Беларусь: ЕС працягнуў на адзін год эмбарга на пастаўкі зброі і санкцыі ў дачыненні да чатырох асоб

17.02.2020

Сёння Савет пастанавіў працягнуць абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі на адзін год, да 28 лютага 2021 года. Гэтыя меры ўключаюць эмбарга на пастаўкі зброі і абсталявання, якое можа быць выкарыстана для ажыццяўлення ўнутраных рэпрэсій, а таксама замарожванне актываў і забарону на ўезд у дачыненні да чатырох асоб у сувязі з нераскрытымі знікненнямі двух апазіцыйных палітыкаў, аднаго бізнесмена і аднаго журналіста ў 1999 і 2000 гадах.

Савет таксама падоўжыў выключэнне з абмежавальных мер для экспарту ў Беларусь біятлоннага абсталявання і абмежаванай колькасці спартыўных вінтовак спецыяльнага прызначэння і спартыўных пісталетаў, які па-ранейшаму будзе ажыццяўляцца па папярэднім узгадненні з кампетэнтнымі нацыянальнымі ведамствамі ў кожным канкрэтным выпадку.

Абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі ўпершыню былі ўведзены ў 2004 годзе з прычыны знікнення чатырох вышэйзгаданых асоб. Пазней Савет прыняў дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да асоб, якія маюць дачыненне да парушэння міжнародных выбарчых стандартаў і норм міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, а таксама да падаўлення грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. Эмбарга на пастаўкі зброі было ўведзена ў 2011 годзе.

15 лютага 2016 года Савет прыняў рашэнне адмяніць абмежавальныя меры ў дачыненні да 170 асоб і чатырох кампаній, захаваўшы пры гэтым эмбарга на пастаўкі зброі і санкцыі ў дачыненні да чатырох асоб.

Адпаведныя прававыя акты будуць апублікаваны ў Афіцыйным часопісе 18 лютага 2020 года.