ЕС і краіны-ўдзельніцы Усходняга Партнёрства абмяркоўваюць умацаванне праваахоўных інстытутаў

У чацвер 29 студзеня ў Рызе адбылася другая сумесная сустрэча міністраў юстыцыі і ўнутраных спраў краін ЕС і Усходняга Партнёрства. Міністры абмеркавалі прагрэс у судовай і праваахоўнай сферы.

На адкрыцці сустрэчы міністр юстыцыі Латвіі Дзінтарс Расначс падкрэсліў: “Як ніколі важна быць аб’яднанымі, быць упэўненымі адно ў адным і абмеркаваць узаемную падтрымку. Ва Украіне мы сутыкнуліся з крызісам бяспекі, які таксама стварае пагрозу бяспецы ЕС. Таму надзвычай важныя нашае цеснае супрацоўніцтва, шчыры дыялог і давер”.

“Мне хацелася б акцэнтаваць важнасць працягу нашага ўзаемнага супрацоўніцтва праз умацаванне інстытуцыйнага патэнцыялу праваахоўных інстытутаў у сферы абмену інфармацыяй, прафесійнай падрыхтоўкі і абмену досведам. Гэтае супрацоўніцтва павінна працягвацца ў межах двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва ў рамках Усходняга Партнёрства”, - дадаў міністр унутраных спраў Латвіі Рыхардс Казлоўскіс.

Падчас сустрэчы міністры краін Усходняга Партнёрства і партнёры з боку ЕС абмяркоўвалі супрацоўніцтва, скіраванае на ўмацаванне праваахоўнай сферы, і дзеянні ў падтрымку незалежнасці і справаздачнасці суддзяў і пракурораў. Міністры выказалі падтрымку на карысць больш цеснага супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі інстытуцыямі з мэтай усталявання эфектыўных метадаў супрацоўніцтва ў барацьбе з карупцыяй, умацавання незалежнасці суддзяў і пракурораў і забеспячэння рэформы пракуратуры. Міністры таксама абмеркавалі магчымыя далейшыя варыянты агульных дзеянняў з улікам магчымасцей існуючага двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва ў рамках Усходняга Партнёрства.

Краіна-старшыня і Еўрапейская Камісія прынялі сумесную заяву аб працягу супрацоўніцтва з краінамі Усходняга Партнёрства ў сферы юстыцыі і ўнутраных спраў.

Краіна-старшыня мае намер ацаніць вынікі гэтай дыскусіі, беручы пад увагу саміт Усходняга Партнёрства, які мае адбыцца 21 – 22 мая 2015 года ў Рызе (Латвія).

Усходняе Партнёрства – ініцыятыва ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства для супрацоўніцтва з Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.