ЕС і Усходнія партнёры маюць намер пашырыць супрацоўніцтва у сферы аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы з кліматычнымі зменамі (18/10/2016)

 Еўрапейская камісія

Прэс-рэліз

 

Першая ў гісторыі Усходняга партнёрства афіцыйная Міністэрская сустрэча па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы з кліматычнымі зменамі

 

 Брусэль, 18 кастрычніка 2016 года

Першая ў гісторыі Усходняга партнёрства (УП) афіцыйная Міністэрская сустрэча па пытаннях Аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы з кліматычнымі зменамі адбылася сёння ў Люксембургу з удзелам камісараў Кармену Вела і Ёханеса Хана. ЕС і краіны Усходняга партнёрства (Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Рэспубліка Малдова і Украіна) прынялі Міністэрскую дэкларацыю, падцвердзіўшы сумесныя абавязкі па пашырэнні супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы з кліматычнымі зменамі і спрыянні ўстойліваму і інклюзіўнаму эканамічнаму развіццю.

Кармену Вела, еўрапейскі камісар па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рыбалоўства і марскіх справах, заявіў: «Улічваючы блізкасць Еўрапейскага саюза і краін Усходняга партнёрства і трансгранічны характар ​​экалагічныхікліматычныхвыклікаў, супрацоўніцтва паміж намі з'яўляецца вельмі неабходным і адпавядае нашым агульным інтарэсам. Мы дамовіліся адносна неабходнасці супрацоўнічаць па пытаннях, якія маюць ключавое значэнне для паляпшэння жыцця і здароўя грамадзян: скарачэнне узроўняў забруджвання паветра і вады і стварэнне новых працоўных месцаў з дапамогай пераходу да "зялёнай" эканомікі,-а таксама адносна супрацоўніцтва ў пошуках адказаў на міжнародныя выклікі, уключаючы рэалізацыю Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. i Парыжскага пагаднення аб змяненні клімату».

Ёханес Хан, камісар па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і перамоў аб пашырэнні, сказаў: «Ахова навакольнага асяроддзя і барацьба з кліматычнымі зменамі не толькі наш абавязак, але і добрае ўкладанне, у выніку якога з'явяцца новыя працоўныя месцы, павялічацца даходы і павысіцца ўстойлівасць эканомікі. Дзякуючы падтрымцы ЕС малыя і сярэднія прадпрыемствы ва ўсім рэгіёне Усходняга партнёрства даведваюцца пра магчымасці, якія дае «зялёная» эканоміка, і пачынаюць іх выкарыстоўваць. ЕС працягне падтрымліваць краіны Усходняга партнёрства ў іх намаганнях па стварэнні рэсурса- і энергаэфектыўнай эканомікі на карысць грамадзян з абодвух бакоў».

Міністры па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы з кліматычнымі зменамі дзяржаў-членаў ЕС і краін Усходняга партнёрства абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва ў галіне кіравання прыродаахоўнай дзейнасцю і развіцця «зялёнай» эканомікі. Яны падкрэслілі неабходнасць пераходу да ўстойлівага і комплекснага кіравання прыроднымі рэсурсамі і ўстойлівага спажывання і вытворчасці ў адпаведнасці з прынцыпамі эканомікі замкнёнага цыкла. Яны адзначылі магчымасці для стымулявання эканамічнага росту, якія з'яўляюцца ў прыватнага сектара і прамысловасці дзякуючы прыродаахоўнай дзейнасці.

У ходзе дзённай сесіі па пытаннях змены клімату міністры разгледзелі магчымасці спрыяння рэалізацыі Парыжскага пагаднення аб змяненні клімату. Асноўная ўвага падчас дыскусіі было скіравана на тое, як краіны-партнёры могуць забяспечыць пераход да эканомікі з нізкім узроўнем выкідаў і высокай устойлівасцю да кліматычных змен, у тым ліку шляхам выкарыстання вялізнага патэнцыялу энергазберажэння ў рэгіёне.

Міністры дамовіліся сустрэцца праз два гады, каб ацаніць ход супрацоўніцтва паміж ЕС і Усходнімі партнёрамі. Адначасова яны даручылі Калегіі Усходняга партнёрства па навакольным асяроддзі і кліматычных зменах распрацаваць і рэалізаваць план дзеянняў для прымянення на практыцы палажэнняў Дэкларацыі.

 

 

Даведка

Міністэрская сустрэча па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы з кліматычнымі зменамі арганізуецца сумесна Еўрапейскай камісіяй і Славакіяй, якая старшынствуе ў Савеце Еўрапейскага саюза. Еўрапейская камісія прадстаўлена камісарам па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рыбалоўства і марскіх справах Кармену Вела і камісарам па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханесам Ханам. ЕС і краіны УП прадстаўлены міністрамі, дзяржаўнымі сакратарамі і высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі, адказнымі за ахову навакольнага асяроддзя і барацьбу з кліматычнымі зменамі.

У якасці асноўнага органа, якому даручаны кантроль за Міністэрскім працэсам і выкананне абавязкаў па Дэкларацыі, будзе выступаць існуючая Калегія Усходняга партнёрства па навакольным асяроддзі і кліматычных зменах. Калегія аб'ядноўвае экспертаў Еўрапейскай камісіі, дзяржаў-членаў ЕС і краін УП, а таксама арганізацыі грамадзянскай супольнасці. Яны абмяркоўваюць ход працы па ахове навакольнага асяроддзя і барацьбе з кліматычнымі зменамі, абменьваюцца перадавым вопытам і садзейнічаюць супрацоўніцтву і каардынацыі дзеянняў у рамках рэгіянальных праграм.

Усходняе партнёрства ўяўляе сабой пляцоўку для супрацоўніцтва паміж ЕС (і яго дзяржавамі-членамі) і шасцю краінамі Усходняга суседства. Прадастаўленне краінам УП дапамогі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы з кліматычнымі зменамі з'яўляецца для ЕС стратэгічна важнай задачай з пункту гледжання дасягнення пастаўленых мэтаў ўнутры ЕС і паляпшэння якасці жыцця грамадзян у краінах-партнёрах. ЕС мае цвёрды намер садзейнічаць пераходу да палепшанай сістэмы кіравання прыродаахоўнай дзейнасцю, нізкаэмісійнага развіцця і зялёнай эканомікі ў рамках Усходняга партнёрства. Гэтыя намаганні падтрымліваюцца такімі фінансаванымі ЕС рэгіянальнымі праектамі, як "Сумесныя сістэмы экалагічнай інфармацыі-Усход", "Экалагізацыя эканомік у краінах Усходняга партнёрства" і "Clima East: падтрымка дзеянняў, накіраваных на змяншэнне кліматычных змяненняў і адаптацыю да іх наступстваў у краінах Усходняга партнёрства і Расіі ".

 

Дадатковая інфармацыя

Генеральны дырэктарат па пытаннях навакольнага асяроддзя – Усходняе партнёрства

Еўрапейская служба знешніх дзеянняў

Генеральны дырэктарат па пытаннях палітыкі суседства і перамоў аб пашырэнні