Фестываль сучаснага еўрапейскага кіно, прысвечанага Дню Еўропы, адкрываецца 11 траўня (07/05/2015)

 У панядзелак, 11 траўня, у Мінску ў кінатэатры "Победа" адкрыецца фестываль сучаснага еўрапейскага кіно, прысвечаны Дню Еўропы, які адзначаюць у Еўрапейскім саюзе 9 траўня. 

9 траўня 1950 года міністр замежных спраў Францыі Роберт Шуман прадставіў свае прапановы, вядомыя як Дэкларацыя Шумана. Гэты дакумент лічыцца пачаткам стварэння таго, што цяпер завецца Еўрапейскім саюзам. Дзень Еўропы – адзін з сімвалаў ЕС. Гэты дзень шырока адзначаецца і ў Еўрапейскім саюзе, і ў многіх краінах за яго межамі, і служыць нагодай для ўрачыстасцяў, што робяць народы і грамадзян ЕС бліжэй адзін да аднаго. Сёлетні фестываль сучаснага кіно арганізаваны Прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Беларусі і амбасадамі краін ЕС, каб адзначыць Дзень Еўропы разам з беларусамі.

З 11 па 17 траўня ў рамках кінафестываля адбудзецца дванаццаць паказаў. Сёлетняя праграма ўключае поўнаметражныя і кароткаметражныя кінастужкі.

З 11 да 26 траўня ў фае кінатэатра працуе выстава «У дарозе» Рамунаса Чапоніса (жывапіс) і Ядвігі Адамчык (фатаграфія).

Уваход на ўсе кінапаказы вольны. Гледачы могуць атрымаць квіткі ў кінатэатры за гадзіну да кожнага паказа. Фільмы дэманструюцца на мовах арыгіналу з сутцітрамі па-руску ці па-беларуску.