Запіс выступу Стаўраса Ламбрынідзіса на канферэнцыі па смяротным пакаранні ў Мінску, Беларусь, 10 сакавіка 2016 г. (14/03/2016)

Адрэдагаваны запіс выступу Стаўраса Ламбрынідзіса, спецыяльнага прадстаўніка ЕС па правах чалавека, на канферэнцыі па смяротным пакаранні, якая праводзілася ў Мінску, Беларусь, 10 сакавіка 2016 г.

 

Вашы Экселенцыі, спадарства, 

Мне прыемна быць тут у гістарычны момант на гэтых вельмі важных дэбатах, першай адкрытай міжнароднай дыскусіі па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі.

Дазвольце мне пачаць з разгляду звязаных са смяротным пакараннем тэндэнцый у Еўропе і ва ўсім свеце: пазнаёміўшыся з імі, вы зразумееце, што з цягам гадоў супярэчнасцяў адносна мараторыя ці адмены смяротнага пакарання стала значна менш. На сёння пераважная большасць краін у свеце альбо заканадаўча адмянілі смяротнае пакаранне, альбо ўвялі мараторый.

Вось толькі некаторыя лічбы: у 1945 г. налічвалася ўсяго восем краін, якія адмянілі смяротнае пакаранне. За трыццаць гадоў, да 1978 г., гэтая лічба павялічылася толькі да 16. Але ў 2016 г. яна перавысіла 150; сёння больш за 150 краін у свеце адмянілі смяротнае пакаранне ці праз мараторый спынілі яго прымяненне. 

Восем – 16 – 150…

У свеце робіцца ўсё больш краін, якія адмянілі смяротнае пакаранне і ўсё менш тых, якія па-ранейшаму яго прымяняюць. Натуральна, што Еўропа, усе 28 дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза, скасавала смяротнае пакаранне. Смяротнага пакарання няма ўжо і ва ўсіх краіны-членах Савета Еўропы. Такім чынам, паўсюдна ў Еўропе смяротнае пакаранне скасавана. І вельмі важна, што сёння мы маем магчымасць аргументавана абмеркаваць гэтае пытанне тут, у Беларусі—адзінай еўрапейскай краіне, якая яшчэ  захоўвае гэты від пакарання. 

Зараз, калі мы разгледзелі тэндэнцыі, давайце адкажам на пытанне «Хто?» Хто адмяняе смяротнае пакаранне? Ці існуюць якія-небудзь адметныя рысы ў культурах, у рэлігіях, у палітычных сістэмах тых краін, якія адмяняюць смяротнае пакаранне? Адказ на гэтае пытанне ‑ гучнае «не». Ні тыя, хто адмяніў смяротнае пакаранне альбо ўвёў мараторый (а гэта пераважная большасць), ні тыя, хто яшчэ захоўвае гэтае пакаранне, не маюць унікальных культурных ці палітычных асаблівасцяў. Расія і Германія, Казахстан і Вялікабрытанія, Грэцыя і Азербайджан, але таксама Паўднёвая Афрыка, Марока і мноства іншых, не падобных паміж сабой краін не ўжываюць смяротнае пакаранне. Такую ж культурную паліфанію можна назіраць, аналізуючы палітыку большасці штатаў ЗША, Саудаўскай Аравіяі і Ірана. Яны дагэтуль ужываюць смяротнае пакаранне. Таму, калі адказваць на пытанне «хто?», відавочна адно: справа тут не ў рэлігійных, культурных ці палітычных бар'ерах ці ў супрацьстаянні паміж «Захадам» і «Усходам» або паміж «Поўднем» і «Поўначчу».

Калі прааналізаваць сітуацыю ў краінах, якія адмянілі смяротнае пакаранне, відавочнай робіцца яшчэ адна рэч: ва ўсіх іх праблема цяжкіх злачынстваў па-ранейшаму стаіць вельмі востра. Некалькі месяцаў таму ў Парыжы адбыўся самы подлы і жудасны тэракт у Еўропе за апошні час. Нягледзячы на гэта, Францыя была і застаецца месцам, дзе скасавана смяротнае пакаранне. Інакш кажучы, краіны, якія адмовіліся ад смяротнага пакарання, зрабілі гэта нягледзячы на тое, што яны часам не менш за астатніх церпяць ад цяжкіх злачынстваў. Краіны, дзе захоўваецца выключная мера пакарання, не могуць спасылацца на тое, што цяжкія злачынствы ў іншых здараюцца не так часта. І, безумоўна,  абсурдна сцвярджаць, што ў краінах, свабодных ад смяротнага пакарання, злачынцаў больш «любяць», з-за чаго іх і не пазбаўляюць жыцця. Таму за стаўленнем той ці іншай краіны да смяротнага пакарання стаяць нейкія  іншыя фактары.

На мой погляд, даследванне наступстваў прымянення смяротнага пакарання і тых сфер, у якіх смяротнае пакаранне не прыносіць вынікаў, дапамагае зразумець, чаму такая вялікая колькасць краін скасавала яго ці ўвяла мараторый на яго прымяненне. Таму, прааналізаваўшы тэндэнцыі і разгледзеўшы «хто» адмяніў ці ўвёў мараторый на смяротнае пакаранне, давайце цяпер паразмаўляем аб тым, «чаму» гэта было зроблена. Чаму адсутнасць смяротнага пакарання зрабілася нормай у большасці краін?

Я магу коратка распавесці вам пра досвед Еўропы. Натуральна, што ў розных краін ва ўсім свеце свой вопыт і гісторыя; нават краіны Еўрапейскага саюза  адрозніваюцца па вопыце. Дастаткова цікава, што ў ЕС рух супраць смяротнага пакарання ўзмацняўся і краіны-члены паступова пачыналі адмаўляцца ад смяротнага пакарання пасля вялікіх войнаў і разбуральных канфліктаў (напрыклад, пасля Другой сусветнай вайны дыскусія наконт смяротнага пакарання паступова актывізавалася), а таксама пасля падзення рэпрэсіўных ці дыктатарскіх рэжымаў. Надзвычайная адвольнасць дзяржаўных рашэнняў, да якой вядзе надзвычайная улада, прымусіла многіх еўрапейцаў зразумець, што смяротныя прысуды таксама могуць выносіцца адвольна.

Возьмем у якасці прыкладу гісторыю Грэцыі, маёй уласнай краіны. Смяротнае пакаранне існавала там да 1974 г. З 1967 г. да 1974 г. у Грэцыі панаваў жорсткі дыктатарскі рэжым. У 1974 г. дыктатуру зрынулі, а дыктатараў аддалі пад суд. Суд прызнаў іх вінаватымі і асудзіў іх на смяротнае пакаранне. Тагачасны прэм’ер-міністр Грэцыі, Канстанцінас Караманліс, заявіў: «Мы не будзем караць іх смерцю, мы заменім іх смяротныя прысуды на пажыццёвыя». Як вы самі можаце сабе ўявіць, грэцкае грамадства было спачатку шакаванае, калі не раз’юшанае, такой заявай. У краіне, дзе нарадзілася дэмакратыя, дыктатары захапілі ўладу. Але ўсё ж судовае рашэнне аб іх пакаранні смерцю было скасавана кіраўніком краіны, які сказаў «не». А літаральна праз некалькі тыдняў – не месяцаў і не гадоў – грамадскае меркаванне змянілася на цалкам супрацьлеглае. Цяпер людзі ганарыліся тым, што сапраўды найстарэйшая дэмакратыя ў свеце здолела прынцыпова пакараць дыктатараў найбольш суровым магчымым чынам - праз пажыццёвае зняволенне, але не падаючы да іх узроўню, не забіваючы іх.

У Францыі, калі ў 80-я гады Прэзідэнт Мітэран адмяніў смяротнае пакаранне, грамадскае меркаванне таксама было супраць. Але ён заняў пазіцыю лідэра і, як і ў выпадку Грэцыі, вельмі хутка пасля гэтага большасць французаў цалкам змяніла сваё меркаванне.

Такім чынам, адзін з адказаў на пытанне «чаму», чаму людзі адмаўляюцца ад смяротнага пакарання, звязана з іх асабістым досведам, з досведам краіны, з досведам рэгіёна. І з моцнымі лідэрамі, якія могуць заняць маральна пераўзыходную пазіцыю.

Але ў дадатак да любых асабістых ці гістарычных прычын таксама існуюць факты і законы, вывучаючы якія людзі як правіла прыходзяць да высновы,

што смяротнае пакаранне выкарыстоўваць не варта. Гэта падцверджваецца сусветнымі тэндэнцыямі, а менавіта, скасаваннем смяротнага пакарання ўсё большай колькасцю краін.

Першы факт – міжнародны юрыдычны абявязак абараняць права на жыццё. Урады абавязаны ахоўваць гэтае права, а не забіраць яго. Аналагічным чынам, міжнароднае права патрабуе, каб ўрады не прызначалі жорсткае і незвычайнае пакаранне нават для найгоршых злачынцаў. Гэтыя абавязкі заснаваныя на прызнанні фундаментальнай «чалавечай годнасці» кожнага чалавека, нават таго, хто здейсніў найбольш жорсткае злачынства.  Дадзеная каштоўнасць сцвярджаецца удзельнікамі дыскурсу па правах чалавека. 

«Але», - спрачаюцца некаторыя, - «як вы можаце казаць такое?! Той, хто згвалтаваў і забіў маленькае дзіця, той, хто кінуў бомбу, якая забіла сотні невінаватых… Якая чалавечая годнасць засталася ў іх? Чаму мы мусім паважаць ці клапаціцца аб ёй?»

Я адкажу тым, хто пытае мяне пра гэта: «Я разумею вашае абурэнне. Я магу казаць вам пра міжнародныя абавязацельствы і нормы, але вы і далей будзеце заставацца абуранымі. Таму я прашу вас на хвіліну падумаць не пра чалавечую годнасць любога злачынцы, але пра вашую чалавечую годнасць».

Шаноўныя сябры, якой бы моцнай ні была мая нянавісць, я адмаўляюся караць смерцю найбольшага забойцу ў свеце, не з прычыны яго годнасці, але з прычыны сваёй. Я не дазволю забойцы ператварыць у забойцу мяне. Я не дам ім такога задавальнення. Я не дам ім такой улады нада мной.

Але існуюць таксама іншыя фактары, якія маюць вагу ў дэбатах пра смяротнае пакаранне, і я ўпэўнены, што яны будуць падрабязна агучаныя на гэтай канферэнцыі ў наступныя некалькі гадзін, але сцісла пералічу тры з іх:

Па-першае, смяротнае пакаранне не стрымлівае найбольш сур’ёзныя злачынствы.

Шматлікія даследаванні, праведзеныя ў розных краінах і рэгіёнах свету, паказалі: не існуе навуковых доказаў, што смяротнае пакаранне непасрэдна карэлюецца са змяншэннем сур'ёзных злачынстваў ці што яго адмена вядзе да росту колькасці цяжкіх злачынстваў. Усім тым, хто лічыць, што якім бы ні было пакаранне, яно павінна прынамсі зменшыць колькасць цяжкіх злачынстваў у будучыні, патрэбна ведаць: не даказана, што з дапамогай смяротнага пакарання можна дасягнуць гэтай мэты.

Па-другое, цывілізаваныя грамадствы павінны не толькі пакараць вінаватага. Яны таксама маюць абавязак гарантаваць, што яны не караюць невінаватага.

Але смяротнае пакаранне, як і любое іншае пакаранне, прызначаецца людзьмі: люскімі судамі, суддзямі-людзьмі, сведкамі-людзьмі, якія кажуць: «Я бачыў яго ці яе, ён зрабіў гэта». Альбо: «Я не бачыў яго, ён не рабіў гэтага». Адвакатамі-людзьмі, якія могуць быць ці не быць добрымі, паліцыяй і пракурорамі, якія могуць быць ці не быць прадузятымі.

Як вынік, ніводная судовая сістэма ў свеце не з’яўляецца дасканалай. Але з іншага боку, смяротнае пакаранне, у нейкім жахлівым сэнсе, з’яўляецца «дасканалым», таму што яно знішчае асуджанага раз і назаўсёды. Такім чынам, яно незваротнае. Калі робіцца памылка, і калі памылка выяўляецца, ужо не будзе магчымасці вярнуць назад асобу, якая была памылкова пакараная. З іншага боку, калі такія асобы застаюцца жывымі у турме, і адбылася памылка, іх можна выпусціць, як гэта і павінна было б быць.

Ці здаралася, што суды выракалі на смерць невінаватых людзей? Так, сотні разоў. Нават у Злучаных Штатах, якія дагэтуль захоўваюць смяротнае пакаранне, і дзе існуюць, верагодна, найбольш працяглыя і найбольш грунтоўныя і дарагія апеляцыйныя працэдуры, а таксама ў іншых краінах з развітымі судовымі сістэмамі праз шмат гадоў з дапамогай ДНК і іншых знойдзеных доказаў высвятлялі, што сотні людзей былі памылкова прысуджаныя да смерці. Ёсць усе падставы лічыць, што праблема няправільных прысудаў у судовых сістэмах, не забяспечаных належнай падрыхтоўкай, належным фінансаваннем і рэсурсамі, і залежнымі ад уладаў стаіць яшчэ больш востра.

Такім чынам, у сувязі з незваротнасцю пакарання, у выніку якога на смерць могуць быць асуджаныя не толькі забойцы, віна якіх была цалкам даказаная, але і невінаватыя людзі, павінна стаць відавочным, што яго неабходна адмяніць альбо на першым этапе перастаць ужываць праз увядзенне мараторыю.

Па-трэцяе, смяротнае пакаранне з'яўляецца дыскрымінацыйнай мерай у дачыненні да бедных і маргіналізаваных прадстаўнікоў грамадства і, адпаведна, безумоўна сацыяльна несправядлівым. Калі вы паглядзіце на статыстыку, вы заўважыце, што практычна ўсюды, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне, смерцю пераважна караюць бедных (тым, каму цяжэй за ўсё наняць сабе добрых адвакатаў), маргіналізаваных, прадстаўнікоў меншасцей—ад цёмнаскурых грамадзян ЗША да бедных людзей у іншых краінах… Падумайце пра гэта. Усё лагічна. У рэшце рэшт, як было ўжо зазначана вышэй, рашэнні адкрыць крымінальную справу і вынесці адвінаваўчы прысуд прымаюцца людзьмі. І таму верагоднасць прыняцця рашэнняў на падставе расавай і іншай прадузятасці ніколі нельга выключаць.

Іншымі словамі, наяўнасць смяротнага пакарання таксама з’яўляецца глыбокай сацыяльнай несправядлівасцю.

Існуе шмат іншых фактаў, якія можна прыводзіць супраць смяротнага пакарання, але давайце звернем нашу ўвагу на яшчэ адзін аргумент, які часта згадваецца. Шмат хто скажа: «Я разумею факты, але што рабіць з грамадскім меркаваннем, якое жадае смяротнага пакарання?... 

Па-першае, я прывяду прыклад Караманліса, прыклад Мітэрана і многіх іншых, пра каго мы казалі вышэй, і буду даводзіць, што, сапраўды, на грамадскае меркаванне ў гэтых дэбатах важна звяртаць увагу. Людзі ў нашых краінах маюць меркаванні і голас. Але, моцны лідэр—асабліва ў такіх далікатных пытаннях, як гэтае—не заўсёды той, хто ідзе за грамадскім меркаваннем. Часам моцны лідэр—гэта той, хто яго накіроўвае. Акрамя таго, ці правільна ўскладаць на грамадскасць цяжар такога складанага пытання, улічваючы, што ў залежнасці ад фактаў і ад фармулёўкі пытання выказаныя погляды могуць быть вельмі рознымі?

Калі вы спытаеце ў людзей: «Вы за тое, каб той, хто згвалціў і забіў дзесяцігадовае дзіця, быў пакараны смерцю?»—верагодна, адказ будзе станоўчы. Калі, з іншага боку, вы спытаеце ў кагосьці: «З улікам таго факта, што, як даказана, сотні невінаватых людзей былі пакараныя смерцю і мы ніколі не зможам вярнуць іх назад, ці падтрымалі б вы адмену смяротнага пакарання?»—верагодна, што тыя самыя людзі могуць зноў адказаць вам станоўча.

Таму вельмі важна, як задаецца пытанне. І хоць спадар Санака мае абсалютную рацыю адносна таго, што дэбаты аб смяротным пакаранні не павінны палітызавацца, тым не менш, палітыкі і ўрады, якія прымаюць гэтыя рашэнні, таксама мусяць быць вельмі асцярожнымі. Яны павінны размаўляць з людзьмі, выслухоўваць грамадства, а таксама адукоўваць і накіроўваць яго, а не перакладаць на яго адказнасць за вырашэнне гэтага вельмі складанага пытання. Улады не павінны проста разводзіць рукамі і казаць: «Добра, у не застаецца нічога іншага. Вы ведаеце, людзі выказаліся, таму пытанне вырашанае».

Шаноўныя сябры, нарэшце, хацеў бы сказаць пра беларускі досвед:

Сённяшняя дыскусія з'яўляецца важнай па той прычыне, што, з улікам заўважных у Еўропе і ва ўсім свеце тэндэнцый і фактаў, цікава не столькі тое, чаму Еўропа скасавала смяротнае пакаранне, колькі тое, чаму Беларусь яшчэ захоўвае яго, чаму яна дагэтуль не адмяніла яго ці не ўвяла мараторый. Чаму Беларус—адзіная краіна ў Еўропе, якая яшчэ захоўвае такое пакаранне? Я спадзяюся, што прыведзеныя сёння факты дапамогуць прасунуццца наперад ў гэтых дэбатах.

Я ведаю, што ў канстытуцыі Беларусі ёсць палажэнне, якое прадугледжвае наяўнасць смяротнага пакарання да моманту яго адмены, іншымі словамі, палажэнне, якое мае на ўвазе, што яно з’яўляецца часовым і што яно будзе скасаванае. Пытанне не столькі ў тым, ці будзе скасавана смяротнае пакаранне, колькі ў тым, калі яно будзе скасавана. І, вядома, Канстытуцыйны суд пастанавіў, што парламент ці прэзідэнт маюць права самастойна прымаць рашэнне адносна ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне і браць на сябе кіруючую ролю ў гэтым пытанні.

Сапраўды, дваццаць гадоў таму ў краіне адбыўся рэферэндум па пытанні смяротнага пакарання, і гэта было падкрэслена ў размове са мной учора, калі я сустракаўся з прадстаўнікамі беларускага парламента. Гэта праўда і, як я казаў, вельмі важна выслухаць голас народа і абмеркаваць ўсе пытанні з ім. Але таксама важна мець на ўвазе, як самое пытанне і яго фармулёўка могуць уплываць на адказ, як могуць уплываць часовыя акалічнасці, і як яны могуць змяняцца.

Падчас рэферэндуму існаваў прынамсі адзін вельмі важны фактар, якога няма сёння, а менавіта, што ў той час беларускае заканадаўства не прадугледжвала пажыццёвага зняволення. Максімальным прысудам (папраўце мяне, калі я памыляюся) у той час быў пятнаццацігадовы тэрмін. І толькі праз два гады пасля рэферэндуму ў заканадаўства ўрэшце было ўведзена пажыццёвае зняволенне.

І сапраўды, гэтае палажэнне вельмі важнае. Паколькі ўсе тыя з нас, хто сцвярдже, што не трэба караць смерцю найгоршых злачынцаў, усе тыя, хто адмяніў смяротнае пакаранне, зусім не сцвярджае, што асуджаных трэба выпускаць на волю. Мы сцвярджаем, што вы павінны асуджаць людзей на пажыццёвае зняволенне—найбольш суровага з магчымых прысудаў,—пры ўмове, што такія прысуды выносяцца ў выніку незалежнага і неперадузятага судовага працэсу.

Сёння ў Беларусі існуе пажыццёвае зняволенне. Гэта вельмі адрозны сцэнарый у параўнанні з тым, што было дваццаць год назад. І я лічу, што такія адкрытыя дэбаты, як сёння, маглі б моцна паўплываць на разуменне агульнай карціны.

Адначасова, цяпер вельмі важна зрабіць гэтую дыскусію бліжэйшай да народа. Як сказаў спадар Санака: «Пасля гэтай сённяшняй канферэнцыі ў Мінску мы павінны ісці да шырокіх масаў. Мы павінны абмяркаваць усё з самага пачатку». Гэты працэс патрабуе часу. І ён таксама патрабуе ўдзелу не толькі палітыкаў, але і народа, і грамадзянскай супольнасці.

Учора я сустракаўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку з прадстаўнікамі «Вясны», якія на працягу многіх гадоў займаюцца пытаннем смяротнага пакарання. Для кожнага, хто мае досвед у гэтай сферы ў Беларусі, вельмі важна мець магчымасць удзельнічаць у нашых дыскусіях і потым мець магчымасць прамацоўваць сітуацыю і размаўляць з людзьмі на месцах, таму што як раз такія дыскусіі і неабходны для дэмакратыі.

Таксама я хацеў бы спадзявацца, што неабходнасць ўвядзення хаця б часовага мараторыю на смяротныя прысуды і пакаранні—на перыяд дыскусій і вывучэння дадзенага пытання—зрабілася сама сабой відавочнай. Было б мала сэнсу пачынаць дыскусію наконт мэтазгоднасці  мараторыю, маючы аданачасова суды, якія выносяць смяротныя прысуды, ці праводзіць у выкананне такія прысуды падчас гэтай дыскусіі.

Беларусь прыняла вельмі важнае рашэнне, з якім я віншую Міністэрства замежных спраў, самога міністра замежных спраў і, безумоўна, прэзідэнта і ўрад у цэлым, а менавіта – правесці вельмі сур'ёзныя і грунтоўныя дэбаты па гэтым пытанні. Яны павінны праводзіцца—я спадзяюся, я хацеў бы верыць—у атмасферы, дзе не будзе ўжывацца смяротнае пакаранне, прынамсі, на працягу дэбатаў і, спадзяюся, пасля іх.

Шаноўныя сябры, адна заключная думка:

Мы ўсе назіраем сёння ў свеце зусім іншы від смяротнага пакарання. Тыя, хто караюць людзей смерцю, думаюць, што іх дзеянні абсалютна слушныя. У іх свядомасці няма сумневу, што яны маюць рацыю. Яны адсякаюць людзям галовы і трымаюць іх перад камерамі на YouTube. Усе з нас, хто бачыў гэта, былі шакаваныя. Некаторыя людзі спрабуюць зрабіць гэты свет вельмі крывавым месцам. Яны спрабуюць зрабіць нас неадчувальнымі да помсты, неадчувальнымі да гвалту. Яны спрабуюць сцягнуць нас уніз, да свайго ўзроўню. Ці дазволім мы ім гэта зрабіць?

Я заяўляю, што абавязак цывілізаванай нацыі, цывілізаванага народу сказаць: «Не…Вы можаце забіваць; мы не будзем…Як бы мы вас ні ненавідзелі, мы не будзем…» І гэта датычыцца не іх. Гэта датычыцца кожнага.

Некаторыя кажуць: «Я не прашу занадта шмат, калі прашу захаваць смяротнае пакаранне. Я толькі прашу справядлівасці, «вока за вока». Але зразумейце, што калі зайсці тут занадта далёка, у рэшце рэшт, мы ўсе апынемся сляпымі.

Я думаю і спадзяюся, што Беларусь далучыцца да нашых намаганняў, стане адным з прыхільнікаў увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. І я буду адчуваць вялікае задавальнанне і гонар, калі мы зможам разлічваць на Беларусь як партнёра ў гэтай сферы.

 

Вялікі дзякуй вам.