Заява Дональда Туска, старшыні Еўрапейскага савета, адносна вынікаў рэферэндуму ў Велікабрытаніі (24/06/2016)

Ні для каго не сакрэт, што мы хацелі, каб учорашні рэферэндум скончыўся з іншым вынікам. Я цалкам усведамляю, наколькі сур'ёзным, нават драматычным, з'яўляецца гэты момант з пункту гледжання палітыкі. Немагчыма прадказаць усе палітычныя наступствы гэтай падзеі, асабліва для Велікабрытаніі. Гэта гістарычны момант але, бясспрэчна, не час для гістэрычных рэакцый. Я хачу запэўніць усіх, што мы гатовыя да гэтага негатыўнага сцэнарыя. І вы ведаеце, што працэс будаўніцтва Еўрапейскага саюза не заўсёды працякае бясхмарна.

Цягам апошніх двух дзён я размаўляў з усімі лідэрамі ЕС, у прыватнасці, з прэм'ер-міністрамі і прэзідэнтамі, а таксама кіраўнікамі еўрапейскіх інстытутаў, адносна магчымасці Брэксіт. Сёння ад імені лідэраў дваццаці сямі краін ЕС я магу сказаць, што мы поўныя рашучасці захаваць адзінства у гэтым колькасным складзе. Для ўсіх нас Еўрасаюз з'яўляецца падмуркам нашай агульнай будучыні. Таксама я хачу запэўніць усіх у тым, што нас не чакае прававы вакуум. Да таго часу, пакуль Велікабрытанія фармальна не выйдзе са складу Еўрапейскага саюзу, у дачыненні да яе і на яе тэрыторыі будзе дзейнічаць заканадаўства ЕС. І пад гэтым я маю на ўвазе і правы, і абавязкі.

Усе працэдуры, якія павінна ажыццявіць Велікабрытанія для выхаду з ЕС, дакладна вызначаны Дамовамі Еўрапейскага саюза. Каб абмеркаваць больш дэталёва далейшыя дзеянні, я прапанаваў лідэрам правесці нефармальную сустрэчу дваццаці сямі ў кулуарах саміта Еўрапейскага савета. Акрамя таго, я прапаную лідэрам распачаць больш шырокую дыскусію адносна будучыні нашага Саюза.

Нарэшце, трэба прызнаць, што апошнія гады былі самымі складанымі ў гісторыі нашага Саюза. Але я заўсёды памятаю словы свайго бацькі: што не забівае нас, тое робіць нас мацнейшымі.