Новы раунд Дыялога па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю адбудзецца ў Мінску (06/06/2016)

Дэлегацыя Еўрапейскага саюза на чале з Томасам Майер-Хартынгам, кіраўнічым дырэктарам па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешняга дзеяння, прыбыла ў Мінск. Сёння дэлегацыя сустрэнецца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной, а таксама з памочнікам прэзідэнта па знешняй палітыцы, для абмеркавання пытанняў узаемадачыненняў паміж ЕС і Беларуссю. Дэлегацыя таксама правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і міжнароднай супольнасці.

Сёмага чэрвеня Еўрапейскі саюз і Рэспубліка Беларусь правядуць трэці раунд двухбаковага Дыялогу па правах чалавека. У Мінску раунд Дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю адбудзецца ўпершыню. Бакі абмяркуюць сітуацыю з правамі чалавека як у Беларусі, так і ў Еўрапейскім саюзе. Таксама будзе абмеркавана супрацоўніцтва ў справе забеспячэння правоў чалавека ў рамках міжнародных форумаў, у тым ліку праз такі механізм ААН, як Універсальны перыядычны агляд.