўзаемадзеянне. Пасля фальсіфікацыі выбараў 9 жніўня 2020 года, шырокамаштабных народных пратэстаў і жорсткіх рэпрэсій сітуацыя [у Беларусі] знаходзілася ў самым цэнтры парадку дня ЕС. Жорсткія парушэнні правоў чалавека сталі часткай больш шырокага, палітычнага крызісу. ЕС заклікаў да мірнага і дэмакратычнага ўрэгулявання крызісу з дапамогай інклюзіўнага нацыянальнага дыялогу з грамадствам. Сітуацыя, якая пагаршаецца, разглядалася Саветам па замежных справах ЕС і кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў у Еўрапейскім савеце на працягу астатняй часткі года. ЕС і яго дзяржавы-члены, а таксама высокі прадстаўнік ЕС часта выступалі з заявамі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека, напрыклад, адвольнымі арыштамі і затрыманнямі 7 верасня 2020 года і смерцю Рамана Бандарэнка ад рук міліцыі 13 лістапада 2020 года. Сітуацыя ў Беларусі таксама абмяркоўвалася падчас кантактаў з міжнароднымі партнёрамі, у тым ліку з Генеральным сакратаром ААН.
12 кастрычніка ЕС прыняў Заключэнні Савета па Беларусі, рашуча асудзіўшы парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца, і выклаўшы параметры для перагляду адносін паміж ЕС і Беларуссю. Былі прыняты тры пакеты санкцый супраць вінаватых у фальсіфікацыі выбараў і жорсткіх рэпрэсіях, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, вядомых бізнесменаў і кампаніі.
У той жа час Еўрапейскі парламент вельмі гучна заяўляў пра неабходнасць пакласці канец парушэнням правоў чалавека і падтрымаць беларускае насельніцтва ў яго патрабаваннях дэмакратыі. Высокі прадстаўнік ЕС неаднаразова выступаў на плянарным пасяджэнні Еўрапейскага парламента па пытанні аб сітуацыі ў Беларусі, і прэмія Сахарава 2020 г. была прысуджана дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, прадстаўленай Каардынацыйным саветам, «ініцыятывай смелых жанчын, а таксама вядомымі дзеячамі палітыкі і грамадзянскай супольнасці». Спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека разгледзеў сітуацыю ў першачарговым парадку, засяродзіўшы ўвагу на паляпшэнні становішча палітычных зняволеных і забеспячэнні іх вызвалення.
У самой краіне Прадстаўніцтва і дыпламаты ЕС арганізавалі шматлікія мерапрыемствы ў падтрымку мірных дэманстрантаў і грамадзянскай супольнасці, а ЕС шматразова публікаваў мясцовыя заявы, часта ў супрацоўніцтве з краінамі-аднадумцамі, такімі як Швейцарыя, Вялікабрытанія і ЗША, асуджаючы сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека.
3. Фінансавы ўдзел ЕС. У адпаведнасці з Заключэннямі Савета па Беларусі ад 12 кастрычніка 2020 года, ЕС перанакіраваў дапамогу з цэнтральнага ўзроўню на недзяржаўныя суб'екты, значная падтрымка была аказана грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ. Па стане на жнівень-верасень 2020 года фінансавая падтрымка ЕС у памеры 3,7 мільёна еўра была выдзелена для ахвяр рэпрэсій і незалежных СМІ пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Акрамя таго, 11 снежня 2020 года Камісія прыняла рашэнне аб выдзяленні пакета дапамогі ў памеры 24 мільёнаў еўра, ад якога атрымае прамую карысць беларускі народ, у прыватнасці грамадзянская супольнасць, моладзь і МСП, і дзякуючы якому палепшацца магчымасці аховы здароўя.
4. Шматбаковы кантэкст. ЕС адыграў важную ролю ў прыцягненні ўвагі да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі на міжнародных форумах. 4 верасня ЕС выступіў з заявай аб правах чалавека ў Беларусі ў Савеце Бяспекі ААН на пасяджэнні па формуле Арыі. 18 верасня ў Савеце ААН па правах чалавека адбыліся тэрміновыя дэбаты па Беларусі з прыняццем рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая прасоўвалася ЕС. Прадстаўніцтва ЕС у Жэневе каардынуе абмеркаванні з мэтай стварэння механізмаў наступных дзеянняў. 26 кастрычніка да сумеснай заявы ЕС і ЗША аб сітуацыі ў Беларусі далучыліся 53 дзяржавы-члена і назіральнікі ў Трэцім камітэце Генеральнай Асамблеі ААН. 2 лістапада Беларусь прайшла трэці ўніверсальны перыядычны агляд у Камітэце па правах чалавека ААН, дзе прадстаўнікі многіх краін падвергнулі яе крытыцы за паслявыбарчыя парушэння правоў чалавека. Савет Еўропы таксама зрабіў некалькі заяваў, у якіх выказаў заклапочанасць сітуацыяй, а ў рамках Савета Еўропы ЕС рабіў заявы пра сітуацыю з правамі чалавека, а таксама пра бяспеку журналістаў і свабоду выражэння. У рамках АБСЕ дзяржавы-члены ЕС сыгралі важную ролю ў актывацыі Маскоўскага механізму. У выніку была апублікавана справаздача "Меркаваныя парушэнні правоў чалавека ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня 2020 года». Справаздача выразна пацвярджае наяўнасць неабвержных доказаў таго, што прэзідэнцкія выбары 9 жніўня 2020 года былі сфальсіфікаваныя і што беларускія ўлады здзяйснялі масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да мірных дэманстрантаў. У дакладзе таксама ўтрымліваецца заклік да стварэння незалежнага міжнароднага органа для паглыбленага расследавання парушэнняў правоў чалавека ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў. ЕС актыўна падтрымліваў бягучыя ініцыятывы па зборы доказаў парушэнняў правоў чалавека і прыцягненні вінаватых да адказнасці.