Каранавірус: глабальны адказ ЕС у барацьбе з пандэміяй

08.04.2020

Сёння Еўрапейская камісія і Высокі прадстаўнік выклалі планы рашучых і мэтаcкіраваных захадаў з боку ЕС у падтрымку краін-партнёраў у барацьбе з пандэміяй каранавіруса. Калектыўныя дзеянні ЕС сканцэнтруюцца непасрэдна на змаганні з крызісам у сферы аховы здароўя і на задавальненні гуманітарных патрэб, якія з яго вынікаюць. Іншыя акцэнты — умацаванне сістэм аховы здароўя, водазабеспячэння і санітарыі краін-партнёраў, іх патэнцыялу даследаванняў і гатоўнасці для барацьбы з пандэміяй і змякчэнне яе сацыяльна-эканамічных наступстваў. Каб падмацаваць гэтыя дзеянні, ЕС забяспечыць краінам-партнёрам фінансавую падтрымку на суму больш за 15,6 млрд еўра з існуючых рэсурсаў для знешніх дзеянняў. Сумесна з партнёрамі мы мусім упэўніцца, што той значны аб'ём фінансавання ЕС, які ім ужо выдзелены, скіраваны на дапамогу ў барацьбе з наступствамі каранавіруса.

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен пракаментавала: «Вірус не ведае меж. Гэты глабальны выклік патрабуе актыўнага міжнароднага супрацоўніцтва. Еўрапейскі саюз нястомна працуе, каб пабароць пандэмію. Мы ўсе ведаем, што толькі разам мы зможам спыніць распаўсюджванне каранавіруса па ўсім свеце. З гэтай мэтай ЕС неўзабаве правядзе віртуальнае мерапрыемства па зборы ўзносаў. Гэта дапаможа мабілізаваць неабходнае фінансаванне і падтрымаць Сусветную арганізацыю аховы здароўя, каб яна магла аказваць дапамогу краінам у найбольш складанай сітуацыі». Выслкі прадстаўнік, Віцэ-старшыня Еўрапейскай камісіі Жазэп Барэль дадаў: «Пандэмія каранавіруса вымагае ў адказ сумесных дзеянняў на глабальным узроўні. Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены робяць свой унёсак у пераадоленне крызісу ў сферы аховы здароўя і яго цяжкіх наступстваў — як у сваіх краінах, так і за мяжой. Мы робім усё магчымае, каб дапамагчы сваім грамадзянам, але ў той жа час мы мусім аказаць дапамогу і нашым непасрэдным і больш аддаленым суседзям. Гэта паўплывае на іх узровень жыцця, стабільнасці і бяспекі. А іх праблемы — гэта нашыя праблемы. Гэта вайна сусветнага маштабу, мы выйграем або прайграем усе разам. Супрацоўніцтва і сумесныя намаганні на міжнародным узроўні, шматбаковыя рашэнні — гэта шлях наперад, да фармулявання сапраўднага глабальнага парадку дня для будучыні».

Камісар па міжнародным партнёрстве Юта Урпілайнен растлумачыла: «Пакуль каранавірус пагражае жыццям у любой кропцы свету, мы ў небяспецы. Гэта аснова міжнароднага супрацоўніцтва і партнёрства. Каб вырашыць нашы агульныя праблемы, мы павінны працаваць разам. Сёння Еўрапейская камісія са сваім істотным пакетам у больш за 15,6 мільярдаў еўра актывізуе захады ў адказ на пандэмію і становіцца на чале сумеснай працы са сваімі партнёрамі ва ўсім свеце, асабліва ў Афрыцы, дзеля бяспекі ў будучыні для ўсіх нас».

Еўрапейскі камісар па пытаннях суседства і пашырэння Олівер Вархеі сказаў: «У рамках нашых глабальных мер у адказ на пандэмію каранавіруса мы перанакіроўваем больш за 3,8 мільярда еўра, прадугледжаных для Заходніх Балкан і нашых бліжэйшых суседзяў на ўсходзе і поўдні, туды, дзе ў гэтых сродках сёння сапраўды маюць патрэбу: на тэрміновае рэагаванне на крызіс у сферы аховы здароўя, умацаванне сістэм аховы здароўя і змякчэнне сацыяльна-эканамічных наступстваў пандэміі. Мы жывём на адным кантыненце. У нас усё атрымаецца, але толькі калі мы разам». Янэз Ленарчыч, Камісар па крызісным кіраванні, папярэдзіў: «Мы сутыкнуліся з тым, што можа стаць самым вялікім гуманітарным крызісам за апошнія дзесяцігоддзі. Наступствы ўспышкі каранавіруса для найбольш нестабільных краін, мігрантаў і самых уразлівых груп насельніцтва, верагодна, будуць драматычнымі. Гэта асабліва характэрна для лагераў бежанцаў і ўнутрана перамешчаных асоб, дзе прастора замкнутая і ўмовы часта антысанітарныя. Менавіта таму мы павінны рашуча рэагаваць на надзвычайную сітуацыю ў галіне аховы здароўя, па-ранейшаму забяспечваць, каб усе гуманітарныя суб'екты маглі выконваць сваю жыццёва важную функцыю, а таксама падтрымліваць транспарт і лагістыку для ключавых гуманітарных аперацый».

Пакет "Каманды Еўропа"

Захады ЕС адпавядаюць падыходу Каманды Еўропа — ратаваць жыцці праз хуткую і мэтаскіраваную дапамогу партнёрам у барацьбе з каранавірусам. Пакет аб'ядноўвае рэсурсы ЕС, яго дзяржаў-членаў і фінансавых інстытутаў, у прыватнасці Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Пакет падтрымае партнёраў і дапаможа задаволіць іх кароткатэрміновыя патрэбы, а таксама доўгатэрміновыя —звязаныя з структурным уздзеяннем на грамадства і эканоміку. Першыя пакеты Групы Еўропа ўжо рэалізуюцца ў непасрэдных краінах-суседзях: на Заходніх Балканах, на ўсходзе і поўдні.

Як глабальны суб'ект і буйны донар міжнароднай дапамогі, ЕС будзе садзейнічаць скаардынаванаму шматбаковаму рэагаванню ў партнёрстве з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, а таксама «Вялікай сямёркай» і «Вялікай дваццаткай».

Еўрапейскі саюз працягне дастасоўваць свае захады ў адпаведнасці са зменлівай сітуацыяй і засяродзіць ўвагу на краінах, якія маюць найбольшую патрэбу ў падтрымцы ў сферы аховы здароўя: краіны Афрыкі, Блізкага Усходу, Заходніх Балкан, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, часткі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Захады ЕС будуць засяроджвацца на найбольш уразлівых групах насельніцтва, уключаючы мігрантаў, бежанцаў, унутрана перамешчаных асоб і супольнасці, якія іх прымаюць. Меры рэагавання будуць улічваць стратэгічныя мэты, выкладзеныя ў «Зялёным пагадненні» і Лічбавым парадку дня.

З агульнага пакета ў памеры 15,6 млрд еўра 3,25 млрд еўра накіроўваюцца ў Афрыку, у тым ліку 1,19 млрд еўра — у краіны Паўночнаафрыканскага суседства.

У агульным ЕС забяспечвае 3,07 млрд еўра для ўсяго суседства — 2,1 млрд еўра для Поўдня і 962 мільёна еўра для краін Усходняга партнёрства — а таксама 800 мільёнаў еўра для Заходніх Балкан і Турцыі. Акрамя таго, агульны пакет уключае яшчэ 1,42 млрд еўра ў выглядзе гарантый для Афрыкі і суседніх краін ад Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця (EFSD).

ЕС акажа падтрымку Азіяцка-Ціхаакіянскаму рэгіёну ў памеры 1,22 млрд еўра, яшчэ 291 млн еўра пойдзе на Афрыку, Карыбскі і Ціхаакіянскі рэгіён, 918 млн еўра — на падтрымку партнёраў у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне і 111 млн еўра — на падтрымку заморскіх краін і тэрыторый.

Практычная рэалізацыя глабальнага пакета мер рэагавання ЕС

502 млн еўра на рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, у прыватнасці, на:

  • Аказанне неадкладнай падтрымкі Планам рэагавання Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, а таксама заклік для руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, каб павысіць гатоўнасць да надзвычайных сітуацый і прыняцця захадаў у краінах з больш слабымі сістэмамі аховы здароўя і ў краінах, якія сутыкаюцца з гуманітарнымі крызісамі.
  • Аказанне неадкладнай гуманітарнай дапамогі ў пацярпелых краінах, у прыватнасці ў галіне аховы здароўя, водазабеспячэння, санітарыі і гігіены (WASH) і лагістыкі.
  • Падтрымка павелічэння вытворчасці ў Еўропе сродкаў індывідуальнай абароны і медыцынскіх вырабаў для задавальнення неадкладных патрэб у Еўропе і краінах-партнёрах.
  • Арганізацыя матэрыяльнай дапамогі пацярпелым краінам праз Механізм грамадзянскай абароны.
  • Гарантыі і рэзервы ліквіднасці мясцовым банкам праз міжнародныя фінансавыя інстытуты і еўрапейскія развіццёвыя фінансавыя інстытуты пры падтрымцы Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця.
  • Падтрымка глабальных намаганняў па барацьбе з экспартнымі абмежаваннямі і забеспячэнне спраўнай працы ланцужкоў паставак, асабліва ў дачыненні да асноўных прадметаў медыцынскага прызначэння і фармацэўтычных прэпаратаў.
  • Далучэнне Заходніх Балкан да ініцыятыў ЕС, такіх як Сумеснае пагадненне аб закупках медыцынскага абсталявання і Еўрапейская сістэма хуткага апавяшчэння аб інфекцыйных захворваннях. Краіны, якія вядуць перамовы аб далучэнні, таксама могуць падаць заяўку ў Фонд салідарнасці ЕС.

2,8 млрд еўра на падтрымку навуковых даследаванняў, сістэм аховы здароўя і водазабеспячэння. Падтрымка ЕС, у прыватнасці:

  • Падтрымка краін-партнёраў у стварэнні ўстойлівых, гнуткіх сістэм аховы здароўя і сацыяльнай абароны.
  • Падтрымка намаганняў па інфармаванні насельніцтва аб асноўных ахоўных мерах і гігіенічных рэкамендацыях для прадухілення распаўсюджвання інфекцыі.
  • Дазвол на выкарыстанне часткі сродкаў ЕС з сусветных ініцыятыў у галіне аховы здароўя, такіх як Сусветны фонд барацьбы са СНІД, туберкулёзам і малярыяй, Сусветны альянс па вакцынам і імунізацыі (GAVI) і Глабальны фінансавы фонд, для барацьбы з каранавірусам, забяспечваючы пры гэтым працяг ажыццяўлення жыццёва важных праграм у галіне аховы здароўя.
  • Падтрымка далейшых даследаванняў у галіне дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі, а таксама, калі вакцына будзе даступная, паскоранае адабрэнне і субсідзіраванне вакцын і іх дастаўка ва ўразлівыя краіны.
  • Падтрымка падрыхтоўкі спецыялістаў, эпідэміялагічнага нагляду і ўмацавання рэгіянальных арганізацый аховы здароўя ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Карыбскім басейне і Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.
  • Запрашэнне краін-кандыдатаў на Заходніх Балканах у Камітэт ЕС па бяспецы аховы здароўя і абмеркаванне шляхоў іх далучэння.
  • Падтрымка роўнага доступу да паслуг сістэм аховы здароўя для мігрантаў, бежанцаў і супольнасцей, якія іх прымаюць.

12,28 млрд еўра для змякчэння эканамічных і сацыяльных наступстваў. Падтрымка ЕС, у прыватнасці:

  • Прамая бюджэтная падтрымка і льготнае фінансаванне краінам-партнёрам для ажыццяўлення рэформ у мэтах сацыяльна-эканамічнага развіцця і скарачэння маштабаў беднасці, а таксама мер па абароне працоўных у перыяд крызісу.
  • Мабілізацыя макрафінансавай дапамогі заходнебалканскім краінам і краінам-суседзям з дапамогай Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).
  • Падтрымка прыватнага сектара, асабліва малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП) і самазанятых, з дапамогай гарантый, рэзерваў ліквіднасці і тэхнічнай дапамогі, а таксама далейшай пераарыентацыі гарантый Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця на кароткатэрміновае размеркаванне рызык па крэдытах.
  • Крэдыты дзяржаўнаму сектару ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, у прыватнасці на медыцынскае абсталяванне і расходныя матэрыялы.
  • Праца з міжнароднымі арганізацыямі і еўрапейскімі кампаніямі па стварэнні трывалых і ўстойлівых вытворча-збытавых ланцужкоў ў стратэгічных сектарах, а таксама па забеспячэнні працоўных правоў і карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці.
  • Спрыянне прымяненню форм спісання запазычанасці, якія МВФ разглядае для пацярпелых краін.

Дадатковая інфармацыя:

Спасылка на камюніке

Каранавірус: глабальны адказ ЕС у барацьбе з пандэміяй. Пытанні і адказы.

Інфармацыйны бюлетэнь аб канкрэтных прыкладах падтрымкі ЕС у краінах-партнёрах

Кантакты для прэсы:

Ana PISONERO-HERNANDEZ (+32 2 295 43 20)

Gesine KNOLLE (+32 2 295 43 23)

Агульныя запыты: Europe Direct па тэлефоне 00 800 67 89 10 11 або праз email

 

 

Gesine Knolle
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy/International Partnerships
+32 (0)2 29 54323
+32 (0)460 754 323