Пра сустрэчу кіраўнікоў місій ЕС і краін ЕС у Беларусі з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем

Сёння кіраўнікі дыпламатычных місій ЕС і краін ЕС мелі магчымасць абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Еўрапейскі саюз ўважліва сочыць за развіццём падзей у Беларусі напярэдадні і пасля выбараў. ЕС неаднаразова заклікаў улады Беларусі да пошуку адэкватных рашэнняў шляхам спынення гвалту і вядзення сапраўднага і шырокага нацыянальнага дыялогу. Менавіта з улікам гэтых абставінаў кіраўнікі дыпламатычных місій Еўрапейскага саюза ў Мінску папрасілі аб сустрэчы з Уладзімірам Макеем, на якую ён ласкава пагадзіўся.
Дыпламаты ЕС падкрэслілі, што толькі мірны і дэмакратычны працэс ва ўмовах незалежнасці і свабоды СМІ і моцнай грамадзянскай супольнасці дапаможа адшукаць устойлівыя рашэнні. Кіраўнікі місій таксама выказалі захапленне мужнасцю, з якой грамадзяне Беларусі выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і для абароны свайго права на свабоду і дэмакратычнае прадстаўніцтва. Беларусы заклікаюць свае ўлады да адкрытага дыялогу пра будучыню сваёй краіны.
У гэтым кантэксце еўрапейскія дыпламаты ўказалі на недапушчальнасць пераследу членаў Каардынацыйнага савета на прадстаўленых уладамі падставах. На сённяшняй сустрэчы дыпламаты ЕС нагадалі аб раней накіраваных просьбах дазволіць наведванне імі следчых ізалятараў і шэрагу грамадзян Беларусі, якіх паслы ЕС, што працуюць у Мінску, лічаць арыштаванымі выключна па палітычных матывах.