Агляд Еўрапейскай палітыкі суседства - Беларусь (07/04/2014)

Брусель, 27 сакавіка2014г.

ЕС застаецца прыхільным палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння ў дачыненні да Беларусі, што прадугледжвае і супрацоўніцтва ў шматбаковым вымярэнні Усходняга партнёрства, і тэхнічныя дыялогі па канкрэтных тэмах, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс, а таксама падтрымку грамадзянскай супольнасці і беларускага грамадства ў цэлым.Разам з тым на фоне сур'ёзнай занепакоеннасці ЕС з-за адсутнасці прагрэсу ў сферы забеспячэння правоў чалавека ў Беларусі, Савет зацвердзіў падаўжэнне (на адзін год) абмежавальных мер у дачыненні да асоб, адказных за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека, падаўленне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, і асоб, дзейнасць якіх іншым чынам сур'ёзна пагаршае сітуацыю ў сферы дэмакратыі ці вяршэнства права ў Беларусі, і тых, хто падтрымлівае рэжым або атрымлівае выгоды ад яго. Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам уяўляе сабой форум для вольнага абмену ідэй для сучаснай Беларусі. Гэты дыялог цяпер падмацоўваецца новым двухгадовым праектам.

Палітычная сітуацыя і апошнія падзеі ў адносінах ЕС з Беларуссю

На працягу 2013 года, ЕС нязменна падкрэсліваў сваю прыхільнасць палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, у тым ліку шляхам дыялогу і ўдзелу ва Усходнім партнёрстве (УП). ЕС нагадваў, што развіццё двухбаковых адносін у рамках Усходняга партнёрства магчымае пры ўмове паляпшэння сітуацыі ў Беларусі ў сферы ажыццяўлення прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека. ЕС пацвярджаў сваю гатоўнасць дапамагаць Беларусі выконваць свае абавязацельствы ў гэтай сферы.

Агульная рэпрэсіўная палітыка ажыццяўлялася і ў 2013 годзе і праяўлялася ў запалохванні прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, дробязным пераследзе, звальненнях з працы (напрыклад, актыўных членаў незалежных прафсаюзаў), забароне некаторым грамадзянам выязжаць за мяжу, штрафаванні актывістаў або асуджэнні на зняволенне на кароткі або сярэдні тэрмін (для некаторых актывістаў некалькі разоў на працягу года).

На працягу 2013 года ЕС шмат разоў выказваў глыбокую занепакоенасць адсутнасцю павагі да правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратычных прынцыпаў. Прадстаўніцтва ЕС і краiны ЕС, кантактуючы з прадстаўнікамі беларускай адміністрацыі, пастаянна ўздымалі пытанне пра важнасць неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных, а таксама выказвалі занепакоеннасць ЕС у сувязі з выпадкамі пераследу праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці і актывістаў апазіцыі  і прыняццем новага абмежавальнага заканадаўства.

Палітычныя зняволеныя ўсё яшчэ ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах. Чацвёра палітвязняў вышлі з турмаў у 2013 годзе пасля адбыцця поўных тэрмінаў зняволення (Парфянкоў, Севярынец, Дашкевіч і Францкевіч).

У 2013 годзе былі адзначаныя і некаторыя новыя палітычна матываваныя справы (Гайдукоў, Лазар, Яроменка, Пастноў, Парфянкоў); Прадстаўніцтва ЕС і кіраўнікі місій ЕС уважліва сочаць за развіццём сітуацыі.

У траўні-чэрвені Высокі прадстаўнік ЕС зрабіла некалькі адмысловых заяў, выказываючы шкадаванне з нагоды вынясення трох новых смяротных прысудаў у Беларусі. У кастрычніку кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі прадставіла дэмарш Міністэрству замежных спраў па пытанні смяротнага пакарання. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. З трох смяротных прысудаў, вынесеных у 2013 годзе, два былі падтрыманыя Вярхоўным судом. Упершыню з 2003 года смяротны прысуд быў ануляваны Вярхоўным судом, і справа была адпраўленая на новы разгляд. Па ўзгадненні з кіраўнікамі місій ЕС у Мінску Прадстаўніцтва ЕС выступіла з заявай, вітаючы гэтае рашэнне. Аднак вынікам новага судовага разгляду стаў смяротны прысуд.

У чэрвені Высокі прадстаўнік Эштан і Камісар Фюле выступілі з заявай у падтрымку прыняцця Саветам ААН па правах чалавека Рэзалюцыі (23/15) па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У заяве яны віталі падаўжэнне мандата Спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі Харашці яшчэ на адзін год і заклікалі беларускія ўлады ў поўнай меры супрацоўнічаць з ім. Тым не менш беларускія ўлады да гэтага часу не прызнаюць мандат Харашці і не дазваляюць яму наведаць Беларусь.

У лістападзе Прадстаўніцтва ЕС на сваім сайце выказвалася наконт стратэгіі па правах чалавека ЕС, падкрэсліўшы асаблівую важнасць агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў гэтай краіне, у тым ліку становішча грамадзянскай супольнасці, дэмакратызацыі, выбараў, свабоды СМІ, свабоды выказвання, свабоды аб'яднанняў і сходаў, а таксама праблемы існавання смяротнага пакарання і палітычных зняволеных і прымянення катаванняў. Абарона правоў ЛГБТ з'яўляецца адной з такіх сфер таксама; сітуацыя са свабодай веравызнання і рэлігіі таксама знаходзіцца ў сферы ўвагі ЕС.

У верасні Еўрапейскі парламент зацвердзіў рэкамендацыі па палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі. Тэкст рэкамендацый быў заснаваны на справаздачы пра сітуацыю ў   Беларусі, падрыхтаванай сябрам Еўрапейскага парламента Палецкісам пасля візіту ў Мінск у траўні.

Пасля штогадовага перагляду ў кастрычніку Савет падоўжыў абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Беларусі (да 31 кастрычніка 2014 г.). Адначасова з штогадовым пераглядам быў абноўлены спіс асобаў, якім забаронены ўезд у ЕС і чые актывы ў ЕС падлягаюць замарожванню. Санкцыі ЕС па-ранейшаму дзейнічаюць у дачыненні да 232 асобаў і 25 арганізацый, таму што не ўсе палітычныя зняволеныя былі вызваленыя, ніводны з выпушчаных зняволеных не быў рэабілітаваны, а сітуацыя ў сферы забеспячэння правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратычных прынцыпаў не палепшылася.

Мясцовыя выбары адбыліся 23 сакавіка 2014 г. У лістападзе 2013 года рэжым распачаў далейшыя крокі (а менавіта ўнясенне змяненняў у выбарчы кодэкс у атмасферы сакрэтнасці), каб абмежаваць дэмакратычную прастору і шанцы палітычнай апазіцыі, такім чынам умацовываючы атмасферу кантролю і ціску на тых, хто выказвае альтэрнатыўныя палітычныя погляды. Падчас апошняга візіту БДІПЧ АБСЕ ў Мінск у кастрычніку было заяўлена, што практычна ніводная з рэкамендацый, зробленых пасля парламенцкіх выбараў у 2012 годзе, не была прынятая да выканання.

У чэрвені 2011 года Камісія прапанавала Беларусі пачаць перамовы аб заключэнні пагадненняў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі на карысць грамадства ў цэлым. У лістападзе на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні міністр замежных спраў Макей адзначыў, што Беларусь пагаджаецца прыступіць да перамоваў аб заключэнні пагадненняў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, і ЕС вітаў гэты крок; перамовы пачаліся ў студзені 2014 года. Тым часам краіны ЕС ў аднабаковым парадку па-ранейшаму намагаліся забяспечыць аптымальнае выкарыстанне існуючай свабоды дзеянняў у рамках Візавага кодэксу, у прыватнасці, выдаваць візы бясплатна або змяншаць візавы збор для асобных катэгорый беларускіх грамадзян або ў асобных выпадках.

У супрацоўніцтве Беларусі з міжнароднай супольнасцю назіраецца станоўчая тэндэнцыя па некаторых канкрэтных пытаннях, а менавіта па пытаннях смяротнага пакарання і вышэйшай адукацыі. У першай палове 2013 года ў Мінску гэтым пытанням былі прысвечаныя два семінары. На іх сабраліся ўрадавыя чыноўнікі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый (ЕС, краiны ЕС, Савет Еўропы) і грамадзянскай супольнасці. Яны дазволілі правесці адкрыты і глыбокі абмен поглядамі і трошкі пашырылі поле магчымасцяў для зацікаўленых суб'ектаў. Беларусь таксама імкнецца далучыцца да некалькіх канвенцый Савета Еўропы.

Супрацоўніцтва з ЕС

Дапамога Еўрапейскага Саюза Беларусі застаецца абмежаванай па маштабе і скіраванай прама і ўскосна на падтрымку патрэбаў грамадства і дэмакратызацыю.

Улічваючы складаную палітычную сітуацыю ў краіне, двухбаковыя асігнаванні, якія фінансуюцца ў рамках Еўрапейскага інструмента суседства і партнёрства, накіроўваліся на падтрымку супрацоўніцтва ў галінах, дзе есць узаемная зацікаўленасць, і на тыя сферы, якія маюць непасрэдны станоўчы ўплыў на грамадзян (кіраванне межамі, рэгіянальнае развіццё, ахова навакольнага асяроддзя, эфектыўнае выкарыстанне энергіі, зялёная эканоміка, бяспека харчовых прадуктаў і г.д.), акцэнт робіцца на ўдзеле грамадзянскай супольнасці і ў той жа час на падтрыманні кантактаў на тэхнічным узроўні з беларускімі ўладамі, у прыватнасці, на мясцовым узроўні.

Гэтыя двухбаковыя праекты аказваюць ўплыў на грамадства ў цэлым, якому на карысць паляпшэнне сітуацыі ў такіх асноўных галінах, як ахова навакольнага асяроддзя, энергаэфектыўнасць, харчовая бяспека, і г.д. Напрыклад, у рамках Праграмы энергаэфектыўнасці ( 5 000 000 еўра) ЕС фінансуе невялікія пілотныя праекты ў школах – усталяванне новых сістэм ацяплення, асвятлення і вентыляцыі. Гэта павышае якасць жыцця дзяцей і прыводзіць да значнай эканоміі бюджэтных сродкаў. Іншым прыкладам з'яўляецца Праграма ЕС "Ахова навакольнага асяроддзя" (5 000 000 еўра), якая накіравана на захаванне біяразнастайнасці (у тым ліку праз развіццё эка-турызму), удасканаленне сістэм кіравання воднай гаспадаркай і адкідамі. Супрацоўніцтва вядзецца наўпрост з мясцовымі органамі ўлады і камунальнымі прадпрыемствамі, якія прадаўстаўляюць грамадству гэтыя неабходныя паслугі. Такія праграмы шырока вядомыя ў краіне і вельмі моцна залежаць ад супрацы на ўзроўні раёнаў і гарадоў, што дапамагае данесці пазіцыю ЕС да рэгіёнаў.

Сумарна ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва для Беларусі выдзелена 28,5 млн. еўра на перыяд 2012-2013 гг. Беларусь таксама ўдзельнічае ў шэрагу рэгіянальных праектаў, галоўным чынам у галіне аховы навакольнага асяроддзя, адукацыі і трансгранічнага супрацоўніцтва.

Двухбаковыя праграмы дапамогі  Беларусі дапаўняюцца тэматычнымі і рэгіянальнымі праграмамі ў наступных абласцях (таксама ў падтрымку патрэб грамадства): адукацыя (Темпус, Эразмус Мундус), утылізацыі супрацьпяхотных мін, кіраванне адкідамі, якасць паветра, ядзерная бяспека (Чарнобыль) і TAIEX. Акрамя таго, былі выдзеленыя спецыяльныя дадатковыя фінансавыя сродкі на падтрымку грамадзянскай супольнасці.

Галіновыя дыялогі па пытаннях эканомікі, энергетыкі, навакольнага асяроддзя і мытні знаходзяцца на розных стадыях.

ЕС застаецца прыхільным палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння ў дачыненні да Беларусі. Гэта ўключае ў сябе палітычную падтрымку грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, праваабарончых арганізацый, а таксама палітычных зняволеных і іх сваякоў. Падобным чынам, нягледзячы на велізарныя цяжкасці, ЕС стараецца больш распаўсюдзіць інфармацыю пра свае праграмы і праекты супрацоўніцтва. Публічная дыпламатыя ЕС таксама развіваецца, ЕС і яго прадстаўніцтвы ў Мінску больш выступаюць у сродках масавай інфармацыі, удзельнічаюць у канферэнцыях, лекцыях, праектах, такіх як фестываль еўрапейскага кіно, кінафестываль у падтрымку правоў чалавека, дзе акцэнт робіцца на каштоўнасці ЕС і крытычнае ўзаемадзеянне.

Шматбаковы фармат Усходняга партнёрства шырока выкарыстоўваецца для ўключэння Беларусі ў больш цеснае супрацоўніцтва з ЕС. Беларусь актыўна ўдзельнічала ў сустрэчах міністраў і неафіцыйных сустрэчах УП, а таксама ў чатырох тэматычных платформах разам з іншымі пяццю краінамі Усходняга партнёрства, што спрыяла абмену інфармацыяй, перадавым досведам і практыкай паміж 6 краінамі, а таксама з краiнамi ЕС.

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі некалькіх рэгіянальных ініцыятыў у рамках платформаў, у тым ліку ў ініцыятыве "Інтэграванае кіраванне межамі" (IBM). Памежныя службы краіны зараз распрацоўваюць інтэграваную стратэгію кіравання межамі пры падтрымцы праекта дапамогі ЕС з улікам стандартаў ЕС. Дзяржаўны памежны камітэт і Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі таксама рэгулярна ўдзельнічаюць у нарадах груп экспертаў флагманскай ініцыятывы IBM, што адбываюцца два разы на год пад старшынствам Еўрапейскай службы знешняга дзеянння.

Акрамя таго, Беларусь прымала ўдзел у большасці сустрэч і мерапрыемстваў у рамках Усходняга партнёрства (сустрэчы міністраў замежных спраў у Бруселі ў ліпені 2013 года, першае пасяджэнне міністраў юстыцыі і ўнутраных спраў у Люксембургу ў кастрычніку 2013 года, сустрэча міністраў транспарту ў Люксембургу ў кастрычніку, канферэнцыя міністраў культуры ў Тбілісі ў чэрвені, неафіцыйны дыялог УП па адукацыі ў Тбілісі ў лютым і ў верасні ў Ерэване).

Беларускі міністр замежных спраў прыняў удзел у Саміце Усходняга партнёрства ў Вільні 28-29 лістапада, а міністр эканомікі – у бізнес-форуме, арганізаваным "на палях" саміта.

Грамадзянская супольнасць: роля і падтрымка ЕС

З 2011 года, ЕС умацаваў сваё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю і грамадствам у цэлым.

У лістападзе 2009 года была створана Нацыянальная платформа Беларусі Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Больш за 60 арганізацый грамадзянскай супольнасці зараз уваходзяць у Нацыянальную платформу Беларусі, якая таксама задзейнічаная ў дыялогу па мадэрнізацыі.

У снежні 2012 года Еўрапейская камісія пачала рэалізацыю праекта, накіраванага на нацыянальныя платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Агульная мэта праекта заключаецца ва ўмацаванні і прасоўванні ролі арганізацый грамадзянскай супольнасці ў правядзенні рэформаў і дэмакратычных змен у краінах-партнёрах УП шляхам больш актыўнага ўдзелу і маніторынгу выканання задач Усходняга партнёрства.

Падтрымка грамадзянскай супольнасці значна павялічылася з пачатку 2011 года, дасягнуўшы 19 млн. еўра на працягу 2011-2013 гг (з якіх 7,9 млн. еўра ў 2013 годзе). Гэтая падтрымка ўключае ў сябе, у прыватнасці, праекты, накіраваныя на забеспячэнне свабоды думкі, сумлення і рэлігіі ў Беларусі, паляпшэнне абароны правоў жанчын і дзяцей, падтрымку ініцыятыў розных груп грамадзянскай супольнасці, павышэнне патэнцыялу арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, сацыяльнай інтэграцыі і пашырэння правоў і магчымасцяў сацыяльна неабароненых людзей, інтэграцыі былых зняволеных у грамадства. Дадатковыя сродкі былі прадастаўленыя праз стыпендыі, курсы па вывучэнні моў і аказанне падтрымкі Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту.

У дадатак да фінансавай падтрымкі Еўрапейская камісія распачала ініцыятыву «Дом узаемаразумення», якую ажыццяўляе грамадская арганізацыя “Офіс за дэмакратычную Беларусь”, для наладжвання сувязў, узаемадзеяння і распаўсюду перадавога досведу з грамадзянскай супольнасцю. У рамках праекта ў Бруселі прайшлі чатыры сустрэчы з мэтай наладжвання сувязяў паміж кіраўнікамі праектаў. Таксама ў Беларусі былі праведзеныя маштабныя рэгіянальныя трэнінгі па працэдуры падачы заявак на гранты ЕС, а таксама індывідуальныя кансультацыі для малых грамадскіх арганізацый з абмежаванымі магчымасцямі.

На працягу 2013 г. ЕС ўмацаваў свой прадуктыўны дыялог з грамадзянскай супольнасцю. Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі (DoM) з беларускім грамадствам, распачаты камісарам Фюле ў 2012 годзе, працягнуў сваю дзейнасць у 2013 годзе. DoM уяўляе сабой абмен думкамі і ідэямі паміж прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама ЕС і яго краiн. Абмеркаванні тычацца магчымых рэформ для мадэрнізацыі Беларусі, напрыклад, у сферы юстыцыі і эканомікі, а таксама адпаведнага патэнцыйнага развіцця адносінаў з ЕС і магчымай падтрымкі з боку ЕС у гэтай сферы. Парадак дня фармулюецца прадстаўнікамі беларускага грамадства з улікам патрэб беларускіх грамадзян.

У рамках Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі, беларускія ўдзельнікі выказалі пажаданне, каб беларускія ўлады ўдзельнічалі ў дыскусіях і мерапрыемствах Дыялогу, што зрабіла бы каштоўны і канструктыўны ўнёсак у нармалізацыю адносін паміж ЕС і Беларуссю, а таксама дазволіла бы вызначыць курс рэформ і мадэрнізацыі ў інтарэсах беларускага народа. ЕС таксама прытрымліваецца такой думкі. Менавіта з гэтай нагоды ў 2013 годзе былі праведзены кансультацыі паміж Еўрапейскай службай знейшняга дзеяння і Міністэрствам замежных спраў Беларусі, каб пачаць прамежкавы этап, на працягу якога можна было б знайсці магчымасці для спрыяння дыялогу. Паралельна з гэтым ЕС падтрымлівае ход цяперашняга дыялогу па мадэрнізацыі праз 2-гадовы праект з бюджэтам 0,5 млн. еўра.

Эканамічныя пытанні

Пасля значнага макраэканамічнага ўрэгулявання, дасягнутага на працягу 2011 года і першай паловы 2012 года, макраэканамічныя паказчыкі Беларусі значна пагоршылася. Рост ВУП запаволіўся да ўсяго 0,9% у 2013 годзе (у параўнанні з 1,5% у 2012 годзе) у выніку слабога знешняга попыту і зніжэння канкурэнтаздольнасці, што было абумоўлена хуткім ростам заработнай платы. Акрамя таго, гандлёвыя спрэчкі з Расіяй негатыўна паўплывалі на экспарт хімічных і калійных угнаенняў, што з’яўляецца важнай крыніцай валютных паступленняў для краіны. Гэтыя фактары разам з жорсткай грашова-крэдытнай палітыкай, неабходнай для ўтрымання інфляцыі на шляху зніжэння, прывялі да далейшага аслаблення эканамічнай актыўнасці.

У 2013 годзе інфляцыя працягвала тэндэнцыю да зніжэння і дасягнула 18,3% у канцы года. Тым не менш, інфляцыйныя ўплывы ўсё яшчэ захоўваюцца. Яны ўзнікаюць у асноўным з-за супярэчлівый эканамічнай палітыкі, у прыватнасці, з-за стымуляцыі росту заработнай платы і крэдытавання. Гэта прымусіла Нацыяльны банк прыняць больш абмежавальную манетарную палітыку і прыпыніць палітыку зніжэння стаўкі рэфінансавання з сярэдзіны года.

Пасля значнага паляпшэння бягучага рахунку (ад дэфіцыту ў 13,8% у 2010 годзе да прафіцыту ў першай палове 2012 года) наступіла значнае пагаршэнне, у выніку чаго дэфіцыт вярнуўся да ўзроўню крызіснага 2011 г. Ціск на бягучы рахунак працягваўся ў 2013 годзе, вынікам чаго стаў дэфіцыт у памеры 4,6% ад ВУП у першай палове 2013 года.

У дадатак да хуткага росту дэфіцыту рахунку, валавыя запатрабаванні ў знешнім фінансаванні суправаджаліся пікам выплат па вонкавых запазычаннях у перыяд 2013-2015 гадоў. Гэта істотна ўплывала плацёжны баланс і прыйшлося на час абмежаваных магчымасцяў вонкавага фінансавання – няздольнасць уладаў дамовіцца аб новай праграме МВФ і неспрыяльныя  ўмовы на знешніх рынках капіталу. Знешні доўг склаў 54% ад ВУП у чэрвені 2013 года, пры гэтым амаль 40% склалі кароткатэрміновыя абавязацельствы. Улады разлічваюць на ўнутраныя запазычанні з банкаўскага сектара, які выцясняе прыватнае фінансаванне. Улады таксама прадугледжвалі значныя паступленні ад прыватызацыі ў 2014 годзе, да чаго трэба ставіцца з асцярожнасцю – ранейшыя фактычныя паступленні ад прыватызацыі часта былі значна ніжэй мэтавых узроўняў.

Стан бюджэту заставаўся стабільным, нягледзячы на цяжкасці з паступленнямі, выкліканымі больш павольным, чым чакалася, эканамічным ростам і рэзкім скарачэннем экспарту. Улады часткова кампенсавалі недахоп паступленняў праз аптымізацыю выдаткаў, і чакалася, што дэфіцыт дасягне 0,8% ВУП у 2013 годзе. Дзяржаўны доўг знаходзіцца на адносна ўмераным узроўні (ніжэй за 40% ВУП), але валютная структура і тэрміны пагашэння з'яўляюцца неспрыяльнымі, што робіць краіну ўразлівай да магчымых перабояў у экспартных даходах і даўгавых крыніцах рэфінансавання.

Прагрэс структурных рэформ у 2013 быў вельмі абмежаваны. Прыватызацыя была прыпынена нягледзячы, на абавязацельствы па крэдыце Антыкрызіснага фонду Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Неабходная рэструктурызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў праходзіла ў нездавальняючым тэмпе. Сярод станоўчых змен можна назваць пэўны прагрэс у лібералізацыі коштаў. Улады таксама ўзмацнілі свае намаганні па далучэнні да СГА, што часткова выклікана нядаўнім уступленнем Расіі ў гэтую арганізацыю.

ЕС падтрымлівае рэгулярны макраэканамічны дыялог на тэхнічным узроўні з Беларуссю з 2011 года. Дыялог дазволіў правесці адкрытыя абмеркаванні найважнейшых пытанняў макраэканамічнай палітыкі і праблем структурнага рэфармавання. На трэцім пасяджэнні эканамічнага дыялогу ў кастрычніку 2013 года ЕС падкрэсліў неабходнасць мер па макраэканамічнай карэкціроўцы, каб падтрымаць канкурэнтаздольнасць і прадухіліць новае пагаршэнне плацёжнага балансу. У прыватнасці, рост заработнай платы і прамое крэдытаванне павінны быць цалкам спыненыя. Таксама ЕС заклікаў улады да больш смелых структурных рэформ для  стварэння паўнавартаснай рынкавай эканомікі. Было адзначана, што нягледзячы на тое, што нядаўна абвешчаны план сумесных дзеянняў (план, прыняты ўрадам і нацыянальным банкам, абвешчаны ў кастрычніку пры падтрымцы адміністрацыі прэзідэнта) утрымлівае шэраг станоўчых элементаў, гэта ў асноўным ізаляваныя меры, якія не ўтвараюць стратэгічнага бачання структурных рэформ. План проста спрабуе падкарэктаваць цяперашнюю эканамічную сістэму, каб зрабіць яе больш эфектыўнай і дынамічнай, а не перайсці мадэль рынкавай эканомікі. Гэта ж было падкрэслена і на пасяджэнні групы па структурных рэформах пад кіраўніцтвам Сусветнага банка як з боку ЕС, так і з боку міжнародных фінансавых інстытутаў, у прыватнасці, МВФ, у паведамленні якога было сказана, што План сумесных дзеянняў не прадстаўляе сабой дастатковай асновы, на якой можна пабудаваць праграму для ажыццяўлення пры падтрымцы МВФ.

Пытанні, звязаныя з гандлем

ЕС па-ранейшаму з'яўляецца другім па велічыні гандлёвым партнёрам Беларусі, і доля гандлю з ЕС складае амаль 30% у агульным аб'ёме гандлю краіны. Расія з'яўляецца самым важным гандлёвым партнёрам і займае амаль палову аб'ёму міжнароднага гандлю Беларусі.

Сусветны эканамічны крызіс 2008-2009 гг. аказаў уплыў і на аб'ём гандлю Беларусі, але на працягу апошніх гадоў можна было заўважыць тэндэнцыю да росту. У 2012 годзе аб'ём двухбаковага гандлю павялічыўся на 7,5% у параўнанні з 2011 г. і склаў 12 430 млрд. еўра.

Беларускі экспарт у ЕС – гэта пераважна мінеральнае паліва. Іншыя катэгорыі прадукцыі - хімічныя рэчывы, сельскагаспадарчая прадукцыя, машыны і тэкстыль - утвараюць значна меншую долю. ЕС экспартуе ў Беларусь у асноўным прамысловае і транспартнае абсталяванне і хімікаты.

Акрамя палітычных умоў, уступленне ў СГА з'яўляецца неабходнай умовай для любога паляпшэння гандлёвых адносінаў паміж ЕС і Беларуссю. Беларусь падала заяўку на ўступленне ў СГА ў 1993 годзе, але прагрэс у перамовах аб уступленні абмежаваны, і палітычная воля падаецца недастатковай. Апошняя нарада працоўнай групы адбылася ў траўні 2005 года. Неафіцыйныя кансультацыі прайшлі ў траўні 2013 года. Наступнае пасяджэнне  працоўнай групы можа быць запланавана пасля таго, як ад Мінска будуць атрыманыя ўсе адпаведныя тэхнічныя дадзеныя.

Зараз Беларусь інтэгруецца ў Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам і стварае Адзіную эканамічную прастору з гэтымі партнёрамі.

У 2013 годзе Беларусь заставалася адхіленай ад льготнага гандлёвага рэжыму Генеральнай сістэмы прэферэнцый ЕС (GSP). Пастанова Савета 1933/2006 ад 21 снежня 2006 года, што часова адхіліла Рэспубліку Беларусь ад доступу да GSP увайшла ў сілу 21 чэрвеня 2007 года.  Гэтая пастанова была прынятая краiнамi ЕС на падставе сур'ёзных і сістэматычных парушэнняў асноўных стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы ў Беларусі. Паводле класіфікацыі Сусветнага банка, Беларусь з'яўляецца краінай з даходамі вышэй за сярэдні, такім чынам, яна не можа карыстацца прэферэнцыямі ў рамках GSP па стане на 1 студзеня 2014 года.

ЕС увёў рэжым знешняй працоўкі ў гандлі з Беларуссю. Гэты рэжым прадугледжвае дадатковыя квоты на імпарт для вытворцаў тэкстылю і адзення ў Еўрапейскім саюзе, каб яны маглі вырабляць адзенне ў Беларусі і вяртаць прадукцыю ў ЕС пасля апрацоўкі.

ЕСБЕЛАРУСЬКАНТЭКСТ

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

1995: Падпісанне пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве (ратыфікаванае краiнамі- ЕС, прыпыненае з 1997 года).

1999-2000: Знікненні некалькіх вядомых дзеячоў апазіцыі ў Беларусі.

2006: Еўрапейская камісія прадставіла неафіцыйны дакумент “Што Еўрапейскі саюз можа даць Беларусі”.

Красавік 2006: Савет пастанавіў прыняць абмежавальныя меры ў дачыненні да прэзідэнта Лукашэнкі і чыноўнікаў, асабіста адказных за парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў.

Кастрычнік 2008: Савет прыняў рашэнне прыпыніць абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі для заахвочвання дыялогу і прыняцця станоўчых захадаў па ўмацаванні дэмакратыі і забеспячэння правоў чалавека.

Лістапад 2009: Савет вітаў павышэнне ўзроўню палітычнага дыялогу ЕС-Беларусь, пачатак дыялогу паміж ЕС і Беларуссю па правах чалавека, актывізацыю тэхнічнага супрацоўніцтва і актыўны ўдзел Беларусі ў шматбаковым фармаце Усходняга партнёрства як крокаў да паразумення і стварэння магчымасцяў для вырашэння пытанняў, што выклікаюць заклапочанасць.

Студзень 2011: На фоне парушэнняў выбарчых стандартаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года і наступнага прыцяснення грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, Савет аднавіў абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Беларусі. Яны былі дадаткова ўмацаваныя на працягу 2011 года (была таксама ўведзена забарона на экспарт зброі ў Беларусь), потым і падчас 2012 года. Далейшыя высновы Савета былі прынятыя ў чэрвені 2011 года і сакавіку 2012 года. У кастрычніку 2013 года Савет падоўжыў абмежавальныя меры ЕС да 31 кастрычніка 2014 года. Спіс асоб, якім забаронены паездкі ў ЕС і актывы якіх у ЕС падлягаюць замарожванню, рэгулярна пераглядаецца і налічвае ў цяперашні час 232 імёнаў і 25 кампаній.

Чэрвень 2011: Камісія прапанавала Беларусі пачаць перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. У студзені 2014 года Беларусь адказала на прапанову станоўча.

Сакавік 2012: Пачатак Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі (DoM) з беларускім грамадствам.

Студзень 2014: Пачатак перамоваў паміж ЕС і Беларуссю па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Больш падрабязная інфармацыя па спасылках:

http://eeas.europa.eu/enp/index_en.htm

http://eeas.europa.eu/eastern/index_en.htm

http://eeas.europa.eu/belarus/index_en.htm

http://eeas.europa.eu/delegations/belarus/index_en.htm