ЕС дае Беларусі 300 000 еўра ў якасці гуманітарнай дапамогі для падтрымкі ўкраінскіх бежанцаў (10/12/2015)

Еўрапейскі саюз павялічвае сваю гуманітарную дапамогу уцекачам, што ратуюцца ў Беларусі ад крызісу на ўсходзе Украіны, вылучыўшы 300 000 еўра, якія атрымае непасрэдна Беларускі Чырвоны Крыж праз Міжнародную федэрацыю Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФЧК).

“Важна, каб гуманітарная дапамога трапіла да ўсіх неабароненых людзей, закранутых канфліктам ва Украіне. Каля 160 000 бежанцаў ратуюцца ў Беларусі ад канфлікту на усходзе Украіны. Еўрапейская камісія ганарыцца тым, што накіроўвае гуманітарную дапамогу туды, дзе яна патрэбная, каб найбольш неабароненыя людзі атрымалі неабходную ім падтрымку”, - адзначыла Андрэа Віктарын, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

Фінансаванне дапаможа Беларускаму Чырвонаму Крыжу забяспечыць дапамогу ў пытаннях харчавання, гігіены і аховы здароўя, напрыклад, даючы магчымасць найбольш неабароненым уцекачам атрымліваць матэрыялы медыцынскага прызначэння для забеспячэння сваіх базавых патрэбаў. Тэрміновае рашэнне з’яўляецца адказам на новы заклік МФЧК тэрмінова знайсці фінансаванне для ўкраінскіх бежанцаў у Беларусі.

Гэта не першае вылучэнне сродкаў для дапамогі ўкраінскім уцекачам у Беларусі. У лістападзе 2014 года Еўрапейская камісія ўжо вылучала 63 524 еўра праз Фонд дапамогі пры стыхійных бедствах (ФДСБ) МФЧК, таксама для праектаў, што рэалізуе Беларускі Чырвоны Крыж.

З новым фінансаваннем агульны аб’ём гуманітарнай дамамогі і дапамогі для хуткага аднаўлення, накіраванай Камісіяй для найбольш неабароненых людзей, якія пацярпелі ад канфлікту ва Украіне, перавысіць 74,33 мільёны еўра.

Разам з фінансаваннем, атрыманым непасрэдна ад дзяржаў-удзельніц ЕС, ад пачатку 2014 года ЕС агулам накіраваў больш за 248 мільёнаў еўра на карысць людзей, закранутых канфліктам.

 

Даведачная інфармацыя

ЕС трымаў гуманітарны аспект крызісу ва Украіне сярод першых пунктаў сваёй праграмы з самых першых дзён канфлікту і гатовы і далей пашыраць падтрымку, калі гэтага запатрабуе сітуацыя.

Паводле ацэнак Агенцтва ААН па справах уцекачоў (UNHCR) па стане на пачатак лістапада 2015 года каля 160 000 украінцаў ратуюцца ў Беларусі ад канфлікту ва ўсходняй частцы сваёй краіны. Гэта значная колькасць для краіны з адным з найніжэйшых ВУП на душу насельніцтва у Еўропе. Дзякуючы свайму месцазнаходжанню і культурнай блізкасці, Беларусь з’яўляецца зручным напрамкам для ўкраінскіх уцекачоў, і колькасць людзей, якім патрабуецца дапамога, увесь час павялічваецца. Фінансаванне разлічанае на 10 000 уцекачоў, прызнанымі найбольш неабароненымі, напрыклад, для пенсіянераў і зусім непрацаздольных людзей, ці для няпоўных сямей, якія не маюць магчымасці вярнуцца дадому і ў якіх няма магчымасці знайсці сродкі для існавання. Уцекачы, якім прызначаная дапамога, атрымаюць доступ да дапамогі ў пытаннях харчавання, гігіены і аховы здароўя.

Еўрапейская камісія забяспечвае гуманітарную дапамогу для найбольш неабароненых групаў незалежна ад этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці і незалежна ад таго, у якім рэгіёне канфлікту яны жывуць ці знайшлі прытулак. Камісія таксама дапамагае ўкраінскім уцекачам у Беларусі і Расіі праз нацыянальныя таварыствы Чырвонага Крыжа ў адпаведных краінах. Уся гуманітарная дапамога ЕС базуецца выключна на патрэбах.

 

Дадатковая інфармацыя пра гуманітарную дапамогу ЕС Украіне:

http://ec.europa.eu/echo/files/aid/countries/factsheets/ukraine_en.pdf

 

 

Кантакты для атрымання дадатковай інфармацыі:

 

Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, аддзел прэсы і інфармацыі: +375 17 3286613 і

delegation-belarus-press@eeas.europa.eu

Alexandre Polack, дакладчык Еўрапейскай камісіі, +32 (0)460 767 000 і alexandre.polack@ec.europa.eu

Daniel Puglisi, прэс-аташэ, +32 (0) 2 296 91 40 і Daniel.PUGLISI@ec.europa.eu