Агляд

Праекты супрацоўніцтва ЕС-Беларусь ацэньваюцца прыкладна ў 100 мільёнаў еўра. Гэтая сума ўключае рэгіянальныя і тэматычныя праекты, якія дзейнічаюць цяпер або знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі і разгляду.

Супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю заснаванае на рашэннях, якія паслядоўна прымаюцца Саветам ЕС па замежных справах, у тым ліку рашэннях, прынятых 31 студзеня 2011 года. Праекты, якія ажыццяўляюцца ў Беларусі пры падтрымцы ЕС, грунтуюцца на асноўных прынцыпах Стратэгіі ў дачыненні да краіны на 2007-2013 гг. і Нацыянальнай індыкатыўнай праграмы на 2012-2013 гг . Гэтыя дакументы прадугледжваюць 2 прыярытэтныя сферы тэхнічнага супрацоўніцтва ЕС-Беларусь: 1) добрае кіраванне і кантакты паміж людзьмі, 2) эканамічная мадэрнізацыя.

ЕС супрацоўнічае з Беларуссю ў наступных галінах: энергетыка, ахова навакольнага асяроддзя, бяспека прадуктаў харчавання, развіццё на рэгіянальным і мясцовым узроўнях, вышэйшая адукацыя, а таксама развіццё грамадзянскай супольнасці, СМІ і сацыяльнай сферы. Частка дапамогі прызначана рэгіёнам, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі, а таксама накіраваная на забеспячэнне ядзернай бяспекі. Акрамя таго, Беларусь удзельнічае ў рэгіянальных праектах і праграмах супрацоўніцтва прыгранічных рэгіёнаў у наступных галінах: транспарт, кіраванне межамі, дзейнасць мытных службаў, міграцыя і прадастаўленне прытулку, барацьба супраць гандлю людзьмі і наркотыкамі, пераадоленне наступстваў прыродных і тэхнагенных катастроф. Беларусь прымае ўдзел у працы трох праграм супрацоўніцтва прыгранічных рэгіёнаў: "Польшча-Беларусь-Украіна", "Латвія-Літва-Беларусь" і "Рэгіён Балтыйскага мора". Шматбаковы фармат Усходняга партнёрства таксама дае Беларусі магчымасць удзельнічаць у праграмах рэгіянальнага ўзроўню.

Рэалізуюцца і некалькі праектаў у сферы захавання нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны і яе выкарыстання ў развіцці рэгіёнаў Беларусі і суседніх краін. Напрыклад, у 2011 годзе ў Беларусі сабраліся больш як 100 прадстаўнікоў інавацыйнага напрамку ў сучасным мастацтве - "жывога відэа-мастацтва". У хуткім часе ў поўную сілу запрацуе Праграма "Культура" Усходняга партнёрства, у рамках якой, у прыватнасці, Беларусь будзе ўдзельнічаць у рэалізацыі буйнога праекта па развіцці прафесійнай і аматарскай фатаграфіі ў шасці краінах рэгіёну.
 

 

ПРАЕКТЫ ЕЎРАПЕЙСКАГА САЮЗА Ў БЕЛАРУСІ pdf - 3 MB [3 MB]

Публікацыя змяшчае пералік праектаў Еўрапейскага Саюза ў Беларусі. Яе структура адлюстроўвае прыярытэты Нацыянальнай індыкатыўнай праграмы на 2012-2013 гг. У кожным раздзеле прадстаўленыя кароткія звесткі пра праекты ЕС у адпаведных абласцях і больш падрабязная інфармацыя пры тыя, што ажыццяўляюцца цяпер,  а таксама пра завершаныя і будучыя праекты. Акрамя таго, дакумент змяшчае спасылкі на ключавыя дакументы, а таксама агляд палітычных ініцыятываў, якія маюць дачыненне да Беларусі.