Сумесная заява Высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні, Віцэ-прэзідэнта Еўрапейскай камісіі па Энергетычным саюзе Мараша Шэўчавіча, Еўрапейскага камісара па Еўрапейскай пал (26/04/2016)

Сумесная заява Высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні, Віцэ-прэзідэнта Еўрапейскай камісіі па Энергетычным саюзе Мараша Шэўчавіча, Еўрапейскага камісара па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах пра пашырэнне Ёханэса Хана і Еўрапейскага камісара па міжнародным супрацоўніцтве і развіцці Невена Міміцы з нагоды 30-годдзя Чарнобыльскай катастрофы.

Брусэль, 26 красавіка 2016

Чарнобыльская катастрофа, якая адбылася 26 красавіка 1986 года, выклікала магутныя разбурэнні і неверагодныя пакуты. Страчана шмат жыццяў, сям'і выселеныя са сваіх дамоў. Нават цяпер, па сканчэнні 30 гадоў, людзі ва Украіне, Беларусі ды іншых краінах змагаюцца з доўгатэрміновымі наступствамі катастрофы для здароўя і навакольнага асяроддзя. Чалавечае вымярэнне гэтай аварыі застаецца ў нашых думках.


Чарнобыльская катастрофа стала штуршком для праяў салідарнасці і прадастаўлення дапамогі з усяго свету. Еўрапейскі саюз быў і застаецца на перадавой міжнародных намаганняў па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы; Еўрапейская камісія ўжо выдзеліла каля 730 млн. еўра на праекты, звязаныя з Чарнобылем. Еўрапейскі саюз – найбуйнейшы ўкладальнік у міжнародныя фонды, якія адмініструе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) з мэтай вываду атамнай станцыі з эксплуатацыі і забеспячэння экалагічнай бяспекі гэтага аб'екта. Літаральна ўчора Еўрапейская камісія заявіла пра наданне дадатковай падтрымкі Рахунку ядзернай бяспекі. Еўрапейскі Саюз і надалей будзе працаваць з Украінай, ЕБРР, краінамі Вялікай сямёркі (G7) ды іншымі міжнароднымі донарамі для забеспячэння паспяховага завяршэння гэтых праектаў.

У дадатак да іншых двухбаковых праектаў па забеспячэнні ядзернай бяспекі Украіны, мы таксама ўдзельнічаем у шэрагу сацыяльна-эканамічных праектаў; іх мэтай, паводле ініцыятывы Еўрапейскага парламента, з'яўляецца паляпшэнне жыццёвых умоў па-за Чарнобыльскай зонай адчужэння. Еўрапейскі саюз па-ранейшаму адданы задачы забеспячэння ядзернай бяспекі ва ўсім свеце.