Рэкамендаваны далейшыя рэформы для развіцця малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Беларусі (27/01/2016)

Афіцыйная прэзентацыя справаздачы “Індэкс эканамічнай палітыкі ў галіне малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП): краіны Усходняга Партнёрства ў 2016 годзе – Ацэнка імплементацыі Закону аб малым бізнесе для Еўропы” адбылася ў Мінску 27 студзеня 2016 года. Справаздача аб індэксе палітыкі ў галіне МСП была падрыхтаваная сумесна Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), Еўрапейскай камісіяй, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Еўрапейскім фондам адукацыі (ЕФА).

Прэзентацыя сталася кульмінацыяй 12-месячнага працэса калектыўнай ацэнкі палітык развіцця МСП у Беларусі, а таксама ў пяці іншых краінах Усходняга Партнёрства (Арменія, Азербайджан, Грузія, Рэспубліка Малдова і Украіна) на адпаведнасць прынцыпам Закону аб малым бізнесе для Еўропы (ЗМБ). Працэс ацэнкі адбываўся ў супрацоўніцтве з Урадам Рэспублікі Беларусь і з удзелам адпаведных зацікаўленых бакоў, у тым ліку прадстаўнікоў прыватнага сектара. Гэта другая ацэнка на адпаведнасць ЗМБ у рэгіёне Усходняга Партнёрства пасля першапачатковай ацэнкі, якая праводзілася ў 2012 годзе.

У высновах адносна Беларусі справаздача адзначае павольны, але трывалы прагрэс пасля 2012 года ў заахвочванні МСП як крыніцы эканамічнай дыверсіфікацыі ў краіне. Урад пачаў ажыццяўленне важных рэформаў у такіх ключавых сферах, як банкруцтва, рэгістрацыя кампаній і дзяржаўныя закупкі. Беларускія МСП таксама паказваюць значны ўзровень інавацыйнай актыўнасці і інтэрнацыяналізацыі ў параўнанні з аналагічнымі прадпрыемствамі з краін рэгіёну. Аднак патэнцыял сектара МСП у Беларусі застаецца нераскрытым: у 2013 годзе МСП забяспечвалі толькі 22,3 % ВУП у параўнанні з сярэднім паказчыкам у амаль 60 % у ЕС. Неабходныя далейшыя рэформы, напрыклад, дзеля ўмацавання інстытуцыйнага асяроддзя вызначэння палітыкі ў галіне МСП, развіцця інфраструктуры падтрымкі бізнеса, заахвочвання прадпрымальніцтва і пашырэння кампетэнцый МСП, ліквідацыі прававых і нарматыўных перашкод з мэтай спрасціць доступ да фінансавання. Таксама для стварэння роўных умоваў для кампаній рэкамендаваныя больш шырокія меры эканамічнай лібералізацыі.

Прэзентацыя ў Беларусі праводзілася пад старшынствам намесніка міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Антона Кудасава, Пасла ЕС у Беларусі Яе Экселенцыі Андрэа Віктарын і Кіраўніка Праграмы АЭСР па павышэнні канкурэнтаздольнасці краін Еўразіі Антоніа Сома. Аўдыторыя ўключала каля 100 удзельнікаў, якія прадстаўлялі розныя міністэрствы, урадавыя установы, арганізацыі падтрымкі бізнеса, групы грамадзянскай супольнасці, акадэмічную супольнасць, а таксама некаторыя дыпламатычныя місіі і міжнародныя арганізацыі, прадстаўленыя ў Беларусі.

Справаздача “Індэкс эканамічнай палітыкі ў галіне МСП: краіны Усходняга Партнёрства ў 2016 годзе – Ацэнка імплементацыі Закону аб малым бізнесе для Еўропы” даступная пад наступнай спасылкай.