Заява Прэсавага сакратара Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ў сувязі з адхіленнем скаргі на вынесены ў Беларусі смяротны прысуд (12/04/2016)

Брусэль, 12/04/2016                             

Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без зменаў прысуд аб прызначэнні смяротнага пакарання Генадзю Якавіцкаму, які ўжо быў вынесены судом Мінскай вобласці ў студзені 2016 года.

Еўрапейскі cаюз выступае супраць прымянення смяротнай кары ва ўсіх выпадках. Смяротнае пакаранне не апраўдала сябе як стрымліваючы сродак; яго прымяненне з'яўляецца недапушчальным адмаўленнем чалавечай годнасці і прынцыпу недатыкальнасці асобы.

Мы заклікаем Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, у якой усё яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне, паважаць права на жыццё ўсіх сваіх грамадзян і далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротную кару ў якасці першага кроку на шляху да яе адмены. Еўрапейскі саюз заклікае ўлады працягваць канструктыўнае абмеркаванне дадзенай праблематыкі з беларускім грамадствам, у тым ліку з дапамогай такіх публічных форумаў, як міжнародная канферэнцыя па пытаннях смяротнага пакарання, што адбылася ў Мінску 10 сакавіка.