Супольная заява Высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні і Генеральнага сакратара РЕ Турб'ёрна Ягланда з нагоды Еўрапейскага і Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання (09/10/2015)

Брусэль, 10 кастрычніка, 2015

Сёння, у Еўрапейскі і Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, Рада Еўропы і Еўрапейскі Саюз зноў пацвярджаюць сваё непрыманне  смяротнага пакарання. Пакаранне смерцю з'яўляецца бесчалавечным і зневажальным абыходжаннем, не мае значнага даказанага эфекту стрымлівання і робіць судовыя памылкі незваротнымі і фатальнымі. 

 

У нашых краінах-сябрах на працягу васемнаццаці гадоў не ажыццяўляюцца  смяротныя пакаранні. Рада Еўропы і Еўрапейскі саюз заклікаюць усе еўрапейскія дзяржавы ратыфікаваць пратаколы да Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, накіраваныя на адмену смяротнага пакарання.

 

Рада Еўропы і Еўрапейскі саюз выказваюць шкадаванне з прычыны таго, што ў Беларусі па-ранейшаму прымяняецца смяротнае пакаранне. Яны настойліва заклікаюць улады Беларусі  змякчыць выракі асуджаным на смерць і неадкладна абвясціць афіцыйны мараторый на выкананне смяротных пакаранняў у якасці першага кроку да іх адмены.

 

Рада Еўропы і Еўрапейскі саюз з занепакоенасцю адзначаюць, што за апошні год павялічылася колькасць выкананых смяротных пакаранняў за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, у тых нямногіх краінах, якія ўжываюць смяротнае пакаранне ў дачыненні да асуджаных за такія злачынствы.  Абедзве арганізацыі асабліва ўстрывожаныя, калі насуперак міжнароднаму праву смерцю караюць непаўнагадовых. Гэта тым бліжэй сэрцу, што некалькі еўрапейскіх грамадзян былі пакараныя смерцю ў 2015 годзе, і яшчэ некалькі знаходзяцца ў камерах смяротнікаў за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі.

 

Рада Еўропы і Еўрапейскі саюз вітаюць рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН аб мараторыі на прымяненне смяротнай кары, прынятую 18 снежня 2014 года. З павелічэннем колькасці галасоў на карысць гэтай рэзалюцыі ў параўнанні з папярэднімі чатырма рэзалюцыямі падобнага роду  і з улікам таго, што амаль дзве траціны краін свету адмянілі смяротнае пакаранне ці заканадаўча, ці пакуль толькі на практыцы, ў цяперашні час існуе выразная глабальная тэндэнцыя да адмены смяротнага пакарання.