Да новай Еўрапейскай палітыкі суседства: Еўрапейскі саюз пачынае кансультацыі пра будучыню адносінаў з суседнімі краінамі

Брусэль, 4 сакавіка 2015 года

Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Федэрыка Магерыні і Камісар па пытаннях Еўрапейскай палітыкі суседства і перамоваў пра пашырэнне Ёханэс Хан сёння распачынаюць кансультацыі пра будучыню Eўрапейскай палітыкі суседства. Апошні перагляд адбыўся ў 2011 годзе. У сувязі са значнымі падзеямі, што мелі месца ў суседніх краінах з таго часу, неабходны фундаментальны агляд прынцыпаў, на якіх грунтуецца гэтая палітыка, а таксама сферы ахопу і парадку выкарыстання інструментаў Еўрапейскай палітыкі суседства.

"Для ЕС жыццёва важна развіваць трывалыя партнёрскія адносіны са сваімі суседзямі. Нядаўнія падзеі ў рэгіёне ўскладнілі выклікі, з якімі мы ўсе сутыкаемся, пачынаючы ад эканамічнага ціску да нелегальнай міграцыі і пагроз бяспецы. Нам патрэбная моцная палітыка, каб вырашыць гэтыя пытанні. Мы таксама павінны лепш разумець розныя памкненні, каштоўнасці і інтарэсы нашых партнёраў. Для гэтага і патрэбны перагляд, калі мы хочам мець здаровыя палітычныя адносіны з нашымі суседзямі", сказала Высокі прадстаўнік і Віцэ-прэзідэнт Федэрыка Магерыні.

"У інтарэсах ЕС забяспечваць мір, стабільнасць і росквіт на сваіх межах. Перагляд дапаможа нам працаваць больш эфектыўна для дасягнення гэтых мэтаў. Я хачу бачыць больш раўнапраўнае партнёрства і такое, што прыносіць вынікі," дадаў Камісар Ёханэс Хан.

Задача ў тым, каб да канца чэрвеня правесці кансультацыі з найбольш шырокімі коламі партнёраў у суседніх краінах, а таксама з зацікаўленымі бакамі ў рамках ЕС. Пасля кансультацый, увосень, будуць апублікаваныя прапановы па будучым кірунку Еўрапейскай палітыкі суседства.

Кансультацыі будуць сканцэнтраваныя вакол чатырох прыярытэтных тэм: дыферэнцыяцыя, канцэнтрацыя, гнуткасць, падсправаздачнасць і празрыстасць. Ужо вызначаныя пяць абласцей, у якіх абодва бакі маюць агульныя інтарэсы: гандаль і эканамічнае развіццё, узаемазвязанасць, бяспека, належнае кіраванне, міграцыя і мабільнасць.

Даведка:
Артыкул 8.1 Дагавора пра стварэнне Еўрапейскага саюза абвяшчае, што "Саюз развівае з суседнімі краінамі асаблівыя адносіны з мэтай стварэння прасторы росквіту і добрасуседства, якія заснаваныя на каштоўнасцях Саюза і характарызуюцца цеснымі і мірнымі адносінамі на падмурку супрацоўніцтва."

Еўрапейская палітыка суседства была заснаваная ў 2003 годзе для ўмацавання адносін паміж ЕС і суседнімі краінамі. Яна распраўсюджваецца на поўдні на Алжыр, Егіпет, Ізраіль, Іарданію, Ліван, Лівію, Марока, Палестыну, Сірыю і Туніс, а на ўсходзе - на Азербайджан, Арменію, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну.

Мэта Еўрапейскай палітыкі суседства, якая была перагледжаная ў 2011 годзе ў сувязі з падзеямі Арабскай вясны, - падтрымаць краіны-партнёры, якія ажыццяўляюць рэформы, накіраваныя на забеспячэнне дэмакратыі, вяршэнства права і павагі да правоў чалавека, зрабіць свой унёсак у інклюзіўнае эканамічнае развіццё  і развіваць партнёрства з грамадствамі, адначасова развіваючы адносіны з урадамі. Абноўленая Еўрапейская палітыка суседства ўмацоўвае супрацоўніцтва ў сферах палітыкі і бяспекі для падтрымкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця, стварэння росту і працоўных месцаў, спрыяння гандлю і пашырэння супрацоўніцтва ў іншых галінах.

Новы Еўрапейскі інструмент суседства (ENI) з бюджэтам у аб'ёме 15,4 млрд еўра на перыяд з 2014 г. па 2020 г. забяспечвае большую частку фінансавання, прызначанага 16 краінам-партнёрам.

Дадаткова:
Супольны дакумент для кансультацый "Да новай Еўрапейскай палітыкі суседства":
http://ec.europa.eu/neighbourhood-enlargement/consultation/consultation.pdf

Сайт кансультацый: http://ec.europa.eu/neighbourhood-enlargement/consultation/index_en.htm