Гандаль

Двухбаковыя гандлёвыя адносіны ЕС і Беларусі

Механізм двухбаковых гандлёвых адносінаў ЕС і Беларусі

Хоць гандаль паміж ЕС і Беларуссю павялічыўся за апошнія гады, ЕС прыпыніў крокі ў накірунку цяснейшага эканамічнага партнёрства з Беларуссю да тых часоў, пакуль урад не здолее прадэманстраваць адданасць дэмакратыі і палітычным і грамадзянскім правам. У адказ на пагаршэнне ўнутранай палітычнай сітуацыі на Беларусі ЕС не ратыфікаваў двухбаковае Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве (ППС), што было заключана з Беларуссю ў 1995 г. Таму двухбаковы гандаль і эканамічныя адносіны працягваюць рэгулявацца Пагадненнем аб гандлі і супрацоўніцтве (ПГС), што было заключана Еўрапейскай супольнасцю з тагачасным Савецкім Саюзам у 1989 г. і пазней зацверджана Беларуссю. Беларусь падала заяўку на ўступленне ў СГА ў 1993 г. Працэс уступлення працягваецца.

Часовае прыпыненне дзеяння Агульнай сістэмы прэферэнцый (АСП) у адносінах да Беларусі

У адказ на сістэматычныя і сур’ёзныя парушэнні асноўных прынцыпаў Міжнароднай арганізацыі працы, сябрам якой з’яўляецца Беларусь, Еўрапейская камісія раіла прыпыніць дзеянне гандлёвых прэферэнцый у адносінах да Беларусі згодна з Агульнай сістэмай прэферэнцый, а краіны-ўдзельніцы ЕС зацвердзілі гэтую параду ў снежні 2006 г. Калі Беларусь не здолела значна палепшыць абарону асноўных праў працоўных, прыпыненне пачало дзейнічаць з 21 чэрвеня 2007 г. У выпадку калі Беларусь прадэманструе павагу да асноўных правоў прафсаюзаў, ЕС гатовы адразу адмяніць рашэнне наконт прыпынення дзеяння АСП. Неабходна заўважыць, што прыпыненне дзеяння АСП не з'яўляецца санкцыяй, звязанай з палітычнай сітуацыяй, а адменай гандлёвай прывілеі.

ЕС не прымяняе ніякіх гандлёвых санкцый супраць Беларусі, але да краіны прымяняецца адзін з найбольш жорсткіх рэжымаў двухбаковага гандлю тэкстылем сярод гандлёвых партнёраў ЕС: з 2010 года ЕС прымяняе ў адносінах да Беларусі аднабаковыя імпартныя квоты, якія рэгулююць гандаль тэкстылем і адзеннем.

Тэхнічная дапамога, звязаная з гандлем

Да 2007 г. ТАСІС быў асноўным інструментам тэхнічнай дапамогі Беларусі. Інструмент Еўрапейскай палітыкі добрасуседства (ІЕПД), новы фінансавы інструмент, аднолькавы як для ўсходніх, так і для паўднёвых суседзяў ЕС, пачаў дзейнічаць з 2007 г., замяніўшы праграмы ТАСІС, МЭДА і КАРДЗ. ІЕПД забяспечаны 14,9 млрд. еўра на 2007--2013 г.

Беларусь далучана да Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, але зараз не прадугледжаны План дзеянняў для краіны. ЕС гатовы паглыбляць адносіны з Беларуссю, уключаючы доступ да ўсіх пераваг ЕПД, у выпадку калі ўлады Беларусі прадэманструюць жаданне паважаць дэмакратычныя каштоўнасці і вяршэнства закона.