Сумесная заява адносна вынікаў рэферэндуму ў Вялікабрытаніі (24/06/2016)

Сумесная заява Дональда Туска, старшыні Еўрапейскага савета, Марціна Шульца, старшыні Еўрапейскага парламента, Марка Рутэ, прэм'ер-міністра Нідэрландаў, краіны-старшыні Савета ЕС, і Жан-Клода Юнкера, старшыні Еўрапейскай Камісіі, датычна вынікаў рэферэндуму ў Вялікабрытаніі

Старшыня Еўрапейскага савета Туск, старшыня Еўрапейскага парламента Шульц і Прэм'ер-міністр Рутэ сустрэліся сёння ў Бруселі па запрашэнні Старшыні Еўрапейскай камісіі Юнкера. Яны абмеркавалі вынікі рэферэндуму ў Вялікабрытаніі і зрабілі наступную заяву:
"У выніку ажыццяўлення свабоднай і дэмакратычнай працэдуры народ Вялікабрытаніі выказаў жаданне выйсці з Еўрапейскага саюза. Мы шкадуем аб гэтым рашэнні, але паважаем яго.
Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя, але мы адзіныя ў нашай рэакцыі. Мы будзем моцнымі і будзем прытрымлівацца ключавых каштоўнасцей ЕС – спрыянне міру і дабрабыту народаў ЕС. Саюз дваццаці сямі краін-членаў захаваецца. Еўрапейскі саюз – падмурак нашай агульнай палітычнай будучыні. Мы звязаны гісторыяй, геаграфіяй і агульнымі інтарэсамі, і мы будзем развіваць наша супрацоўніцтва на гэтым падмурку. Разам мы будзем вырашаць агульную задачу спрыяння эканамічнаму росту, павелічэння дабрабыту і забеспячэння бяспечных і надзейных умоў жыцця для нашых грамадзян. Інстытуты ЕС у поўнай меры будуць удзельнічаць у гэтым працэсе.
Цяпер мы чакаем, што ўрад Вялікабрытаніі ў бліжэйшы час прывядзе ў выкананне дадзенае рашэнне народа Вялікабрытаніі, як бы балюча гэта ні было. Любая адтэрміноўка беспадстаўна падоўжыць перыяд нявызначанасці. У нас ёсць правілы для таго, каб працэс вырашэння дадзенай сітуацыі насіў упарадкаваны характар. Артыкул 50 Дамовы аб Еўрапейскім саюзе абумоўлівае працэдуру, якой неабходна прытрымлівацца у выпадку прыняцця адной з дзяржаў-членаў рашэння выйсці з Еўрапейскага саюза. Мы гатовыя неадкладна пачаць перамовы з Вялікабрытаніяй аб умовах і тэрмінах яе выхаду з ЕС. Да таго часу, пакуль гэтыя перамовы не будуць завершаны, Вялікабрытанія застанецца членам Еўрапейскага саюза з усімі вынікаючымі з гэтага правамі і абавязкамі. Згодна з ратыфікаванымі Вялікабрытаніяй дамовамі, заканадаўства ЕС працягне дзейнічаць у поўнай меры ў дачыненні да Вялікабрытаніі і на яе тэрыторыі да таго часу, пакуль яна застаецца членам ЕС.
У адпаведнасці з дамовамі, "Новая дамоўленасць для Вялікабрытаніі ў рамках Еўрапейскага Саюза", дасягнутая на пасяджэнні Еўрапейскага савета 18-19 лютага 2016 года, не ўступіць у сілу і спыняе сваё існаванне. Вялікабрытанія не атрымае меркаванага новага статусу ў ЕС.
Што датычыцца адносін з Вялікабрытаніяй, мы спадзяемся, што гэтая краіна застанецца блізкім партнёрам Еўрапейскага саюза і ў будучыні. Мы чакаем, што Вялікабрытанія сфармулюе прапановы па гэтым пытанні. Любое пагадненне, якое будзе заключана з Вялікабрытаніяй як трэцяй краінай, павінна будзе адпавядаць інтарэсам абодвух бакоў і быць збалансаваным з пункту гледжання правоў і абавязкаў".