Штэфан Фюле "Да Еўрапейскай будучыні для грамадзян Беларусі"

Выступ Штэфана Фюле, Камісара Еўрапейскага Саюза па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства на форуме "Трансфармацыі Беларусі - выбар шляхоў развіцця", арганізаваным Еўрапейскім аддзяленнем Фонда Карнэгі, Брусэль, 7 снежня 2011 года  

Шаноўныя калегі, высокія госці,

Я б аддаў перавагу таму, каб гэты форум праводзіўся ў Мінску, аднак беларускія улады мелі адрозныя ад маіх уяўленні пра час і месца правядзення гэтага форума.

Я вельмі ўдзячны за запрашэнне выступіць сёння перад вамі па найважнейшым з пытанняў.

Як мы ўсе ведаем, гэты форум адбываецца ўсяго за некалькі дзён да ўгодкаў прэзідэнцкіх выбараў, якія адзначылі пачатак новай хвалі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ. Таму прыйшоў час зрабіць высновы з таго, што адбылося, а таксама абмеркаваць наш падыход.

Я бачу ў аўдыторыі многіх вядомых спецыялістаў - ад паважаных вучоных да вядучых праваабаронцаў. Мы ўсе вельмі прывыклі да абмеркавання сітуацыі ў Беларусі. Але мне сумна казаць, што мы таксама вельмі прывыклі чуць пра сур'ёзныя выклікі, з якімі сутыкаецца краіна, і пра складанае становішча беларускага народа.

Парушэнні асноўных правоў і свабод чалавека сталі звычайнай з'явай, як і палітычна матываваныя судовыя пераследы. І новыя палажэнні заканадаўства будуць абмяжоўваць асноўныя свабоды сходаў, аб'яднанняў і меркаванняў яшчэ больш.

У краіне ўсталявалася атмасфера страху. Гэта ціхі страх і амаль нябачны. Але ён забраў самае галоўнае - бачанне лепшай будучыні.

Таму сёння я хачу падзяліцца сваім бачаннем лепшай будучыні краіны. Гэта бачанне выразнай дэмакратычнай альтэрнатывы палітычным рэпрэсіям і эканамічным цяжкасцям цяперашняга рэжыму і выразны сігнал беларускаму народу аб сапраўдных перавагах, якія прынесла б еўрапейская будучыня.

Гэта бачанне заснавана не на пустых словах, а на канкрэтнай падтрымцы і дапамозе з боку ЕС. Наш цяперашні падыход адкрывае шлях да гэтых зменаў, і я хутка звярнуся да гэтага. Але наша шырэйшае бачанне - нашмат больш значнае пераўтварэнне ў краіне. На маю думку, разам мы можам дасягнуць гэтага. Але неабходна, каб беларускае грамадства аб'яднала імкненне падтрымаць рух да трансфармацыі і мадэрнізацыі.

Наш цяперашні падыход

Шаноўныя калегі,

Мы ўжо будуем асновы для таго бачання, што мы падзяляем.

Наш падыход мае два кірункі. Па-першае, гэта цвёрдая пазіцыя ў адносінах да дзейнага рэпрэсіўнага рэжыму.

З часу рэпрэсіўных  захадаў, што пачаліся пасля  прэзідэнцкіх выбараў у снежні мінулага года, ЕС абсалютна адназначна заяўляе, што далейшае двухбаковае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі немагчымае, пакуль няма значнага прагрэсу ў забеспячэнні асноўных правоў і свабод.

Мы рашуча асуджаем гэтыя рэпрэсіі і скіроўваем санкцыі на ядро дзейнага рэжыма. Яны ўключаюць у сябе забарону на выдачу віз і замарожванне актываў у дачыненні да шэрагу канкрэтных асоб і гаспадарчых суб'ектаў, а таксама эмбарга на пастаўкі як зброі, так і абсталявання, што могуць быць выкарыстаныя для рэпрэсій унутры краіны.

Акрамя таго мы рашуча асудзілі палітычна-матываваны судовы пераслед у дачыненні да былых кандыдатаў у прэзідэнты і выбітных праваабаронцаў, у тым ліку ў нядаўнім выпадку з Алесем Бяляцкім. Яго асудзілі з відавочнымі парушэннямі, і мы заклікалі беларускія ўлады забяспечыць неадкладнае вызваленне і рэабілітацыю і яго, і ўсіх палітычных зняволеных краіны. Сярод іншых былыя кандыдаты ў прэзідэнты Саннікаў і Статкевіч да гэтага часу застаюцца ў турмах. Мы прапануем нашу падтрымку родным, якія пакутуюць, - сем'ям гэтых палітычных зняволеных, якія сталі ахвярамі фізічных і псіхалагічных катаванняў. Мы таксама асуджаем іншыя рэпрэсіі, якія могуць быць менш вядомымі, але ад гэтага не менш сур'ёзнымі.

Мы падтрымліваем супрацоўніцтва з уладамі толькі ў тых сферах, дзе адсутнасць нашай падтрымкі ўплывала б у большай ступені на народ Беларусі, а не на рэжым. Па гэтых пытаннях нашы тэхнічныя дыялог і супрацоўніцтва будуць працягвацца.

Мы таксама ўпэўненыя, што Беларусі варта працягваць свой удзел у дзейнасці Ўсходняга партнёрства ў шматбаковым фармаце, дзе яна можа атрымаць істотны досвед у такіх галінах, як развіццё грамадзянскай супольнасці, культура, моладзевыя абмены.

І дазвольце мне падкрэсліць, што двухбаковае супрацоўніцтва з уладамі будзе магчымае толькі тады, калі яны выканаюць шэраг палітычных умоў, якія не падлягаюць абмеркаванню, а менавіта забяспечаць прагрэс у сферы правоў і свабод і вызваляць і рэабілітуюць усіх палітычных зняволеных.

Тым не менш, краіна большая за свае ўлады, і палітыка ЕС у адносінах да Беларусі заўсёды адлюстроўвала гэтае разуменне.

Бачанне еўрапейскай будычыні

Шаноўныя калегі,

Другі аспект палітыкі ЕС - узаемадзенне з тымі людзьмі ў Беларусі, якія выступаюць за рэформы і мадэрнізацыю. Мы ведаем, што гэты шматмерны падыход мае важнае значэнне, калі мы хочам ўстойлівых змен.

Мы павінны звяртацца да ўсіх грамадзян Беларусі, калі мы хочам пасеяць насенне для значна большых змен. З’яўляецца шмат новых груп, чыя незадаволенасць цяперашнім рэжымам расце, у тым ліку ў самім ўрадзе.

І палітычная апазіцыя, і грамадзянская супольнасць павінны адыгрываць надзвычай важную ролю, калі мы хочам дасягнуць сваіх мэтаў.

Арганізацыі грамадзянскай супольнасці робяць жыццёва неабходную працу для таго, каб забяспечыць захаванне дэмакратычных прынцыпаў, асноўных правоў і свабод у краіне. Многія з іх прадстаўленыя тут сёння, і яны будуць па-ранейшаму мець маю поўную падтрымку.

Гэтая падтрымка мае некалькі формаў. У сувязі з апошняй хваляй рэпрэсій Савет міністраў паўночных краін узначальвае намаганні па прадастаўленні дапамогі ахвярам рэпрэсій і сваякам ахвяраў. Мы таксама падтрымліваем асноўныя напрамкі дзейнасці праекта "Clearing House", які фінансуе ЕС і які ажыццяўляе "Офіс за дэмакратычную Беларусь", адзін з арганізатараў сённяшняга форума.

Ёсць шэраг магчымасцяў для ажыццяўлення фінансавай падтрымкі. Я рады сказаць, што мы значна ўзмацнілі нашу фінансавую падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ ў Беларусі і нават пераўзыйшлі наш намер павялічыць яе аб'ём у 4 разы. Аб'ём дапамогі, даступнай грамадзянскай супольнасці ў цяперашні час, дасягнуў 19,3 мільёна еўра на перыяд з 2011 па 2013 гг.

Існуе магчымасць фінансава падтрымліваць дзейнасць праваабаронцаў праз Еўрапейскі інструмент у вобласці дэмакратыі і правоў чалавека. Існуе фінансавая падтрымка дзейнасці па эканамічным развіцці і стварэнні патэнцыялу праз Еўрапейскую праграму падтрымкі недзяржаўных арганізацый і мясцовых уладаў. Мы таксама праводзім рэгулярныя сустрэчы для каардынацыі дзейнасці міжнародных донараў і арганізацый у Брусэлі.

Мы таксама нядаўна абвесцілі першы этап конкурса праектных прапаноў у рамках нядаўна створанага Фонда грамадзянскай супольнасці ў межах Еўрапейскай палітыкі суседства. Ідзе праца па стварэнні Еўрапейскага фонда ў падтрымку дэмакратыі, які будзе прапаноўваць дадатковыя сродкі для падтрымкі працы гэтых арганізацый для дасягнення дэмакратыі.

Мы таксама працуем над тым, каб узмацніць ролю арганізацый грамадзянскай супольнасці ў рэгіянальным супрацоўніцтве. Напрыклад, на мінулым тыдні адбылася трэцяя штогодняя асамблея Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, на якой прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ўсяго рэгіёна распрацавалі стратэгію дзеянняў, скіраваных на дасягненне агульных мэтаў. Акрамя таго, яны аб'яднана  асудзілі рэпрэсіі ў Беларусі, якія не спыняюцца.

У дадатак да супрацы з грамадзянскай супольнасцю, мы таксама будзем працягваць сваё супрацоўніцтва з палітычнай апазіцыяй Беларусі. Я лічу, што ім належыць важная роля, калі мы хочам дасягнуць нашых агульных памкненняў. Гэта знайшло адлюстраванне ў сумесным лісце, што я і Высокі прадстаўнік Эштан даслалі ключавым прадстаўнікам апазіцыі ў пачатку гэтага месяца. І я быў таксама рады нядаўна, на мінулым тыдні, сустрэцца з прадстаўнікамі сямі буйных апазіцыйных партый і рухаў.

Мы будзем і надалей абмяркоўваць магчымасці еўрапейскай будучыні для краіны з гэтымі апазіцыйнымі рухамі і падтрымліваць іх у імкненні ў больш і больш высокай ступені адпавядаць патрэбам  народа Беларусі. У сваю чаргу, яны павінны працягваць працаваць у цесным кантакце адзін з адным і з усім беларускім грамадствам. Ім належыць вызначыць выразную дэмакратычную альтэрнатыву цяперашняй уладзе. І яны павінны ўзаемадзейнічаць з усімі тымі, хто падтрымлівае рэформы ў краіне.

Праз узаемадзенне з грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй мы будзем па-ранейшаму імкнуцца да таго, каб звяртацца да ўсяго беларускага грамадства і заахвочваць да моцнага і аб'яднанага падыходу ў імкненні да трансфармацыі і мадэрнізацыі. Размежавальная лінія, якую некаторыя спрабуюць правесці паміж прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі з аднаго боку і грамадзянамі Беларусі з другога, цалкам штучная.

У рэшце рэшт, грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ і палітычная апазіцыя не могуць дасягнуць гэтага самі па сабе. Ім патрэбная падтрымка інтэлігенцыі, якая магла б надаць іх падыходу інтэлектуальную форму і накірунак. І ім патрэбна ўлічваць расчараванасць у краіне, у тым ліку сярод "наменклатуры". Гэта галоўны ўрок трансфармацый у цэнтральнай Еўропе. Нават пры тым, што для змен вельмі важна стварыць знешнія умовы, разбурэнне аўтакратый заўсёды адбываецца знутры.

Бачанне еўрапейскай будычыні

Шаноўныя калегі,

Гэта некаторыя спосабы, якімі мы ўжо дапамагаем закласці асновы для змен.

Тым не менш, наша бачанне еўрапейскай будучыні Беларусі значна большае. У ЕС ёсць шэраг інструментаў, якія могуць падтрымліваць значна большыя пераўтварэнні ў нашых краінах-партнёрах, але для гэтага павінны быць належныя палітычныя ўмовы.

Наша бачанне заключаецца ў тым, каб супольна працаваць з моцным і аб'яднаным беларускім грамадствам, каб забяспечыць трывалыя змены ва ўсіх гэтых ключавых галінах. Па-першае, узмоцненыя палітычныя сувязі паміж краінамі-партнёрамі і ЕС могуць дапамагчы замацаваць ключавую ролю дэмакратыі, правоў і свабод. У нас ёсць шэраг інструментаў, якія могуць дапамагчы ў дасягненні гэтай мэты, у тым ліку дапамога на двухбаковым узроўні і планы дзеянняў для рэформ.

Гэтыя палітычныя сувязі таксама дапамагаюць узмацніць ролю краін партнёраў на міжнародным узроўні. У рэшце рэшт, галоўным складнікам нашага бачання еўрапейскай будучыні для Беларусі з’яўляецца тое, што Беларусь адыграе важную ролю ў вызначэнні будучыні Еўропы. Яна заўсёды была важнай краінай, і яна можа адыграць ключавую ролю ў аказанні ўплыву на Еўропу ў будучыні.

Па-другое, у нас ёсць інструменты, неабходныя для таго, каб падтрымаць значнае павышэнне ўзроўню дабрабыту ў краінах-партнёрах. Узмоцненая эканамічная інтэграцыя з найвялікшым гандлёвым блокам Еўропы можа адкрыць важныя рынкі і садзейнічаць поўнай рэалізацыі краінамі-партнёрамі свайго эканамічнага патэнцыялу. У выпадку Беларусі эканамічныя сувязі дапамаглі б краіне стаць больш канкурэнтаздольнай замест таго, каб проста разлічваць на танную нафту і газ.

Па-трэцяе, ЕС можа прапанаваць значныя інвестыцыі і дапамогу краінам-партнёрам для развіцця ў больш шырокім сэнсе. У нашым распараджэнні шмат важных інструментаў, якія дапамагаюць у вырашэнні гэтых задач, у тым ліку Інвестыцыйны фонд палітыкі суседства, Усеагульная праграма развіцця інстытутаў і Пілотная праграма рэгіянальнага развіцця. Усе яны могуць дапамагчы дасягнуць буйных зменаў у краіне.

У нас таксама есць магчымасць падтрымліваць краіны падчас фінансавых ці эканамічных цяжкасцяў. У тым ліку праз пашырэнне крэдытных ліній ЕБРР, уключэнне ў мандат Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, праз макраэканамічную дапамогу. Патэнцыял такой дапамогі вельмі значны - напрыклад, аб'ём крэдытаў ЕБРР, выдадзеных краінам Усходняга партнёрства за 2007-2010 гг., перавысіў 4 мільярды еўра.

Па-чацвёртае, мы можам прапанаваць краінам-партнёрам перспектыву значна большай мабільнасці грамадзян, якія хацелі б наведаць ЕС. Першы крок - гэта заключэнне пагадненняў пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісію. Сапраўды, варта адзначыць, што мы ўжо многія месяцы чакаем адказу беларускіх уладаў на прапанову правесці перамовы для заключэння такіх пагадненняў. Гэта само па сабе было б значным крокам, які садзейнічаў бы пашырэнню кантактаў паміж людзьмі і пашырэнню абмену ідэямі паміж нашымі грамадзянамі. Але як толькі такое пагадненне будзе дасягнута, няма ніякіх падстаў казаць, што мы не можам пайсці яшчэ далей, зрабіўшы бязвізавы рэжым нашай канчатковай мэтай.

Таму мы зацікаўленыя ў падтрымцы кантактаў паміж людзьмі. Мы гатовыя падтрымаць іх і маем бачанне таго, як гэтага дасягнуць. Тым не менш, з усіх краін-партнёраў беларускія ўлады адзіныя, хто не зацікаўлены ў такой перспектыве. Пытанне “чаму” павінны задаваць не толькі мы, але і беларускі народ.

Нарэшце, мы таксама можам падтрымаць краіны ў рэалізацыі іх патэнцыялу ў шэрагу іншых важных сфер, у якіх яны могуць лічыць супрацоўніцтва асабліва карысным, такіх як энергетычная бяспека і транспарт. Для гэтага таксама ёсць цэлы шэраг праграм ды інстытуцый, праз якія можна ажыццяўляць такое супрацоўніцтва.

Здзяйсненне нашага бачання

Шаноўныя калегі,

Разам мы павінны абапірацца на тыя асновы, што ўжо існуюць, для дасягнення гэтага агульнага бачання.

Гэта значыць, працягваць па-ранейшаму настойваць на ажыццяўленні рэформ, якія робяць магчымай гэтую дадатковую падтрымку. Гэта значыць, працягваць абараняць галоўныя каштоўнасці - дэмакратыю, правы і свабоды. А гэта значыць, працягваць працаваць і надалей, каб былі вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітычныя зняволеныя.

Лукашэнка можа верыць, што праз рэпрэсіі супраць народа ён умацоўвае сваю ўладу. Ён можа верыць у тое, што, прымаючы новыя законы супраць сваіх грамадзян, ён ускладняе ўзаемадзенне грамадзян з намі. Але я магу сказаць вам, што калі рэжым дзейнічае такім чынам, гэта насамрэч пачатак канца. Я ведаю гэта з майго ўласнага вопыту ў цэнтральнай Еўропе.

Стабільная краіна, стабільнае грамадства без няспынных дэмакратычных пераўтварэнняў - гэта ілюзія, нават калі гэтыя пераўтварэнні спрабаваць замяніць таннымі нафтай і газам. Калі гэтае пытанне не будзе вырашацца, мы апынемся на шляху да будучай чорнай дзіркі ў Еўропе.

Шаноўныя калегі,

Я веру, што магчымасць дасягнуць нашых супольных мэтаў з'явіцца.

Але ключавыя часткі беларускага грамадства, у тым ліку грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ, палітычная апазіцыя, павінны адыгрываць яшчэ больш значную ролю. Яны павінны працаваць разам, звяртаючыся да больш шырокіх колаў людзей у Беларусі, прапаноўваць дэмакратычную альтэрнатыву дзейнаму рэжыму, абавязкова задзейнічаць кожнага, хто выступае за рэформы. Моцны і аб'яднаны падыход - гэта галоўнае, асабліва ў намаганнях для забеспячэння свабодных і справядлівых парламенцкіх выбараў у наступным годзе.

Праект "Усходняе партнёрства" ўжо паказаў сваю здольнасць да росту. Зараз я заклікаю Беларусь і яе грамадства расці разам з ім. Варта скарыстацца з усіх тых перавагаў, якія ён можа забяспечыць сёння, і разам мы зможам абмеркаваць і ажыццявіць тыя перавагі, якія ён будзе забяспечваць у будучыні.

Адначасова мы не недаацэньваем значныя выклікі, з якімі вы сутыкнецеся. Я шаную вашу мужнасць і буду па-ранейшаму прапаноўваць вам нашу поўную і безумоўную падтрымку. І я буду працягваць звяртацца да тых, хто падзяляе наша бачанне Беларусі як квітнеючай і паспяховай краіны, галоўнымі каштоўнасцямі якой ёсць дэмакратыя, правы і свабоды чалавека.

Я з нецярпеннем чакаю таго часу, калі Беларусь будзе краінай свабоды і дэмакратыі, краінай, дзе народ - не ўлады – вызначае сваю будучыню, краінай, што атрымлівае перавагі ад сваіх традыцыйных сувязяў з Расіяй ды іншымі сваімі суседзямі, краінай, што атрымлівае нават большыя перавагі ад выдалення апошняй раздзяляльнай лініі на еўрапейскім кантыненце.

Дзякуй за вашу ўвагу.

Back to