Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Беларусь: чацвёрты пакет санкцый ЕС з-за рэпрэсій і прымусовай пасадкі самалёта Ryanair

21/06/2021 - 16:17
News stories

Савет сёння вырашыў прымяніць абмежавальныя меры ў дачыненні да 78 беларускіх фізічных асоб і 8 юрыдычных асоб. Гэта рашэнне было прынята з прычыны эскалацыі сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і гвалтоўных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў. Акрамя таго, сем фізічных асоб і адна юрыдычная асоба, якія падпадаюць пад дзеянне гэтага новага комплексу абмежавальных мер, былі ўнесены ў спіс у сувязі з прымусовай і незаконнай пасадкай самалёта Ryanair у Мінску 23 мая 2021, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бяспеку, і затрыманнем беларускімі ўладамі журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі. Сярод унесеных у спіс ёсць таксама некалькі вядомых бізнесменаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і атрымліваюць ад яго карысць. Такім чынам, гэтыя санкцыі з'яўляюцца яшчэ адным моцным сігналам для тых, хто садзейнічае рэжыму, што іх падтрымка Аляксандра Лукашэнкі, якая працягваецца, цягне за сабой істотныя выдаткі.

ЕС не адзінокі ў сваёй рэакцыі на крызіс у Беларусі; мы адзіныя ў сваіх дзеяннях са сваімі партнёрамі-аднадумцамі.

Абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Беларусі цяпер распаўсюджваюцца ў агульнай складанасці на 166 фізічных і 15 юрыдычных асоб. Актывы дадзеных асоб падлягаюць замарожванню, а грамадзянам і кампаніям ЕС забараняецца прадастаўляць сродкі тым, хто занесены ў спіс. Фізічныя асобы дадаткова падпадаюць пад дзеянне забароны на паездкі, якая не дазваляе ім уязджаць альбо перасякаць транзітам тэрыторыю ЕС.

У Заключэннях, прынятых 24 і 25 мая 2021 г., Еўрапейскі савет рашуча асудзіў прымусовую пасадку рэйса Ryanair і заклікаў Савет як мага хутчэй прыняць дадатковыя спісы фізічных і юрыдычных асоб на аснове адпаведных санкцыйных механізмаў. У сувязі з гэтым 4 чэрвеня Савет пастанавіў увесці забарону на пралёт над паветранай прасторай ЕС і на доступ у аэрапорты ЕС беларускім перавозчыкам ўсіх відаў.

Мэта гэтых санкцый – аказаць ціск на палітычнае кіраўніцтва Беларусі, каб яно пачало сапраўдны і ўсёабдымны нацыянальны дыялог з шырокай грамадскасцю і пазбягала далейшых рэпрэсій.

ЕС гатовы падтрымаць мірны, дэмакратычны пераход з дапамогай розных інструментаў, уключаючы ўсёабдымны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Мы таксама гатовыя прыняць далейшыя меры, у тым ліку ў дачыненні да іншых эканамічных суб'ектаў, калі сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца.

Адпаведныя прававыя акты, уключаючы імёны адпаведных асоб, былі апублікаваны ў Афіцыйным часопісе.

Рэдакцыйныя раздзелы:

Аўтару