Беларусь мае адыграць надзвычай важную ролю ў ператварэнні Еўропы ў кантынент, свабодны ад смяротнага пакарання (10/10/2016)

10 кастрычніка 2016

Аўтар - Андрэа Віктарын, кіраўнік Прадстаўніціва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, амбасадар

Сёння свет адзначае Дзень супраць смяротнага пакарання. Больш за дзве траціны краін па ўсім свеце—з рознымі культурамі, палітычнымі сістэмамі, рэлігіямі—адмянілі смяротнае пакаранне на заканадаўчым узроўні ці на практыцы. У гэты спіс уваходзяць усе 28 краін Еўрапейскага саюза. Наша пазіцыя ў дачыненні да смяротнага пакарання моцная і прынцыповая, і мы разглядаем мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да яго поўнай адмены.

Прыняцце рэзалюцыі па гэтым пытанні Генеральнай Асамблеяй ААН у 2007 годзе было вялікім прарывам, а павелічэнне падтрымкі наступных рэзалюцый стала ілюстрацыяй агульнасусветнай тэндэнцыі ў гэтым накірунку. У 2014 годзе рэзалюцыя была прынята найбольшай колькасцю галасоў за ўвесь час [117]. За рэзалюцыю  галасавалі і ў тым ліку краіны, якія яшчэ не цалкам адмянілі смяротнае пакаранне, але хацелі пацвердзіць сваё імкненне яго скасаваць.

Якія у нас аргументы?

- Смяротнае пакаранне не стрымлівае злачыннасць.

- Забраўшы жыццё аднаго чалавека, мы не вяртаем жыццё іншаму.

- Ніводная праваахоўная ці судовая сістэма ў свеце не з'яўляецца дасканалай. З цягам часу новыя тэхналогіі дапамаглі выявіць, што сотні невінаватых людзей – нават у краінах з вельмі развітай сістэмай правасуддзя – былі памылкова асуджаныя на смерць і пазбаўленыя жыцця.

- Смяротнае пакаранне з'яўляецца большым пакараннем для сваякоў асуджанага, для суддзі і выканаўцаў прысуду, а таксама ў многіх выпадках і для сем'яў ахвяр, чым для самога асуджанага.

Гэтыя і многія іншыя аргументы пераконваюць усё большую колькасць краін рухацца да адмены смяротнага пакарання, пачынаючы з увядзення мараторыя.

Беларусь – адзіная краіна на еўрапейскім кантыненце, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне. Я заклікаю ўлады Беларусі замяніць усе пазасталыя смяротныя прысуды на несмяротныя і ўсталяваць афіцыйны мараторый на выкананне смяротных прысудаў, зрабіўшы такім чынам першыя крокі да адмены смяротнага пакарання. Увядзенне мараторыя было б пераканаўчым крокам па набліжэнні Беларусі да агульнаеўрапейскіх прававых стандартаў.

Першыя абмеркаванні пачаліся. У сакавіку ў Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя па тэме смяротнага пакарання, на якой адным з асноўных дакладчыкаў быў спецыяльны прадстаўнік ЕС па пытаннях правоў чалавека. У чэрвені смяротнае пакаранне было адным з пытанняў парадку дня Дыялога па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю. Адначасова некаторыя з беларускіх праваабаронцаў прынялі ўдзел у Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання ў Осла. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў тагачаснага склікання, які ўзначальваў рабочую групу па праблематыцы прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі, узяў удзел у міжнародным семінары па пытанні смяротнага пакарання, арганізаваным Саветам Еўропы. Мы вельмі спадзяемся, што новыя дэпутаты Нацыянальнага сходу, а таксама беларускія сродкі масавай інфармацыі і лідэры грамадскай думкі зробяць свой унёсак у гэтую важную агульнанацыянальную дыскусію. Акрамя гэтага, з Канстытуцыі Беларусі вынікае, што смяротнае пакаранне з'яўляецца часовай мерай. За 25 гадоў існавання Беларусі як незалежнай краіны ў ёй адбыліся глыбокія сацыяльныя змены. Колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў зменшылася. Беларускія суддзі цяпер могуць асуджаць на пажыццёвае зняволенне.

Беларусь мае адыграць надзвычай важную ролю ў ператварэнні Еўропы ў кантынент, свабодны ад смяротнага пакарання. Новая магчымасць для гэтага з'явіцца неўзабаве  на сесіі Генэральнай Асамблеі ААН. Я спадзяюся, што выкананне смяротнага прысуду, якое адбылося ў красавіку, і смяротныя прысуды, вынесеныя сёлета, стануць апошнімі ў гісторыі Беларусі. Я спадзяюся, што ўсе вынесеныя смяротныя прысуды будуць заменены на несмяротныя, і камеры смяротнікаў застануцца для краіны ў мінулым.

Еўрапейскі саюз і ўсе краіны ЕС гатовы дапамагчы Беларусі ў справе адмены смяротнага пакарання.