Падпісаная новая праграма падтрымкі з боку ЕС у сферы якасці паветра і навакольнага асяроддзя ў Беларусі (28/07/2016)

28 ліпеня 2016 г., Мінск – Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын і міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэcпублікі Беларусь Андрэй Каўхута сёння падпісалі Пагадненне аб фінансаванні праграмы “Удасканаленне маніторынгу якасці паветра і кіравання навакольным асяроддзем (SAQEM) коштам 14,5 мільёнаў еўра.

Праграма "SAQEM" дапаможа Беларусі ўдасканаліць маніторынг выкідаў у паветра і забяспечыць эфектыўнасць сістэмы кіравання навакольным асяроддзем. Яна таксама дапаможа мадэрнізаваць інфраструктуру маніторынгу якасці паветра і паспрыяе прыцягненню арганізацый грамадзянскай супольнасці да ўдзелу ў рэалізацыі палітыкі ў галіне навакольнага асяроддзя і маніторынгу экалагічных рызык.

“Забруджванне паветра не ведае бар’ераў, і важна ацаніць яго, каб прыняць адпаведныя меры. З улікам прыярытэтаў Беларусі ў гэтым сектары, праграма дазволіць забяспечыць лепшыя стандарты маніторынгу забруджвання і дапаможа Рэспубліцы Беларусь лепш абараняць сваіх грамадзян і выконваць свае абавязкі ў сферы зменаў клімату і змяншэння трансгранічнага забруджвання паветра. Праграма таксама забяспечыць магчымасці для паляпшэння супрацоўніцтва паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю ў справе маніторынгу навакольнага асяроддзя”, - адзначыла спадарыня Віктарын.

Атрымаюць падтрымку клубы маніторынгу навакольнага асяроддзя і “зялёныя школы”, якія ўжо існуць, а таксама будуць стварацца новыя, каб прапанаваць маладым беларусам сучасную адукацыю ў сферы аховы наваколькага асяроддзя. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці атрымаюць падтрымку ў распрацоўцы і правядзенні трэнінгаў і разнастайных інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў, прысвечаных экалагічнай праблематыцы. Каб дапамагчы Беларусі ратыфікаваць і выканаць адпаведныя міжнародныя пагадненні, а таксама прыняць міжнародныя стандарты і стандарты ЕС у сферы забруджвання паветра і радыяцыйнага кантролю, эксперты ЕС падзеляцца перадавым досведам, і будзе пастаўленае спецыялізаванае абсталяванне.

 

Для даведкі

Навакольнае асяроддзе займае высокае месца на палітычным парадку дня ЕС і Беларусі і таксама з’яўляецца прыярытэтным сектарам супрацоўніцтва ЕС і Беларусі ў мэтах развіцця ў 2014 – 2017 гг.

Нядаўна распачалася праграма коштам 12 мільёнаў еўра ў сферы зялёнай эканомікі. З улікам прыярытэтаў, сумесна ўзгодненных Еўрапейскім саюзам і Беларуссю, падтрымку атрымалі наступныя накірункі: узнаўляльныя крыніцы энергіі, зялёныя рэгламенты і стандарты і мясцовыя зялёныя ініцыятывы.

На працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў супрацоўніцтва ЕС і Беларусі ў сферы навакольнага асяроддзя засяроджваецца на кіраванні якасцю паветра, стратэгічным планаванні і патэнцыяле кіравання ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і экалагічнай інфармацыі, удзеле мясцовых жыхароў у вырашэнні праблем навакольнага асяроддзя, а таксама на абыходжанні з адкідамі і змякчэнні кліматычных зменаў.

Палітыка Еўрапейскага саюза ў дачыненні да якасці паветра прадугледжвае  распрацоўку і ўкараненне адпаведных інструментаў. Кантроль выкідаў з мабільных крыніц, паляпшэнне якасці паліва, а таксама падтрымка і інтэграцыя патрабаванняў аховы навакольнага асяроддзя ў транспартна-энергетычны сектар з'яўляюцца сродкамі вырашэння гэтай задачы.